10 снежня беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымае Нобелеўскую прэмію па літаратуры “за ейную поліфанічную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час”. Мы заглыбіліся ў архіў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, каб даведацца пра пачатак творчай дарогі будучай набеліяткі. І знайшлі нямала цікавага.
Асабовая справа сябры Саюза пісьменнікаў БССР і СССР Алексіевіч Святланы Аляксандраўны налічвае некалькі дзясяткаў дакументаў. Сярод іх – звычныя і сухія анкетныя дадзеныя, фотаздымкі для пасведчанняў, а таксама цэлы шэраг пастановаў і прадстаўленняў на паездкі пісьменніцы за мяжу. Афганістан, Вьетнам, ГДР, Балгарыя, Грэцыя, Польшча, Румынія, Італія – усе гэтыя падарожжы сталіся рэальнымі дзякуючы нязменнай падтрымцы сакратарыяту СП у выглядзе рэкамендацый і станоўчых характарыстык аўтаркі, якія перасылаліся кантрольным і кампетэнтным органам як просьба дазволіць выезд.
Дакументы ў справе згрупаваныя крыху непаслядоўна. Найбольшую цікавасць для даследчыкаў біяграфіі Алексіевіч складуць, бадай, не шматлікія (і напісаныя пад капірку) характарыстыкі для замежных паездак 1980-х гадоў і не анкетныя дадзеныя з іх, а найбольш раннія тэксты, звязаныя з уступленнем Святланы Аляксандраўны ў пісьменніцкую арганізацыю ў 1983 годзе. Але перад тым, як гаварыць пра няпросты шлях Алексіевіч да атрымання пісьменніцкага пасведчання, варта прыгадаць некалькі радкоў ейнай працоўнай біяграфіі, якія папярэднічалі ўваходжанню ў СП БССР.
Першым месцам працы Святланы Алексіевіч была сярэдняя школа-інтэрнат і сямігадовая школа ў Балажэвічах Мазырскага раёну, дзе будучая пісьменніца пачала працаваць адпаведна выхавацелькай і настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы адразу пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў 1965 годзе. Праз год 18-гадовую Алексіевіч бяруць літсупрацоўнікам у нараўлянскую раёнку “Прыпяцкая праўда”: на журфак БДУ яна паступала, маючы ўжо, хоць невялікі, але стаж працы карэспандэнтам. Пасля заканчэння журфаку ў 1972 годзе Алексіевіч накіроўваецца ў раённую газету “Маяк камунізму”, ужо на заходні бок Палесся – у горад Бяроза. А праз год працы загадчыкам аддзела пісьмаў яе запрашаюць у рэспубліканскую “Сельскую газету”, дзе яна чатыры гады працуе ў тым жа, традыцыйным для савецкай рэдакцыйнай сістэмы і нязвыклым для цяперашняй беларускай, аддзеле пісьмаў – праўда, не загадчыкам, а літсупрацоўнікам. Журналісцкая кар’ера Алексіевіч у афіцыйных выданнях выйшла на новы ўзровень у 1976 годзе, калі яе запрасілі ў тоўсты літаратурны часопіс “Нёман” у аддзел нарысу і публіцыстыкі. З пасады загадчыка гэтага аддзелу яна і перайшла на творчую працу ў 1984-м і больш да рэдакцыйнай цякучкі не вярталася.
Першай публікацыяй у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” пазначаны артыкул у мінскай “Сельскай газеце” ад 25 лістапада 1970-га. Аднак асабовая справа з архіва ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” захоўвае бібліяграфічную даведку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што дэбютам Святланы Алексіевіч быў верш у Петрыкаўскай раённай газеце “За новыя рубяжы”, надрукаваны 5 снежня 1966 года, калі пісьменніцы было 18 гадоў. Слоўнік абсалютна не адлюстроўвае публікацый Алексіевіч у раённым друку – ні ва ўсходнепалескім (нараўлянскім), ні ў заходнепалескім (бярозаўскім) – але падае інфармацыю пра яе артыкулы ў цэнтральных газетах. Такім чынам, з 1970 году, г.зн. за два гады да заканчэння ўніверсітэта, Святлана Алексіевіч пачынае публікаваць свае нарысы, якія стануць ейным асноўным жанрам на бліжэйшыя 10 гадоў.
