Піта Паўлава — беларускага музыканта, удзельніка гуртоў «N.R.M.», «Pete-Paff», «Garadzkija» — многія ведаюць па дваравых канцэртах падчас пратэстаў 2020 года. Цяпер музыка жыве ў Варшаве і ездзіць з канцэртамі па гарадах, дзе шмат беларусаў, а гэта на сёння, лічы, — па ўсім свеце. Як эміграцыя ўплывае на ягоную творчасць? Чаму апошнім часам канцэрты праходзяць у фармаце стэндапаў? Ці было страшна спяваць проста ў акопе для байцоў Палка Каліноўскага? Паразмаўлялі пра гэта з Пітам Паўлавым, а таксама пра мары, планы і мэты, адна з якіх — «зрабіць з беларускай музыкі ў эміграцыі больш заўважную з’яву, чым яна ёсць зараз».
Піт Паўлаў падчас канцэрта ў Польшчы
— На днях у Познані і Гданьску адбудзецца ваш канцэрт-стэндап. Чаму стэндап? Што чакае слухачоў?
— Апошнім часам я граю шмат канцэртаў і заўважаю, што яны даволі часта перарастаюць у стэндап. Я раблю валявыя высілкі, каб усё ж такі гэта быў канцэрт, спрабую проста спяваць, скарачаць паўзы, не адказваць на пытанні. Людзі з задавальненнем слухаюць, але ўсё роўна хочуць, каб я расказваў пра песні, хахміў, распавядаў нейкія жыццесцвярджальныя гісторыі з майго жыццёвага, канцэртнага досведу: пра стварэнне песень, гурт, пра мой шлях, стан у рэлакацыі. У анонсе канцэрта ў Стакгольме адразу было заяўлена, што будзе стэндап. Некаторыя выказалі сумневы наконт гэтага, чакалі, што будзе традыцыйнае выкананне песень. Але напрыканцы былі больш чым задаволеныя.
Піт Паўлаў. Рэпетыцыя
Зараз я шмат увагі надаю менавіта музычнай частцы, таму што робіцца многа матэрыялу: перадусім ствараецца новы альбом N.R.M., пішуцца песні, зусім нечаканыя для мяне — напрыклад, «Bossa nova» — пра Варшаву. Усё патрабуе каментара, таму што гэта занадта сур’ёзнае, а каментар больш аблегчаны. Мне здаецца, што ў такім выглядзе яно будзе лепей успрымацца. Гэта натуральны стан маіх сучасных сольных канцэртаў — шмат размоваў паміж мною і публікай. Да таго ж вітаюцца выкрыкванні з месца. Для тых, хто саромеецца, ёсць цыдулкі, якія можна дасылаць мне. Я з задавальненнем адказваю і на пытанні, якія прыходзяць раней. Я ўжо прызвычаіўся чытаць чат пад сваімі актыўнасцямі.
— Чаму лічыце важным не толькі спяваць, але і размаўляць з людзьмі са сцэны?
— Былі моманты, калі любыя мае спробы весці канцэрт і хахміць, ці проста нешта каментаваць, абрываліся калегамі з гурта — яны проста прыкрыквалі на мяне. Гэта само па сабе выглядала як кавалак шоу — быццам мы гэта падрыхтавалі. Але насамрэч пасля канцэрта мне даставалася ў холку — казалі: «І што ты там зноў зацягваеш!». Калісьці мы проста запар гралі песні, выбудоўвалі такую лінію канцэрта, каб людзей падхапіла хваля бліжэй да сярэдзіны, і несла да самых «бісоў». Мы казалі толькі «дзякуй», «наступная песня», альбо наогул толькі адна песня заканчвалася, і адразу гучала іншая. Некаторым артыстам і не патрабуюцца размовы — усё, што варта сказаць, закладзена ў песні. Я таксама такі артыст. Але зараз мне хочацца пагутарыць, адчуваю тое, што і ўсе мы: кола блізкіх сяброў паменшалася катастрафічна, а колькасць сустрэч павялічылася — але з людзьмі больш выпадковымі. І ўсе аб’яднаныя адным і тым жа жаданнем усталяваць сваё жыццё, да чагосьці прычапіцца.
Часам здаецца, што мне ёсць што сказаць, адкрыць нейкія новыя сэнсы. Можа, таму што я сустракаюся з вялікай колькасцю суполак, людзьмі з розных гарадоў, краін — за апошні час я быў у Швецыі, Даніі, Нямеччыне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, на Кіпры. І паўсюль — сотні беларусаў, і кожны з іх прыносіць з сабой кавалачак яшчэ сотні. Атрымліваецца такое вялікае беларускае братэрства. Ёсць што сказаць тым, хто са мной не ездзіў, а проста прыйшоў на канцэрт. І маё разуменне шмат каму дапамагае.
