У сярэдзіне далёкіх 1950-х пачаў фарміравацца новы стыль моладзевай музыкі, які да пачатку 1960-х захапіў увагу маладога пакалення, без перабольшання, усёй нашай планеты. Нягледзячы на меркаванне, што ў пасляваенны час «жалезная заслона» абараняла Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ад непажаданых заходніх уплываў, рок-н-рол, на шчасце, не ведаў перашкодаў для ўласнага распаўсюду. Пра гісторыю рок-н-ролу ў БССР піша Юры Несцярэнка.
Рок-н-рольны андэграўнд рыхтуе прарыў у беларускай музыцы
Таленавітая беларуская моладзь, што называецца, з паветра падхоплівала прагрэсіўныя музычныя плыні — з радыяэфіраў ды «запісаў на касцях» (так называлі аўдыяпласцінкі, з запісамі джазу і рок-н-ролу, нелегальна зробленыя кустарным спосабам на выкарыстаных рэнтгенаўскіх здымках, якія ідэальна падыходзілі па якасці матэрыялу, каб наразаць гукавыя дарожкі).
Пакуль рок-н-рольны андэграўнд збіраўся з сіламі і рыхтаваў натуральны прарыў у культурнай беларускай сферы, напрыканцы 1950-х — пачатку 1960-х існавала дастаткова моцная прафесійная філарманічная эстрада, артысты якой цудоўна трымалі баланс паміж дазволеным і недазволеным. Але ж у многіх калектывах ужо з’яўляліся маладыя людзі, якія гарэлі рок-н-рольным агнём. Многія з іх у будучыні стануць сапраўднымі суперзоркамі ў папулярнай музыцы.
На гэтым здымку спявачка Галіна Кострыца выступае з мінскім джаз-аркестрам Льва Ляноўскага ў сярэдзіне 1950-х.
Галіна Кострыца ўжо разам з інструментальным ансамблем пад кіраўніцтвам мульціінструменталіста і кампазітара Юрыя Антонава (крайні справа) у сярэдзіне 1960-х, Мінск
Гітара Мулявіна і першае ВІА з удзелам Юрыя Антонава
Падчас працы ў Белдзяржфілармоніі ў якасці кіраўніка безыменнага тады інструментальнага калектыва Юрыю Антонаву выпала браць да сябе на працу гітарыста Уладзіміра Мулявіна. Уладзімір здзіўляў выпадковых слухачоў на калідорах філармоніі тым, што бесперапынна граў на гітары. Прычым выконваў віртуозныя творы — напрыклад, шмат хто ўзгадвае яго бліскучае выкананне мініяцюры «Палёт чмяля» Рымскага-Корсакава.
Праз нядоўгі час, Мулявін паведаміў свайму кіраўніку, што хоча стварыць уласны калектыў. Сам Мулявін уладкаваўся ў Белдзяржфілармонію яшчэ ў 1963 годзе. Ён да прызыву ў войска ўдзельнічаў у музычным рэвю разам са сваёй жонкай Лідзіяй Кармальскай, якая валодала такой рэдкай тэхнікай выканання, як мастацкі свіст.
Уладзімір Мулявін падчас гастроляў з філарманічнай канцэртнай брыгадай на здымку справа, прысеў з вядомай спявачкай Нэлі Багуслаўскай, побач стаіць Лідзія Кармальская.
Пакуль Уладзімір Мулявін служыў у войску, музычнае беларускае жыццё не стаяла на месцы. Напрыклад, той жа Юрый Антонаў увайшоў у склад першага ў БССР афіцыйнага ВІА пад назвай «Мелодыі і рытмы». Пры Белдзяржфілармоніі яго арганізаваў у 1966 годзе Віктар Сінайскі, разнапланавы музыкант, дасціпны канферансье, дасведчаны рэжысёр.
Юрый Антонаў (справа з гітарай) у складзе ВІА «Мелодыі і рытмы», 1966 год.