Разам з тым, яна нямала часу аддае літаратурнай крытыцы: у 1971-1976 гг. на старонках “Сельскай газеты” і “Знамя юности” Святлана Алексіевіч аналізуе новыя кнігі і творы Юркі Голуба, Вольгі Іпатавай, Валянціны Коўтун, Петруся Макаля, Ніны Мацяш, Алеся Разанава, Ніны Шкляравай (усяго за гэтыя гады апублікавана 12 рэцэнзій), заўважаючы і падтрымліваючы мадэрнісцкія пошукі ў паэзіі раўналеткаў, а таксама адсочвае жаночую тэму ў паэзіі і прозе (у гэтым сэнсе вельмі паказальны ейны аналіз аповесці Вольгі Іпатавай “Прадыслава” (1972)).
Да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Алексіевіч падыходзіць з цэлым шэрагам апублікаваных нарысаў у цэнтральных беларускіх выданнях. Акрамя таго, у аб’яднанні “Летапіс” на “Беларусьфільме” пастаўлены дзвюхгадзінны цыкл дакументальных фільмаў “У вайны не жаночае аблічча”. Фрагмент будучай кнігі ў сакавіку 1983-га надрукаваны ў часопісе “Маладосць” пад назвай “Калі жанчыны ваявалі…”.
Зрэшты, апрача яўных дасягненняў і дастаткова ўдалай для журналісткі “з глыбі Палесся” кар’еры, да 1983 года Святлана Алексіевіч зарабляе сабе статус “нядобранадзейнай”. Першая ейная кніга “Я з’ехаў з вёскі”, звярстаная для публікацыі ў часопісах “Нёман” і “Новый мир”, трапляе ў цэнтр партыйнага скандалу. Тэкст так і не з’яўляецца ў друку “дзякуючы” Савелію Паўлаву, тагачаснаму сакратару ЦК КПБ і Уладзіміру Сеўруку з ЦК КПСС. Сеўрук даўно вядзе вайну супраць Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, а Святлана Алексіевіч з’яўляецца па сутнасці наступніцай Алеся Адамовіча. Нават назва кнігі “Я з’ехаў вёскі” відавочна перагукаецца з рэпартажам і ў той жа час фотаальбомам Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка (апошні якраз і выступае тут у ролі фатографа) “Я з вогненнай вёскі…”, створанай суаўтарамі напачатку 1970-х. Нездарма і першы па часе з’яўлення ў асабовай справе дакумент – рэкамендацыя Алеся Адамовіча, дадзеная Святлане Алексіевіч (бяскніжнай аўтарцы, якая знаходзіцца “на алоўку” ў сакратара ЦК):
“Рэкамендацыя
Я ўжо пісаў і гаварыў, выступаючы, і не адзін раз – пра тое, якой ацэнкі, высокай і ўдзячнай, заслугоўвае ўсё, што ўжо зроблена Святланай Алексіевіч як літаратарам, пісьменнікам. Яе кніга ўспамінаў “Калі жанчыны ваявалі” (раздзелы друкаваліся ўжо, але я знаёміўся з поўным тэкстам) ставіць Святлану Алексіевіч (а заўтра гэта стане відавочна) у шэраг найбольш сур’ёзных “ваенных” аўтараў. І гэта нягледзячы на тое, што аўтар належыць да маладога, да пасляваеннага пакалення.
Яе другая праца ў тым жа жанры “магнітафоннай дакументалістыкі” – аб праблемах міграцыі вясковай моладзі – засведчыла грамадзянскую мужнасць, сталасць, прынцыповасць аўтара. Таксама як і яе нарысы, што друкаваліся ў газетах і часопісах.