Бачу, што людзі выходзяць з канцэртаў крышачку прасветленымі. Яны бачаць маімі вачыма перад сабой яшчэ дваццаць мільёнаў людзей. Не гэтую сцяну і маленечкую рэлакацыю, а дваццаць мільёнаў беларусаў.
— Вось вы сказалі «беларускае братэрства». Ці не назіралі вы сітуацыі, калі людзі, якія, апынуўшыся ў бяспецы, адчуўшы смак свабоды, спачатку цягнуліся да свайго, беларускага, але потым інтэграваліся ў замежную культуру і пачыналі губляць інтарэс да барацьбы?
— Гэта натуральны стан рэчаў: па-першае, людзі асімілююцца, а па-другое, мозг не можа доўгі час знаходзіцца ў барацьбе — гэта разбуральна ўздзейнічае на асобу. Калі чалавек не ўсталюе сябе ў новым грамадстве, новай краіне, ён будзе непрацаздольны, не годны для нашай перамогі. Менавіта таму і трэба зрабіцца паспяховым, нармальным. Краіна і ментальнасць іншыя — трэба прыняць умовы гульні.
Я не баюся за тую моладзь, якая асімілюецца, за тых, хто застанецца за мяжой. Раней людзі жылі ў іншых краінах і былі часткай Савецкага Саюза, Расійскай імперыі. А гэтыя людзі ўжо будуць часткай нашай Беларусі — кайфовай часткай. Там вырастуць новыя людзі, тут застануцца гэтыя — будзе такая вялікая Беларусь.
Тыя, хто захочуць вярнуцца, прынамсі я, вернуцца. А тыя, хто застануцца, будуць аб’яднаныя чымсьці большым, чым проста механічная сувязь. Зараз існуе геніяльны сродак размовы: мы бачым адно аднаго на экранах, а маглі б сядзець праз стол і нават узяцца за руку, папіць кавы і адчуць пах гэтай кавы. Але ў прынцыпе гэты сродак робіць адлегласці не такімі істотнымі.
«Я планую перамагчы і вярнуцца дахаты»
Некаторыя за мяжой харахорацца і кажуць: «Усё нармальна, я буду тут жыць».
Я планую перамагчы і вярнуцца дахаты — мне здаецца, мы ўсе мусім менавіта на гэта працаваць, вярнуць сабе сваю краіну. Потым, калі яна будзе вернута, можна будзе жыць на адлегласці ад яе.
Трэба, каб мая краіна ў мяне была, каб я мог у любы момант вярнуцца, каб мог кіраваць сваім жыццём, лёсам. Я стаўлюся з сімпатыяй да людзей, якія знаходзяць сябе. Не люблю, калі хтосьці кажа кепскія словы пра нашу радзіму. Такія людзі, напэўна, атрымалі шмат негатыву там, а тут атрымліваюць столькі пазітыву, што лічыць, быццам маюць на гэта права. Тым, што мы можам так лёгка ўбудавацца ў еўрапейскае жыццё, мы мусім быць удзячныя таму, што наша грамада таксама еўрапейская. Ментальная розніца ёсць, але яна не катастрафічная, нам не трэба надта мяняцца.
Па-польску я размаўляю лепей за большасць маіх знаёмых, якія ўжо жывуць у Польшчы па дзесяць гадоў. Але іншыя мовы, напрыклад, нямецкая, ангельская, у мяне на значна горшым узроўні, і я ўвесь час намагаюся іх падцягнуць, каб мець магчымасць і там убудавацца. Але я ніколі не збіраюся пазбаўляцца нашага акцэнту.
Я нашу з сабой як харугву, як сцяг — Беларусь. У 2020 годзе наш сцяг стаў самым лепшым на ўвесь свет! Нас з дзесяці мільёнаў рэзка стала дваццаць.
Былі тры хвалі эміграцыі, якія пачаліся яшчэ перад Першай сусветнай вайной — тады родны брат майго дзеда з’ехаў у Амерыку. І эмігранты, якія былі такія «ну, короче, мы тут все русские», нечакана ператварыліся ў беларусаў падчас пратэстаў. Тут у Варшаве з’явілася ронда Вольнай Беларусі. Спадзяюся, што наша прыгожая хваля паказала нас з самага лепшага боку і ў першую чаргу — нам самім, мы ўбачылі адно аднаго.
