Як утварылася Рэч Паспалітая?

24.07.2014 Гісторыя

Магу паспрачацца: калі б раман Эрнеста Ялугіна “Перад патопам” быў выдадзены ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, яго б чакалі шматтысячныя наклады, перавыданні, дзясяткі захопленых рэцэнзій і водгукаў. А ў наш час маем сімвалічныя 99 асобнікаў, тэкст у аўтарскай рэдакцыі, празмерную хуткасць Віктара Хурсіка ў выдавецкай справе (арфаграфічныя памылкі сустракаюцца на першай старонцы, а колькасць “заліпанняў” паміж словамі перавышае ўсе межы) і мінімальны розгалас сярод чытачоў. Няўжо час усеагульнай зацікаўленасці ў беларускай гістарычнай літаратуры незваротна мінуў, а запатрабаванасць твораў Людмілы Рублеўскай – хутчэй выключэнне?

Калі разглядаць такі аспект, як вернасць традыцыі, магу запэўніць чытачоў: раман Ялугіна напісаны ў агульным рэчышчы айчыннай гістарычнай літаратуры. Сюжэт твора ахоплівае працяглы перыяд: канец 1550-х гадоў (да пачатку Лівонскай вайны) – 1572 год (смерць вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста). У сваім творы Эрнест Ялугін адлюстроўвае крызіс, у які паступова паглыбляецца ВКЛ. Ён выкліканы слабасцю каралеўскай улады, ганарлівасцю шляхты і агульнай раз’яднанасцю грамадства (у тым ліку рэлігійнай). Мікалай Радзівіл Чорны бачыць выйсце ў пераходзе да кальвінізму. Гэта б ліквідавала залежнасць ад каталіцкай царквы і ўзмацніла ўладу Жыгімонта. А сам вялікі князь прапануе аб’яднацца з Польшчай у адзіную дзяржаву.

Сярод дзейных асобаў вылучаюцца постаці, якія існавалі ў рэальнасці (Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Філона Кміта-Чарнабыльскі, браты Мамонічы, Васіль Цяпінскі – прычым некаторыя з іх уведзеныя ў дзеянне выключна з асветніцкімі мэтамі). А таксама тыя, якія прыдуманыя аўтарам (ротмістр Курч, бортнік Зых, Міколка, прыёмны сын бортніка). Менавіта Зых разам Жыгімонтам Аўгустам прэтэндуюць на статус галоўных герояў рамана. Але іх сюжэтныя лініі перакрыжоўваюцца толькі аднойчы: Зыха, якога лічаць ведзьмаком, прыводзяць да вялікага князя, каб вылечыць апошняга (існуе небяспека, што дынастыя Ягелонаў перарвецца). Таму дзяржаўная і прыватная лініі ў рамане развіваюцца дастаткова адасоблена і не надта ўплываюць адна на адну (хоць ёсць і ўдалыя фрагменты – напрыклад, сцэна, калі Зых забівае маскоўскага ваяводу Шуйскага). Гэта перашкаджае твору, вялікаму па памеры (яго аб’ём – 448 старонак), прэтэндаваць на статус рамана-эпапеі. Але тады ўзнікае пытанне: ці варта пісаць настолькі падрабязна?

Арыгінальным падаецца рашэнне Ялугіна ўвесці ў агульнае дзеянне чароўнае люстэрка ведзьмака Твардоўскага. Нагадаю, згодна з легендамі, Жыгімонт Аўгуст змог убачыць праз яго памерлую Барбару Радзівіл. У рамане вялікі князь літоўскі бачыць праз яго будучыню: падзеі “патопу” (вызваленчай барацьбы ўкраінцаў на чале з Багданам Хмяльніцкім), а таксама другі падзел Рэчы Паспалітай. Так ён даведваецца, які лёс чакае агульную федэратыўную дзяржаву, утвораную і яго намаганнямі. Гэтак Ялугін стварае перазовы з раманамі Генрыха Сянкевіча (“Агнём і мячом”) і Уладзіслава Рэйманта (“Апошні сейм Рэчы Паспалітай”). Бясспрэчна, ход арыгінальны. Але напоўніцу ён не выкарыстаны, бо не праходзіць праз увесь твор (сустракаецца ўсяго некалькі разоў) і не абыгрываецца ў дзеянні.