Падвойны сэнс «Арбіты-67»
Мулявін у войску пазнаёміўся з Уладзіславам Місевічам і, пасля дэмабілізацыі яны абодва апынуліся ў складзе ансамбля «Арбіта-67». Назвы з касмічнай тэмай былі вельмі папулярныя пасля палёту Юрыя Гагарына ў космас. Аднак кіраўнік «Арбіты-67» Ізмаіл Капланаў праз шмат гадоў раскрыў адзін сакрэт, за які за савецкім часам маглі і ансамбль расфарміраваць, і з працы пазвальняць, а то і «паказальнае пакаранне» зладзіць. Справа ў тым, што таленавіты музыкант зашыфраваў у сваёй назве падвойны сэнс: «АРкестрБІТА» — так гэта мелася расшыфроўвацца, калі музыкі з палёгкай заставаліся без нагляду звыш.
Ансамбль «Арбіта-67»: піяніст і мастацкі кіраўнік Ізмаіл Капланаў — крайні злева; другі справа Уладзіслаў Місевіч; трэці справа Уладзімір Мулявін — будучыя стваральнікі «Песняроў».
Тэрмін «біт» (альбо «біг-біт») становіцца ключавым паняццем у альтэрнатыўнай музыцы другой паловы 1960-х. Па сутнасці, увесь рытм-энд-блюз, ракабілі, псіхадэлік-рок, кантры-рок, фолк-рок называўся «біг-бітам» — уся музыка, у аснове якой ляжаў менавіта рок-н-рол (не джаз, не класічныя традыцыі, не авангард). А прыхільнікі такога роду музыкі і субкультуры, непарыўна звязанай з гэтым важным музычным складнікам, называлі сябе «бітнікамі».
Вялікі ажыятаж першага фестывалю біт-музыкі
Першы фестываль біт-музыкі прайшоў у Мінску 12-14 красавіка 1968 года, роўна 56 гадоў таму.
Запрашальны білет на Першы мінскі фестываль біг-біту.
Камсамольскія актывісты, каб прабіць дазвол «звыш», афіцыйна прымеркавалі фестываль да 50-годдзя Савецкай Беларусі і 50-годдзя Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Неафіцыйна — да Дня Касманаўтыкі.
Праводзіліся ўсе фестывальныя мерапрыемствы ў актавай залі радыя-тэхнічнага інстытута (РТІ, зараз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), горад Мінск).
Афіша фестывалю
Было зарэгістравана 89 удзельнікаў, праходзілі праслухоўванне 15 біт-груп з розных ВНУ і арганізацый сталіцы. У фінале выступалі 12.
Перамог гурт «Алгарытмы». А Яўген Канавалаў быў прызнаны найлепшым гітарыстам.
Пераможца Першага фестывалю біт-ансамбляў Мінска гурт «Алгарытмы», крайні справа Яўген Канавалаў.
Фестываль вызваў вялікі ажыятаж, аншлагамі суправаджаліся ўсе фестывальныя дні, цэнтральныя беларускія газеты палічылі патрэбным адгукнуцца станоўчымі артыкуламі. Кінастудыя «Беларусфільм» зняла хоць невялікі, але фільм.
Сталіца гула! Па перыферыі паўзлі чуткі! Такога яшчэ не бывала! Здавалася б — перамога інтэрнацыянальнага і прагрэсіўнага рок-н-ролу! «Жалезная заслона» амаль прыпаднялася, перспектывы адкрыліся ўмоўна неабмежаваныя. Моладзь у эйфарыі.
Іржавая «жалезная заслона» захлопваецца
Але ж сацрэалізм ніхто не адмяняў — не здарма яго класікі вучылі: чым вышэй узлятаеш, тым усё больш небяспечна прызямляцца.
Трагічна загінуў за два тыдні да фестывалю Юрый Гагарын. Магчыма, гэта быў знак для ўсіх «арбітальна» настроеных музыкантаў, удзельнікаў фестывалю, датай адкрыцця якога быў менавіта Дзень касманаўтыкі.
Да таго ж, як раз у дні правядзення мінскага фестывалю ў Чэхаславакіі — брацкай краіне з сацыялістычнага лагера — пачаліся пэўныя палітычныя працэсы, звязаныя з лібералізацыяй грамадства (а ўскосна гэта азначала і зняцце забаронаў з рок-н-ролу!)
Аднак «старэйшы брат» з цэнтрам у Маскве не ўхваліў такі кірунак — занадта шмат захацелі гэтыя «малодшыя браты» — і... увёў у Прагу танкі. Зразумела, пры падтрымцы іншых радоў войскаў. Маўляў, вось да чаго даводзіць прытупленне пільнасці звонку і і залішняя свабода ўнутры.
