Чым нам пагражае вяртанне Радыёна Раскольнікава на месца злачынства?
Бадай, кожная жанчына, старэйшая за дваццаць гадоў, мела шчасце пераканацца, што добра кінуты мужчына мала чым адрозніваецца ад бумеранга: ён зробіць вялікае кола па “свабодным жыцці” — і вось ён зноўку тут, толькі паспей адскочыць ўбок, каб унікнуць траўмы.
Чаму яны заўсёды вяртаюцца, нібыта ім тут мёдам намазана? А таму, што для мужчыны не існуе ніякіх “былых жанчынаў”. Кожная, з якой ён меў дачыненні — нават калі “дачыненні” не сягнулі далей за цнатлівы пацалунак у піянерскім лагеры пасля сёмага класа, — назаўжды залічваецца да мужчынскай “маёмасці”. Але ніводны хлопец ніколі не прызнаецца ў гэтым нават пад страхам смяротнага пакарання. Мы толькі і чуем, якія яны “самадастатковыя”, “незалежныя” і “цудоўна пачуваюцца на самоце”. Аднак практыка руйнуе гэтую тэорыю да падмурка. У жыцці мы бачым адваротнае.
Чым больш трывалымі былі дачыненні, тым большая імавернасць зноў убачыць на парозе “дарагую страту”. Да былой жонкі былы муж вернецца — хаця б проста “паглядзець” — у 99 выпадках з сотні (адзінку пакінем на скрайні выпадак, бо новая жанчына можа проста прывязаць яго да батарэі). Мужчыны значна цяжэй перажываюць разрыў (хто б мог падумаць), даўжэй пакутуюць, сумуюць па страчаным доме і наладжаным быце.
Ну, і каталізатарам вяртання (калі не стоадсоткавай гарантыяй) ёсць з’яўленне новага мужчыны. “Няма больш жаданай жанчыны, чым былая жонка ў абдымках іншага”. Варта толькі былому здрадніку і вераадступніку дазнацца (а яшчэ горш — убачыць на ўласныя вочы), што на ягоную маёмасць, хай і добраахвотна пакінутую, знайшоўся іншы прэтэндэнт — быць вайне. І войскі будуць уведзеныя неадкладна. Вось ён не бярэ тэлефон, калі вы звоніце, — а вось ён стаіць пад вокнамі з букетам ружаў.
Пакінутай жанчыне здаецца, нібыта вернецца каханы — і з ім вернецца ўсё страчанае шчасце. Напачатку такая ілюзія сапраўды захоўваецца: пару дзён ці нават тыдзень. Аднак не: марлезонскі балет у шаснаццаці актах толькі пачынаецца.
Калі вынайсці машыну часу, адматаць жыццё назад, да бясхмарных дзён узаемапаразумення, а яшчэ і зацерці памяць, каб не згадваць крыўды і абразы, — тады б фокус з магічным вяртаннем шчасця атрымаўся. Але ў большасці выпадкаў з вяртаннем мужчыны вяртаюцца і праблемы.
Ёсць такое фізічнае практыкаванне — чаўночны бег. Пры ім спартоўца некалькі разоў прабягае тую самую дыстанцыю ў прамым і зваротным кірунку. Чаўночны бег, праз рэзкую змену кірунку бегу, значна больш траўматычны за іншыя віды спорту. Дык вось, менавіта з чаўночным бегам можна параўнаць паводзіны мужчыны, які абірае паміж “свабодным жыццём” з неабмежавана вялікай колькасцю патэнцыйных жанчынаў — і старым утульным домам.
Што рабіць жанчыне, каб унікнуць удзелу ў гэтай траўматычнай алімпіядзе?
Толькі мужнасць і рашучасць выратуюць нас. Трэба здзейсніць усяго два ўчынкі — але здзейсніць іх раз і назаўсёды. Першае: на самоце вырашыць, ці бераце вы яго назад. Памятайце, што гэта той самы чалавек, які еў з патэльні, спазняўся на спатканні, здрадзіў вам з вашай сяброўкай і надзяваў гальштук у гарошак з клятчастай кашуляй. Бярэм? Канечне: такія прыгожыя хлопцы на дарозе не валяюцца. А цяпер трэба зрабіць галоўнае: агучыць маладому чалавеку два (толькі два!) варыянты развіцця падзеяў: або ён неадкладна прапануе вам руку і сэрца (знаходзіць працу, перастае бегаць за кожнай спадніцай — падкрэсліце патрэбнае) — або раз і назаўжды знікае з далягляду. Толькі не прапануйце больш за два варыянты: такую колькасць задач адначасова можа апрацаваць толькі мозг чэмпіёна свету па шахматах.
Безумоўна, нават пастаўлены ўльтыматум не гарантуе вам бясхмарных дачыненняў. Але сапраўднае шчасце — гэта калі вашае жыццё залежыць ад вашых уласных рашэнняў, а не ад хістанняў хлопчыка, які ніяк не можа вызначыцца. Зычу адвагі.