І нават калі свет мяняецца, калі вайна ва Украіне ўсё засланіла і змыла, наша рэвалюцыя — самае моцнае, што ў нас было. І гэта ўжо нікуды не падзенецца, гэта назаўжды застанецца з намі.
Выступ Піта Паўлава ў Польшчы
— У 2020 годзе вы шмат выступалі з дваравымі канцэртамі, якія былі моцнай маральнай падтрымкай для беларусаў. Ці магчыма адрадзіць гэты фармат за мяжой?
— Таго, што было ў Беларусі, тут, канечне, не будзе: калі я выйду тут у двор, збяруцца мясцовыя палякі, паслухаюць, усміхнуцца. Але калі хтосьці ўсё ж такі захоча зрабіць дваравы канцэрт за мяжой, я буду першым, хто прыме ў ім удзел. Зараз у мяне запланаваныя Познань, Гданьск, Кракаў, мабыць, Уроцлаў і Беласток — там і будуць тыя самыя дваравыя канцэрты ў маіх вачах.
Выступ у гонар Слуцкага збройнага чына
На дваравых канцэртах у Беларусі часта не было мікрафона, апаратуры, дзеці бегалі пад нагамі, спрабуючы перакрычаць мяне і гітару. У тых умовах ніякага стэндапа не магло быць — я проста спяваў песні, якія людзі маглі падхапіць — выпрацаваўся спіс, а потым з’явіліся аркушы з коміксам і песеннікам, каб можна было сачыць за тэкстам. Не сакрэт, што многія ведаюць «Простыя словы» і «Тры чарапахі», але гэта хіба ўсё — калі даходзіла да старых песень N.R.M., пачыналі блытацца. На вечарынах зараз ёсць магчымасць паставіць мікрафон, падключыць гітару, сыграць нешта вельмі прыгожае, зрабіць усё артыстычна, з высокай якасцю гуку, выканання — зараз я шмат займаюся, запісваюся, адчуваю сябе ў вельмі добрай форме.
— Ці змянілася беларуская музыка якасна з пераездам шматлікіх беларускіх артыстаў за мяжу? Як паўплываў пераезд на вашу творчасць?
— Я шмат чаго пачаў рабіць яшчэ ў Беларусі — у кавідны час напісаў столькі музыкі, што зараз усё гэта проста дарабляю. У мяне ёсць этнічны альбом для гурта «PAPARAĆ» — выдаю па адной песні. Ёсць яшчэ не выдадзены альбом N.R.M. Быў выдадзены тут у Польшчы сольны альбом «Зброя, золата, кабеты». І яшчэ ў мяне ў працы два — адзін акустычны, вельмі прыгожы. Дзіўным чынам тут таксама пішуцца новыя песні, але зрабіць модную рокавую неяк не выпадае і не хочацца.
«Не люблю пісаць звышактуальныя песні, але пра гэты стан хочацца сказаць»
Прызнаюся шчыра, я не люблю пісаць звышактуальныя песні, але пра цяперашні стан хачу нешта сказаць. Мне здаецца, гэта ўнікальнае становішча, якое больш ніколі не паўторыцца: мы ў прымусовай эміграцыі, у цэнтры вайны.
Хто б сказаў, што на наш век выпадзе жорсткая вайна, у якой гінуць ужо мае сябры з Палка Каліноўскага. Днямі загінуў яшчэ адзін хлопец — я не быў асабіста знаёмы з «Кракавам», але я бачыў іх усіх на канцэрце, і таму, напэўна, і ён быў там. Гэта ўжо кавалак мяне. Нешта ў тэксты трапляе з актуальнага жыцця, не наўпрост, але ў выглядзе метафар. Вось тое, што я сказаў зараз, магчыма, таксама трапіць у тэкст.
— Давайце закранем ваш выступ ва Украіне для Палка Каліноўскага. Як гэта было для вас і для Каліноўцаў? Як вас успрынялі, ці стаў канцэрт падтрымкай для хлопцаў?
— Яны паставілі на кон сваё жыццё. Мне казалі прадстаўнікі Палка, што вельмі хочуць пабачыць мяне, мяне там чакаюць. Я быў першым, хто паехаў да іх з канцэртам. Прыйшоў туды, дзе яны адпачываюць і займаюцца вучобай, апрануў белую кашулю. Крышку нават хваляваўся, бо спачатку ўзнікла нейкая дыстанцыя. Яны сядзяць, не рэагуюць, не падпяваюць, не пляскаюць у далоні. А потым нечакана гэты мур разбурыўся, і пачаўся звычайны канцэрт, цяпло такое пацякло з зала. І я так разумею, што дыстанцыя паміж вайной і нармальнасцю такая вялікая, што ім было цяжка яе пераадолець.