Нягледзячы на дамінаванне ў рамане дзяржаўнай лініі, асоба Жыгімонта Аўгуста не выходзіць на першы план (хоць вобраз манарха, які не рэалізаваў свой дзяржаўны патэнцыял і не змог рэфармаваць краіну, – аўтарская ўдача). Галоўны герой для Ялугіна – не бортнік, не вялікі князь, а сама гісторыя.

Тут пісьменнік папрацаваў надзвычай добрасумленна. У канцы кнігі даецца “Бібліяграфія”, якая мае падзагаловак: “З прачытанага аўтарам па тэме”. Яна налічвае 83 пункты. Таму гістарычных памылак і нават дробных недакладнасцяў, якія кідаюцца ў вочы, не назіраецца. Выключэнне толькі адно: Ялугін піша пра караля Генрыха ІV, які танчыць на сваім вяселлі з Маргарытай Нарварскай. А ў рэальнасці прынц атрымаў каралеўскі тытул і дадатак “Чацвёрты” толькі праз гады.

Але ў кнізе Ялугіна прысутнічае пэўная крайнасць: апісанні гістарычных падзей (напрыклад, прамовы на шматлікіх сеймах, на якіх абмяркоўваліся пытанні будучай уніі з Польшчай), падрабязна разгледжаныя ў навуковых кнігах, плаўна перайшлі ў мастацкі тэкст. Такая рыса была ўласцівая гістарычным аповесцям і раманам, якія ствараліся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. Чытачы толькі адкрывалі для сябе мінулае Беларусі і прагна шукалі любыя звесткі.

Ды толькі час змяніўся. Для падлеткаў і моладзі існуюць падручнікі, школьныя і ВНУ. Для навукоўцаў – “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” і безліч артыкулаў у часопісах і зборніках канферэнцый. Для масавай аўдыторыі – шматлікія публікацыі ў інтэрнэце (у тым ліку дзве беларускія Вікіпедыі).

Сучаснаму чытачу цікавы розны погляд на гісторыю: гумарыстычны, іранічны, прыгодніцкі, ігравы (напрыклад, падарожжа ў форме квэсту), фантастычны (напрыклад, у фармаце “альтэрнатыўнай гісторыі”). Іначай кажучы, чытачам трэба не гісторыя, а аўтарскі погляд на яе, не выкладанне падзей, а іх інтэрпрэтацыя, не абсалютызацыя гісторыі, а ігра з ёй.

Прывяду толькі адзін прыклад: за некалькі гадоў да Люблінскай уніі ў іншы свет адышоў Мікалай Радзівіл Чорны, рашучы праціўнік аб’яднання з Польшчай. Хадзілі чуткі, што яго атруцілі, але доказаў не было. Белетрыст закруціў бы сюжэт так, што Чорнага атруціў галоўны адмоўны герой. А станоўчы герой імкнуўся яму перашкодзіць. Фантаст адправіў бы нашых сучаснікаў у мінулае, каб выратаваць Радзівіла і перашкодзіць уніі. Эрнест Ялугін можа толькі здагадвацца пра абставіны смерці ліцвінскага магната. Таму робіць няпэўныя намёкі, і больш не вяртаецца да гэтай акалічнасці.

Для сучасных чытачоў галоўнае, каб гістарычны твор не быў празмерна сур’ёзным. А “Перад патопам” – раман надзвычай сур’ёзны, патрыятычны, арыентаваны на чытача, які застаўся ў сістэме каштоўнасцяў канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. У гэтым моц твора, у гэтым яго і слабасць. Сумленны і прафесійна напісаны раман Ялугіна знойдзе сваіх чытачоў. Але згадзіцеся, ён заслугоўвае нашмат лепшага лёсу, чым мы назіраем цяпер.

Дзяніс Марціновіч