На гэтым усе «адлігі» ў Савецкім Саюзе надоўга замарозіліся, а хуткасць лібералізацыйных працэсаў так запаволілася і сціхла, што стаў чутны магутны жалезны ўдар — гэта з бразгатам апусцілася іржавая «жалезная заслона». Як вынік, рок-н-рол зноў апынуўся ў глыбокім падполлі — гэта значыць у самым сапраўдным андэграўндзе.
Цудоўныя прыклады з розных абласцей Беларусі
У іншых гарадах БССР адбываліся не меней цікавыя, чым у сталіцы, падзеі. Зараз вельмі цяжка сабраць прааналізаваную і дасканалую гісторыю развіцця біт-ансамбляў, ранніх рок-гуртоў і ВІА ў розных абласцях Беларусі, але ж мы і не ставім такой мэты. Аднак пару-тройку цудоўных гісторый варта распавесці.
Маладзечна
Менавіта тут пачынаўся музычны шлях згаданага вышэй Юрыя Антонава. На наступным фотаздымку адзін з першых калектываў Антонава. Кажуць, што Юрый Міхайлавіч пазней жартам называў яго «беларускі народны дыксіленд».
Юрый Антонаў (з акардэонам) падчас вучобы ў Маладзечанскай музычнай вучэльні (прыкладна канец 1950-х — пачатак 1960-х).
Гродна
У Гродне ў другой палове 1960-х існаваў гурт «Гарадняне». Напрыклад, там пачынаў сваю бурлівую рок-н-рольную дзейнасць вядомы цяпер беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч яшчэ ў 1965 годзе (пазней, у 1968, ён ужо граў у мінскім гурце «Ключы», а з 1969 па 1971-шы быў лідарам легендарнага сталічнага гурта «Пане-браце»). Там жа пачынаў творчы шлях студэнт музычнай вучэльні гітарыст Віктар Малчанаў («Песняры», «Тоніка», «Арбіта-67», «Round Midnight» (Славенія, Харватыя, Аўстрыя), «Weekend» (ЗША) ды шмат інш.)
Бліжэй да канца 1960-х «Гараднянамі» (выключна мужчынскім калектывам па складзе) кіраваў бас-гітарыст Генадзь Лятынскі. У пэўныя часы ў гурце была духавая секцыя і нават струнная група. Цікавым фактам застаецца тое, што менавіта Лятынскаму прыйшла думка на базе «Гараднянаў» зрабіць чыста жаночы гурт. Ідэя была рэалізавана ў 1970 годзе ў ДК тэкстыльшчыкаў.
Інструментальны ансамбль гродзенскага ДК тэкстыльшчыкаў, прыблізна 1970 год. Другая справа Надзея Мікуліч (у хуткім часе стане ўдзельніцай ансамбля «Верасы»). Першы час жаночы гурт быў без назвы, але дырэктар Дома культуры тэкстыльшчыкаў Віктар Філіпчык прыдумаў для дзяўчат назву «Чараўніцы», якую літаральна праз пару гадоў ужо ведаў увесь Савецкі Саюз.
Пінск
У другой палове 1970-х у Пінску даў ведаць пра сябе вельмі цікавы музыкант Юрый Мікалаеў. Пераехаўшы на мяжы 1990-х у ЗША, ужо шмат гадоў беларускі музыкант грае ў амерыканскім рок-гурце «Wicked Monkeys ».
1 - гурт «Гукі часу» («Звуки времени»); 2 - рок-гурт «Апрель», 1982, Пінск; 3 - пінскі рок-гурт «Ring», 1986; 4 - рок-гурт «Залатая сярэдзіна» («Золотая середина»), 1987, Брэст. Усе гэтыя гурты аб’ядноўвае прысутнасць аднаго чалавека — які на Радзіме ўжо стаў сапраўднай легендай — віртуознага гітарыста Юрыя Мікалаева
Варта сказаць некалькі словаў пра гурт «Залатая сярэдзіна», як пра прадстаўнікоў Берасцейшыны. Калектыў быў арганізаваны ў 1971 годзе студэнтамі інжынерна-будаўнічага інстытута Брэста. На працягу 70-х гадоў гурт прынцыпова прытрымліваўся рок-стылістыкі. Акрамя самастойных гастроляў па Савецкім Саюзе, пэўны час музыканты працавалі ад Росканцэрта. Пазней неаднаразова выязджалі ў туры па Польшчы, выступалі сумесна з польскім гуртом Kombi, нямецкім гуртом Real Deal. Напрыканцы 1980-х гурт прыпыніў існаванне. Акрамя Юрыя Мікалаева ў гурце граў яшчэ адзін знакаміты музыкант Алег Аверын, які напісаў для «Залатой сярэдзіны» некалькі дзясяткаў песень. Пазней увайшоў у склад «Песняроў».
