Калі вы хочаце стварыць сям’ю (здараецца і такое) — не станавіцеся ад пачатку не на той шлях.
Сёння так званы “грамадзянскі шлюб” — такая распаўсюджаная з’ява, што даводзіцца тлумачыць ягоныя небяспекі (а іх процьма). Болей за тое: любыя нараканні ў бок гэтага спосабу суіснавання выклікаюць палкае абурэнне.
Дзіўная рэч — агульнапрынятыя маральныя нормы. За апошнія пяцьдзясят гадоў яны так імкліва памяняліся, што супольнае пражыванне не выклікае асуджэння. Хіба толькі мама раз-пораз уздыхне: “Дачушка, калі ж ён цябе ўсё ж такі пакліча замуж?”
Дзіўна не тое, што памяняліся ўяўленні пра “добра” і “дрэнна”. Дзіўна, што пры тым сям’я засталася такой самай. І кожны з удзельнікаў працэсу цудоўна ўсведамляе: “грамадзянскі шлюб”— гэта не сям’я.
Чаму я ўвесь час бяру ў двукоссе “грамадзянскі шлюб”? Гэта некарэктнае, памылковае найменне, кшталту “сацыялістычнага рэалізму” ці “інтэлектуальнай эліты”: рэалізм можа быць толькі адзін, неістотна, сацыялістычны ці капіталістычны, а ганарлівыя кандыдаты навук і вядомыя ў вузкіх колах музыкі і пісьменнікі да нафтавай і ўладнай эліты дачынення не маюць. І кожны шлюб у нашай краіне — грамадзянскі; ад тых часоў, як скасавалі шлюбы царкоўныя.
А як тады называецца супольнае існаванне нежанатых людзей? А гэта залежыць ад таго, да чаго вы адно аднаго даведзяце. Калі хтосьці не вытрымае і нанясе камусьці цяжкія цялесныя, то міліцыянт запіша ў пратаколе: “сужыцель”. А калі вы падрыхтуеце заяву ў суд аб усталяванні фактычнага бацькоўства, то самі напішаце: “фактычныя шлюбныя дачыненні”.
“Сужыцельства” можа нагадваць сям’ю болей ці меней, але ў ім не было і няма галоўнага: клятвы адно аднаму быць разам назаўжды: у горы і ў радасці, у багацці і ў беднасці, у хваробе і ў здароўі, пакуль смерць не разлучыць нас.
Ёсць сем’і без “штампаў у пашпарце”, асабіста ведаю адну такую. NB: адну. Безумоўна, шмат хто ў нас і сем’і стварае несапраўдныя; гэта пра іх кажуць: “Штамп у пашпарце не гарантуе шчаслівай сям’і”. Але гэта не аргумент на карысць “грамадзянскага шлюбу”. А такая самая дрэнная сітуацыя.
Што трэба ведаць дзяўчыне, якая ўсё ж хоча сям’ю, а не шматгадовыя няпэўныя дачыненні? Адно: даўшы згоду на супольнае пражыванне без вызначанай даты вяселля, яна вяселле не наблізіць, а толькі аддаліць, калі не скасуе наогул.
Ну чаму, чаму, чаму? Гэта ж так лагічна: сустракаліся, потым пачалі жыць разам, потым ён зрабіў прапанову, і… Стоп, стоп. А навошта яму рабіць прапанову?
Падумайце: навошта яму рабіць прапанову? Адкажыце. Каб быць з вамі разам і назаўжды? Бо ён зразумее, што вы — адзіная і непаўторная, і ён не можа без вас жыць? Хвілінку. А што, цяпер ён гэтага не разумее? Ён яшчэ не вызначыўся? Чакайце, і вы збіраецеся жыць з чалавекам, які яшчэ знаходзіцца ў працэсе выбару ідэальнай жанчыны? Не факт, што гэта будзеце вы, дарэчы. Ну як, вам падабаюцца такія здаровыя дачыненні? Трывалая глеба для будучай сям’і, што тут скажаш.