А яе проза (друкавалася ў “Полымі”) засведчыла, што аўтар добры, яркі стыліст.
Адным словам, усе “слагаемые” мастака, грамадзяніна, пісьменніка надзейна заяўлены, праявіліся, а таму я з поўнай адказнасцю і ўпэўненасцю, што не памыляюся, рэкамендую Святлану Алексіевіч у наш Саюз пісьменнікаў.
12.9.1982. Алесь Адамовіч”.
Да наступнай рэкамендацыі справа дойдзе толькі праз паўгады. Адамовіч сваім блаславеннем як бы распачынае кампанію за прыняцце Алексіевіч у Саюз пісьменнікаў. Другой паводле храналогіі ў асабовай справе ідзе “Выпіска з пратакола пасяджэння камісіі па нарысу і публіцыстыцы СП БССР ад 28 лютага 1983 г.”:
“Прысутнічала 15 членаў СП БССР, сярод іх 10 членаў камісіі.
СЛУХАЛІ: Абмеркаванне творчасці Святланы Алексіевіч. Перад абмеркаваннем былі прагледжаны тры кінафільмы цыкла “У вайны не жаночае аблічча”, створаныя па сцэнарыях С. Алексіевіч і В. Дашука на кінастудыі “Беларусьфільм”, і тэлефільма “Бацькоўскі дом”, створанага па сцэнарыі С. Алексіевіч на Беларускай студыі тэлебачання.
А. Адамовіч сказаў, што ўсё, што мы чыталі, напісанае ёй у перыядычным друку, як і прагледжаныя намі фільмы, выяўляюць у С. Алексіевіч вельмі зайздросную для публіцыста рысу – апантанасць сучаснасцю.
Я. Брыль прыгадвае нарыс пра цётку Стэфу, напісаны з адметнай псіхалагічнай глыбінёй. Яе запісы ўдзельніц вайны сведчаць пра сапраўднае служэнне справе літаратуры. Гэтым адным можна апраўдаць рэкамендацыю яе ў Саюз.
А. Капусцін, Э. Ялугін адзначалі надзвычайную патрабавальнасць С. Алексіевіч да сябе ўжо на перашй стадыі, пры зборы матэрыялаў пра аб’ект даследавання. Імкнецца адкрываць новае ў характарах сучаснікаў. У альманаху “Сучаснік-80” выйшла цэлая нізка партрэтаў-мініяцюр пад назвай “Бабы”, зробленых па ўсіх правілах мастацтва слова.
А. Лысенка і В. Палтаран адзначылі яе смелыя выхады на жыццё, моцны маральна-этычны стрыжань, які збірае асобныя факты ў самабытны публіцыстычны вобраз. Творчасць С. Алексіевіч не новы паварот публіцыстыкі, а новы позірк наперад у яе развіцці, грунтуючыся на абуджэнні чалавечага сумлення.
У. Юрэвіч перасцерагае С. Алексіевіч, каб у кіношным і тэлевізійным віры не разбурылася яе пісьменніцкае “я”, сфармаванае даволі выразна ў публікацыях цыклаў “Бабы” і “У вайны не жаночае аблічча”.
Усе выступаючыя рэкамендавалі С. Алексіевіч для прыёму ў Саюз пісьменікаў.
ПАСТАНАВІЛІ: Аднагалосна рэкамендаваць Алексіевіч Святлану Аляксандраўну камісіі па прыёму ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Выпіска верная. Сакратар камісіі па нарысу і публіцыстыцы В. Якавенка”.
Пасля рэкамендацыі камісіі па нарысу і публіцыстыцы справа набывае заканамерны ход: збіраюцца рэкамендацыі, іх для падачы дакументаў павінна быць тры. Сябрамі Саюза пісьменнікаў, якія падтрымаюць будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі, будуць Янка Брыль і Ігнат Дуброўскі:
“Рэкамендацыя
Святлану Алексіевіч, як літаратара, я ведаю па нарысах з цыкла “Бабы”, “Як Кацярына ў горад ездзіла”, па рабоце, апублікаванай у “Маладосці” пад назвай “Калі і жанчыны ваявалі”, па сцэнарыях дакументальных кінафільмаў “У вайны не жаночы твар” і тэлефільма “Бацькоўскі дом”.