Я пажыў некалькі дзён з хлопцамі, быў на баявых занятках — іх для мяне праводзіў камандзір Палка. І потым адразу адбыўся яшчэ адзін канцэрт для маладых рэкрутаў, якіх толькі-толькі набралі. Там быў акоп выкапаны — у гэтым акопе я зайграў, апрануты ў вайсковае. І як не дзіўна, гэты канцэрт атрымаўся значна больш цёплым — нягледзячы на тое, што хлопцы былі ў балаклавах, не бачна было ані твараў, ані вачэй, яны не маглі падпяваць, былі стомленыя, ім, напэўна, увогуле было не да таго.
Значна больш я атрымаў, проста размаўляючы з людзьмі, з прадстаўнікамі Палка, кіраўніцтвам, з тымі, хто рыхтуецца да фронта. Там ёсць ядро, людзі, якія вучаць байцоў, трэніруюць, апранаюць, кормяць. У тым ліку вялікая колькасць дзяўчат, якія займаюцца медыя, мерчындайзінгам. Махіна сучаснай вайны патрабуе гэтых людзей, тых, хто вядзе кінжальны агонь — адзінкі. Сучасная вайна — яна іншая. Каб гэта зразумець, трэба да гэтага дакрануцца.
— Ці было вам страшна там знаходзіцца?
— Ведаеце, мне было страшна, што з-за маёй звычкі выпячваць сябе, посціць — а каб збіраць для Палка грошы, я вымушаны быў гэта рабіць — я магу нанесці шкоду, напрыклад, дэмаскаваць усё, бо тэлефон можна адсачыць.
Адзінае, што мяне турбавала — каб ад мяне была хаця б мінімальная карысць, і не было шкоды.
Я ж не хадзіў у штурмавыя атакі. Першую ноч я правёў у знаёмых з Палка ў Кіеве. Яны мне сказалі зранку, што быў налёт уначы на Кіеў, але, шчыра прызнаюся, я нават не прачнуўся — быў цяжкі шлях, я позна прыехаў і тупа праспаў налёт.
— І зноў вернемся да музыкі. Заўважыла, што на канцэрты беларускіх музыкантаў часта прыходзяць замежныя слухачы — бачна цікавасць да нашай музыкі. А ці ёсць шанец у яе стаць сапраўды папулярнай на сусветнай сцэне дзякуючы эміграцыі многіх беларускіх артыстаў?
— Мы калісьці аб’ехалі ўсю Польшчу з N.R.M. І на самым піку папулярнасці гурта, дзякуючы нашаму сяброўству з польскімі франтмэнамі, мы мелі сцэну разам з імі. У нас ужо з’явілася нават публіка з палякаў, якія ведалі пра нас. Польская публіка вельмі адукаваная. Палякі могуць зацікавіцца чымсьці, сачыць за гэтым, спраўджваць — яны пачалі наведваць нашы канцэрты. Але мой досвед паказвае, што рок-музыка патрабуе глыбокага разумення матэрыялу — наша музыка так зроблена, песні N.R.M., мае песні.
«Лепей рабіць сваю вельмі моцную рокавую хвалю»
Быў момант, калі N.R.M. быў проста модным, на яго хадзілі ўсе. Зараз такой моды няма, прыходзяць на канцэрты, каб адчуць сябе ў кампаніі беларусаў, пабыць сярод сваіх. Палякі наведваюць, каб абагрэцца нашым цяплом, нашым колам.
Разлічваць на вялікі поспех чагосьці, акрамя нашай этнічнай музыкі, мне здаецца, не варта. Няма шанцу, што людзі зацікавяцца беларускай рок-музыкай на беларускай мове. Можа, хтосьці выбітны, харызматычны, прыгожы так спадабаецца, так улезе ў сэрца, што з адной песняй ці з адным жэстам дагрукаецца да насельніцтва зямлі, атрымае пятнаццаць хвілін славы. Але лепей рабіць сваю вельмі моцную рокавую хвалю. Чаму нас тады слухалі? Таму што яна ў нас была. Нам часта палякі казалі, што наша плыня нагадвае ім плыню, якая была ў іх раней, што яны адчуваюць больш малады, энергічны кірунак.