«Залатая сярэдзіна» ў студэнцкія гады.
Магілёў
Лічыцца, што пачынальнікамі біт-руху ў Магілёве быў гурт «Аптымісты». Яны гралі ў ДК Кірава. Нават на афіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным 1 мая 1967 года, яны зайгралі кампазіцыю «Бітлз».
Рэакцыя слухачоў была падобнай на наступствы масавага гіпнозу — людзі нібыта акамянелі і не ведалі, як рэагаваць. Настолькі гэтая музыка была не падобнай на тое, што слухалі раней. Такі ж самы эфект быў падчас танцавальных вечароў — ніхто не танчыў, усе слухалі новыя, нечуваныя дагэтуль гукі электрагітар, незвычайныя рытмы біг-біта.
Гурт “Аптымісты”, Магілёў, 1970 г.
Калектывы з’яўляліся адзін за другім. Было шмат таленавітых музыкантаў, якія гарэлі сваёй справай. Новая музычная культура стала палёгкай, спробай абстрагавацца ад ціску ідэалагічных установаў, з іх падвойнай хлуслівай мараллю, што моладзь адчувала, як ніхто іншы.
Уладзімір Палітончык (на здымку з мікрафонам) да канца жыцця называў сябе бітнікам.
Адным з вельмі цікавых гуртоў свайго часу былі «Рамантыкі». Калектыў арганізаваў Аляксандр Шабалін у 1969 годзе на базе магілёўскага Будаўнічага трэста № 12. У «Рамантыках» паўдзельнічала вялікая колькасць магілёўскіх музыкантаў, былі паездкі з канцэртамі па розных гарадах Савецкага Саюза, незвычайныя выпадкі, нават калі ў Маскве за іх выступ дзякавалі міністры і замежныя дзеячы. У сваёй апрацоўцы для афіцыйных мерапрыемстваў рыхтавалі песні савецкіх кампазітараў, а на танцавальных пляцоўках і выступах для «сваёй» публікі гралі «Uriah Heep», «Deep Purple», «Animals», «Wings», «Creedence Clearwater Revival».
На ўсесаюзным фестывалі «Юнацтва Палесся-76», куды акрамя беларускіх з’ехаліся калектывы з Украіны, балтыйскіх рэспублік, Аляксандр Шабалін атрымаў прыз, як найлепшы самадзейны кампазітар.
Афіша «Рамантыкаў» для паездкі ў Венгрыю.
Як гэта ні дзіўна, а самадзейны калектыў «Рамантыкі» дастаткова часта выязджаў за мяжу. Што было па тых часах амаль немагчыма: у 1972-м годзе ў Балгарыю; у 1973-м у Румынію і зноў у Балгарыю; у 1974-м у Венгрыю. Апошняя краіна лічылася вельмі моцнай у плане рок-музыкі. На той момант венгерскія супергурты «Omega», «Lokomotiv GT», «Scorpio» гралі на сусветным узроўні і знаходзіліся на піку сваёй папулярнасці.
Ансамбль "Рамантыкі, Магілёў, першая палова 1970-х. Аляксандр Шабалін у цэнтры ў белай кашулі.
Рок-н-рол перажываў свае яркія часы. А мы перажылі іх разам, прачытаўшы гэтыя нататкі.
Юры Несцярэнка, Budzma.org
Фота з уласнага архіва аўтара
Чытайце яшчэ:«На канцэртах людзі бачаць маімі вачамі дваццаць мільёнаў беларусаў». Вялікая размова з Пітам Паўлавым пра стэндап, эміграцыю і беларускі рок