Літаратар С. Алексіевіч таленавіты, удумлівы, шчыра адданы справе. Яна ўмее бачыць у жыцці галоўнае, умее расказаць пра гэта патрэбным словам; яна ўмее слухаць народ і належным чынам перадаваць тое, што ён расказвае пра перажытае. Нарысы яе, якія з поўным правам могуць лічыцца апавяданнямі, чытаюцца цікава, у іх уздымаюцца жыццёва важныя пытанні, мова прозы яе сакавітая, шматфарбная, людзі не прыдуманыя, – яна іх добра ведае і шчыра любіць, і цяплом гэтай любові, святлом гэтай шчырасці насычана ўсё, з чым аўтар ідзе да свайго чытача. Тое самае можна сказаць пра выдатную працу С. Алексіевіч “Калі жанчыны ваявалі”. Гэтую кнігу – расказы многіх жанчын, удзельніц вайны, знойдзеных у розных кутках нашай Савецкай краіны, – можна без перабольшання назваць своеасаблівым подзвігам маладой пісьменніцы, якая адна зрабіла тое, чаго хапіла б цэламу творчаму калектыву.
Добрага слова заслугоўвае праца Алексіевіч у кіно і тэледраматургіі.
Я ахвотна рэкамендую Святлану Аляксандраўну ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.
6.ІІІ.1983 г. Янка Брыль, членскі білет №12024.
Рэкамендацыя
Ужо некалькі гадоў Святлана Аляксееўна (так у тэксце — Ц.Ч.) Алексіевіч выступае ў дркук з апавяданнямі і нарысамі. У літаратуру яна прыйшла са сваёй тэмай. Пра жанчын удзельніц Вялікай Айчыннай вайны ў мастацкай літаратуры сказана не мала. Святлана Алексіевіч у нарысах “Калі і жанчыны ваявалі” знайшла яшчэ адзін, новы аспект гэтай тэмы, паказала яшчэ адну грань мінулай вайны. Яна пазнаёміла чытача з жанчынамі-салдатамі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў бітвах, са зброяй у руках абаранялі Радзіму, выконвалі і іншыя нялёгкія работы на полі бою. Яна сустракалася і гутарыла больш як 500 жанчынамі франтавікамі і па-майстэрску перадала іх расказы аб цяжкасцях, жахах і пакутах, якія перажывалі ў акопах жанчыны нароўні з мужчынамі і разам з тым праяўлялі не меншую стойкасць, храбрасць, адвагу і гераізм, чым мужчыны.
Святлана Алексіевіч выступае таксама з апавяданнямі і нарысамі на тэмы з жыцця вясковых жанчын. У апавяданнях “Бабы”, “Як Кацярына ў горад ездзіла”, “Ваш стары таварыш” і іншых яна паказала высокае майстэрства стварэння мастацкіх вобразаў радавых працавічак вёскі, жанчын-камуністаў.Паспяхова выступіла Алексіевіч і ў кінадраматургіі. Па яе сцэнарыю створан шматсерыйны тэлевізійны фільм “У вайны не жаночае аблічча”. Фільм ухвальна сустрэлі гледачы, а сцэнарый атрымаў высокую ацэнку ў друку.
Пра творчасць Святланы Алексіевіч можна сказаць многае, але дастаткова адзначыць, што крытыка ў ацэнцы твораў маладых пісьменнікаў рэдка каму ўдзялала столькі ўвагі, колькі творчасці Алексіевіч. Кожная яе публікацыя адзначалася ў друку і заўсёды з высокай ацэнкай.
Святлана Алексіевіч даволі выразна вызначылася як пісьменнік, выявіла выдатныя здольнасці ў стварэнні мастацкіх вобразаў, асабліва добра валодае дыялогам і маналогам, умела скарыстоўвае мастацкую дэталь.