Ён зрабіў вам прапанову… жыць разам
Пагаджайцеся. За кватэру плаціць цяпер удвая меней. Ці не плаціць, калі гэта ягоная кватэра. (Калі вы пусцілі хлопца на ўласную жылплошчу, у мяне для вас наогул сумныя навіны.) Пагаджайцеся: пажывяце пару гадоў, а там будзе бачна. Пару-тройку ці нават пяць… Куды спяшацца? Вам жа заўжды будзе дваццаць. Дый наогул, сям’я — гэта не галоўнае ў жыцці.
Дапусцім, вы сказалі “не”. У хлопца ў запасе ёсць яшчэ некалькі аргументаў. Усе мужчыны, якія хочуць спрасціць сабе побыт і займець жывую жанчыну ў ложку (і пры тым ніякіх “пакуль смерць не разлучыць нас”), аргументы заўжды аднолькавыя. Дакладней, адзін аргумент: “Як можна жаніцца з чалавекам, якога не ведаеш добра? Давай пажывем і паглядзім, ці атрымаецца ў нас жыць разам. А потым вырашым”.
Дзяўчаты, вы разумееце, на што вы пагаджаецеся? Калі ён вас кахае, што яму замінае жаніцца з вамі? Ён вас добра не ведае і хоча пазнаёміцца? А колькі часу яму спатрэбіцца для “знаёмства”? Год, два? І як вы сабе ўяўляеце гэты працэс? Гэта дакладна не сям’я, а нейкая штодзённая выстаўка народных дасягненняў: вы жывяце разам, а ён разважае, падыходзіце вы яму ці не.
Калі хлопец не хоча браць на сябе абавязак клапаціцца пра вас — вы таксама можаце ўважаць сябе вольнай ад сіметрычных абавязкаў.
Калі дзяўчына вырашыла, што яна кахае хлопца і хоча з ім стварыць сям’ю, а той у адказ прапануе пажыць разам, гэта штодзённае прыніжэнне для дзяўчыны. Яна пагаджаецца, каб не страціць каханага, а ў выніку…
А ў выніку штодзённы недавер (як можна давяраць чалавеку, які можа ў любы момант сысці?) прыводзіць да напружання, спрэчак, скандалаў і разрыву.
Толькі падабенства сям’і
“Грамадзянскі шлюб”— гэта сям’я па форме, але не па сутнасці. І ў ім адпачатку закладзены канфлікт, які рана ці позна саспее.
— Чаму ты спусціў нашыя апошнія грошы на новую цацку для машыны? — Хвілінку: гэта мае грошы.
— Чаму ты не папярэджваеш мяне, калі затрымліваешся? — Таму што я свабодны чалавек.
— Чаму ты не едзеш з мной на юбілей маёй бабулі, дзе збіраюцца ўсе мае сваякі? — Не жадаю трываць таварыства гэтых чужых мне людзей.
Зачэпка для канфлікту можа быць насамрэч любой: нават не той пральны парашок як сведчанне таго, што “табе пляваць на мяне”. Але канфлікт адбудзецца дакладна.
І яшчэ адзін “прыкол” грамадзянскага шлюбу: вяселля і сапраўднай сям’і ў вас не было, а затое развод будзе самы сапраўдны. З усімі прыкметамі.
“Пячатка ў пашпарце нічога не значыць”
Вышэйпрыведзены аргумент наогул не варты ўвагі, бо скасоўваецца адным пытаннем: “Чаму б тады нам не паставіць гэтыя пячаткі? Яны ж нічога не вырашаюць”. Калі хлопец выхаваны, то праўдзівага адказу вы не пачуеце.
Грамадзянскі шлюб, як і чалавечыя дасягненні, — невычарпальная тэма. Я, дарэчы, не думаю, што чалавек можа быць шчаслівы толькі ў сям’і. Наогул, рабіце са сваім жыццём што хочаце. Галоўнае, па-першае, ведаць, чаго ж вы хочаце насамрэч. А па-другое, усведамляць, да якіх вынікаў прывядзе той ці іншы ўчынак.
Югася Каляда