Тое, што паспела стварыць Святлана Алексіевіч, з’яўляецца дастатковай асновай для прыняцця яе ў члены Саюза пісьменнікаў СССР з поўнай упэўненасцю, што яна прынясе ў нашу літаратуру шмат новага і значнага.
28.ІІІ.1983 г.
Ігнат Дуброўскі (Ігнат Цімафеевіч Чарняўскі),
член Саюза пісьменнікаў СССР з 1951 г., білет №12279”.
З’яўляецца ў справе і аўтабіяграфія пісьменніцы. Яна будзе відавочна цікавая даследчыкам біяграфіі Алексіевіч, бо пралівая святло на раннія гады жыцця на Гомельшчыне, распавядае пра сям’ю. Дакумент напісаны на рускай мове, аднак у анкетных дадзеных аўтарка далей будзе паслядоўна запаўняць графу нацыянальнасць як “беларуска”, а мовамі, на якіх піша, пазначаць “беларускую і рускую”.
“Автобиография
Я, Алексиевич Светлана Александровна, родилась 31 мая 1948 года в г. Ивано-Франковске в семье военнослужащего. В 1950 году отец демобилизовался, и наша семья переехала на его родину – Гомельщину, где он, пока не упразднили Полесскую область, работал в обкоме партии, а затем более двадцати лет был директором сельской школы, преподавал историю. За годы моей школьной учёбы я поменяла несколько школ, так как наша семья переезжала туда, куда направляли отца. Мать тоже работала учительницей, преподавала немецкий язык.
В 1965 году я окончила Копаткевичскую среднюю школу Петриковского района. Работала одно время воспитательницей средней школы-интерната, а затем учительницей истории и немецкого языка Балажевичской семилетней школы Мозырского района. В 1966 году меня взяли литсотрудником в районную газету “Прыпяцкая праўда” (г.п. Наровля). Оттуда я ушла на учёбу в БГУ имени В.И. Ленина на факультет журналистики, который окончила в 1972 году. По направлению была послана завотделом писем районной газеты «Маяк коммунизма» (г. Берёза, Брестской области). Через год меня пригласили на работу в республиканскую «Сельскую газету», где я потом четыре года была литсотрудником отдела писем.
В 1976 году перешла на работу в журнал «Нёман». В настоящее время – завотделом очерка и публицистики.
Родители мои: Алексиевич Александр Ефимович и Алексиевич Евгения Петровна проживают сейчас в д. Осовец Мозырского района, оба сейчас на пенсии.
Имею младших сестру и брата. Сестра Алексиевич Тамара Александровна окончила Гродненский мединститут, работает главврачом в д. Речень Любанского района Минской области. Брат Алексиевич Александр Александрович окончил белорусское отделение филологического факультета БГУ имени В.И. Ленина. Работает учителем в д. Городище Минского района Минской области.
Больше близких родственников не имею.
С. Алексиевич 4.IV.83 г.”
Нягледзячы на аднагалосную ўхвалу камісіі СП БССР па нарысе і публіцыстыцы, а таксама на станоўчыя рэкамендацыі вядомых беларускіх літаратараў, Алексіевіч падсцерагае непрыняцце прыёмнай камісіі СП БССР. “Выпіска з пратакола пасяджэння прыёмнай камісіі ад 24 лістапада 1983 г.”, што праўда, мае зусім мірны характар і змяшчае толькі станоўчыя ацэнкі творчасці будучай набеліяткі:
“Слухалі: Заяву Святланы Алексіевіч аб прыёме яе ў члены СП СССР.
Выступілі: В. Палтаран, В. Казько, В. Вітка.
Пра Святлану Алексіевіч шмат што гаварылася, шмат што хочацца паўтарыць. Жыва адчувае слова, умее выстаяць, мае на чым трымацца. Нарысы яе важаць больш, чым некаторыя раманы.
У яе нарысах адчуваецца дыханне рамантыкі радыёстанцыі “Юнацтва”. А запісы Алексіевіч даюць пра вайну больш, чым некаторыя трохтомныя эпапеі.
“Жанчына на вайне” – унікальная кніга. Гэта подзвіг у імя гісторыі і літаратуры.
У Алексіевіч выдатная публіцыстыка і мастацкая проза.
Пастанавілі (14 – за, 6 – супраць): Згодна вынікам галасавання адмовіць Святлане Алексіевіч у прыёме яе ў члены СП СССР.
Сакратар прыёмнай камісіі Я. Міклашэўскі”
Пасля адмовы прыёмнай камісіі, хоць прычыны і канкрэтныя прэтэнзіі да Алексіевіч у дакументах, на жаль, не адлюстраваліся Адамовіч, Брыль і цяпер ужо Быкаў выносяць кандыдатуру на галасаванне ў прэзідыум СП БССР. Той меў права прымаць сяброў без уліку меркавання прыёмнай камісіі, але рабіў гэта толькі ў выключных выпадках. Відавочна, гэта быў якраз такі выпадак, ды яшчэ і рызыкоўны, што разумелі некаторыя сябры прэзідыума і стараліся, як, напрыклад, Генадзь Бураўкін, выставіць Святлану Алексіевіч у больш “прававерным” святле, чымя яна, мабыць, сама б хацела. Нельга не здзівіцца, наколькі празорліва выступаюць пісьменнікі пры абмеркаванні кандыдатуры Алексіевіч, адзначаючы безумоўную навізну яе пісьма і вяшчуючы ёй слаўную будучыню. Пра гэта сведчыць “Выпіска з пратакола №6 пасяджэння прэзідыума СП БССР ад 20 декабря (так у тэксце – Ц.Ч.) 1983 г.”:
“Усяго членаў прэзідыума – 27 чал. Прысутнічала – 22 чал.
СЛУХАЛІ: В. Быкаў. Чаму сёння не разглядаецца справа аб прыёме ў члены СП БССР Святланы Алексіевіч, якая сваімі творчымі дасягненнямі вартая быць прынятай у нашу пісьменніцкую арганізацыю.
Гілевіч Н.С. На прыёмнай камісіі Святлана Алексіевіч не дабрала два галасы і камісія раіла разгледзець яе заяву на прэзідыуме.
А. Адамовіч. На камісіі, ведаю, усе добра выступалі, давалі высокую ацэнку творчасці Святланы Алексіевіч. Святлана Алексіевіч літаратар самага высокага класа.
Рэкамендую разгледзець яе заяву на гэтым пасяджэнні.
А. Васілевіч. Святлане Алексіевіч я не давала рэкамендацыі для паступлення ў члены Саюза пісьменнікаў, яна яе ў мяне і не прасіла. Але тое, што зрабіла С. Алексіевіч у такі напружаны час, бязумоўна, – яе творы заслугоўваюць увагі. У Лейпцыгу адкрыўся фестываль антываенных фільмаў і яе фільм “У вайны не жаночы твар” атрымаў сярэбранага голуба. Святлану Алексіевіч трэба сёння прымаць у Саюз пісьменнікаў.
Я. Брыль. Я даваў рэкамендацыю Святлане Алексіевіч і горача яе падтрымліваю. Ведаю яе, як літаратара па нарысах з цыкла “Бабы”, “Як Кацярына ў горад ездзіла”, па сцэнарыях дакументальных фільмаў “У вайны не жаночы твар” і тэлефільма “Бацькоўскі дом”. У другім нумары часопіса “Октябрь” дадзена высокая ацэнка яе творчасці. Фільм атрымаў сярэбранага голуба, і рэжысёр гэтага фільма вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР.
Я лічу, што С. Алексіевіч варта быць прынятай у члены СП.
Н. Пашкевіч. Прыйдзе час, калі Святлану Алексіевіч назавуць публіцыстам-падвіжнікам і справядліва ўзнікне пытанне – чаму не прынялі яе ў Саюз пісьменнікаў. Фільм “У ваны не жаночы твар” атрымаў сярэбранага голуба на міжнародным фестывалі, рэжысёр якога вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР. Мы не памылімся, калі сёння прымем С. Алексіевіч у члены нашай пісьменніцкай арганізацыі.
П. Панчанка. Я таксама рэкамендую прыняць Святлану Алексіевіч у члены Саюза пісьменнікаў.
В. Вітка. Я грунтоўна выступаў пра творчыя здабыткі Святланы Алексіевіч на пасяджэнні прыёмнай камісіі. Галоўнае гэта тое, што С. Алексіевіч зрабіла грамадзянскі подзвіг, яна ўнесла новае асвятленне жанчын на вайне, якія прайшлі праз вогненнае пекла. Гэта прагучала не толькі ў нас, на Беларусі, але і на ўвесь свет. Гэта сапраўдная публіцыстыка. Гэта талент! А яе цыкл апавяданняў “Бабы”, простыя жанчыны, на долю якіх выпалі страшэнныя пакуты ў час вайны. Цяпер яна збірае матэрыялы аб цяжкім лёсе дзяцей – дзіцячая памяць пра вайну, а як вядома, памяць цэпкая. Гэтую кнігу, я веру, яна падніме таксама. Кніга такая вельмі патрэбна.
Як чалавек, Святлана Алексіевіч, вельмі сціплая, добразычлівая, як пісьменніца – таленавітая.Я. Брыль. Робячы вялікую справу, Святлана Алексіевіч часта траціць уласныя грошы. Нядрэнна было б ёй фінансава дапамагчы.
Г. Бураўкін. Я добра знаёмы з творчасцю Святланы Алексіевіч. Яе працы на высокім пісьменніцкім узроўні.
С. Алексіевіч узняла таксама цікавую праблему аб міграцыі сельскай моладзі. Яна глыбока вывучыла гэты матэрыял.
Цяпер яна працуе над новым цыклам: пра дзеда Талаша, Канстанціна Заслонава. Першую перадачу мы ўжо зрабілі.
Рэкамендую прыняць С. Алексіевіч у члены СП БССР.
У. Калеснік. Ведаю, што прыёмная камісія вынесла рашэнне разгледзець пытанне аб прыёме С. Алексіевіч у члены СП БССР на прэзідыуме. Таму гэта трэба зрабіць сёння. Яна вельмі таленавіты аўтар, праўдзівы, з гуманістычнай чуласцю.
Н. Гілевіч. Бясспрэчна, Святлана Алексіевіч мае ўсе падставы быць прынятай у члены Саюза пісьменнікаў.
ПАСТАНАВІЛІ: Уключыць кандыдатуру Святланы Алексіевіч у спіс для тайнага галасавання.
СЛУХАЛІ: Вынікі тайнага галасавання.
ПАСТАНАВІЛІ: Згодна вынікам тайнага галасавання лічыць прынятым у члены Саюза пісьменнікаў БССР
АЛЕКСІЕВІЧ Святлану Аляксандраўну
(за – 20, супраць – 2).
Сакратар Праўлення СП БССР Л. Гаўрылкін”.
Такім чынам, як сведчаць дакументы з архіва СБП, перад выхадам на самастойную творчую дарогу будучая лаўрэатка Нобеля атрымала падтрымку выдатных беларускіх літаратараў: Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Васіля Віткі. Яны пераадолелі супраціўленне бюракратычнай машыны, для якой ужо ў 1983 годзе Святлана Алексіевіч бачылася “нядобранадзейнай”, бо займела праблемы ад сакратара ЦК. Статус сябра Саюза пісьменнікаў і яго набыццё на той час выступала пэўнай “ахоўнай граматай”: можна было займацца творчай працай, не баючыся абвінавачванняў у дармаедстве – з’яве, што дзіўным чынам вярнулася з андропаўскіх часоў у 2015 год.