У Амерыцы такая класная музыка, што я не ведаю, што можна там прапанаваць (смяецца). Аднойчы ў Берліне граў N.R.M., а перад ім — амерыканская каманда аднаго з намі веку. І я падумаў, што калі б вось у Менску яны сыгралі, то ўсе б сказалі: «Вот это да, американская группа, такая рок-команда!». Але яны прыйшлі да нас у грымёрку і зразумелі, што мы сапраўдны рок-калектыў, а яны толькі пачаткоўцы. Хаця музычна гралі, напэўна, лепей за нас, у іх было больш сусветнага лоску. І часта ў амерыканцаў і англічанаў адчуваеш гэты лоск, яны бліжэй да традыцыі, бліжэй да каранёў. Там нават калі чуеш пачынаючых бубнача з басістам, адразу думаеш: «Во, клас!», хочацца з імі граць. Але яны не маюць адметнасці. Мы пачынаем граць, і адразу зразумела, што гэта нешта свежае.
І, магчыма, гэта адзінае, што мы можам даць свету: іншую меладычнасць, фанетыку, разуменне свету, жыццёвую філасофію — думаю, што гэта даволі шмат.
— Якія ў вас планы на бліжэйшы час? Чаго чакаць ад N.R.M., ад Піта Паўлава?
— Я планы свае ўжо здрадзіў — трэба дарабіць вялікую колькасць таго, што распачаў — амаль пяць альбомаў данесці да людзей. Зараз дапісваю сцэнар, ён амаль гатовы — сцэнар фільма, магчыма, серыяла, монаспектакля ці п’есы. Усё залежыць ад таго, да каго я дагрукаюся, дзе змагу яго паказаць. Здымаць серыял — гэта адны фінансы, поўны метр — іншыя. Монаспектакль я магу паставіць сам. Хаця лепей, канечне, было б, каб добры рэжысёр крышачку даў мне па лапах і па вушах, дысцыплінаваў мяне, выказаў сваё бачанне.
«Адна з маіх амбіцый — зрабіць з беларускай музыкі ў эміграцыі больш заўважную з’яву, чым яна ёсць зараз»
Ёсць яшчэ мая інтэрнэт-актыўнасць, якая мне здаецца таксама вельмі істотнай. На маім YouTube-канале ёсць цыкл праграм «Памежжа». Я туды запрашаю вядомых і менш вядомых музыкаў з мэтай паказаць, у якім стане яны знаходзяцца. Амаль у кожнай праграме мы з імі граем якую-небудзь з іх песень. Стан на хвалі эміграцыі, стаўленне да рэвалюцыі і вайны, перамяшчэнні праз Грузію, Турцыю, Польшчу, Нямеччыну, Нідэрланды ў кожным выпадку выглядаюць вельмі нечаканымі і цікавымі.
Зараз няма адзінай кропкі крышталізацыі, усе працуюць паасобку — адзін гурт там, другі — тут, няма агульнага фестывалю, музіцыравання, перадачы, каб усе маглі там паказацца, аб’яднацца. Я спрабую са свайго боку крышачку зрабіць у гэтым кірунку: каб музыкі бачылі адно аднаго, бачылі, што мы частка аднаго вялікага музычнага з’явішча. Мы свядома мусім на гэта працаваць, нягледзячы на тое, што мы знаходзім сваё месца ў польскім і еўрапейскім свеце. Нават тых, хто адмаўляе наш уплыў, я лічу вельмі істотнымі нашчадкамі.
Адна з маіх амбіцый — зрабіць з беларускай музыкі ў эміграцыі больш заўважную з’яву, чым яна ёсць зараз.
Нас не бачна, усе, нават самыя таленавітыя, вымушаны граць нешта не сваё. Для гэтага трэба, каб мы маглі адно аднога падтрымаць і музычна, і ментальна. Мая музычная прастора, мая праграмка — гэта маленечкі ўнёсак у агульную справу. Я такі не адзін, шмат хто гэтым займаецца, ёсць людзі больш энергічныя, чым я, тыя, хто лепей адчуваюць сучаснасць, трэнды.
Я звычайна прашу падпісвацца на ўсе беларускія каналы. Мы слухаем расійскіх блогераў, украінскіх блогераў, але сярод іх няма беларускіх. Нам трэба стварыць беларускі YouTube. Лепшы шлях — падпісвацца, лайкаць, пакідаць каментары, дараваць некаторым недакладнасць. Наша кола — гэта толькі мы.
«Наша кола — гэта толькі мы»
Як я знаходжу герояў для праграмы? Рана ці позна ўсе да мяне дакранаюцца, ці я дакранаюся да іх. Прыедзе новы чалавек, і недзе з ім мы нос у нос сустракаемся, а праз тыдзень ужо разам граем. Гэта вельмі натуральна для мяне, пры тым, што я не тусоўшчык. Часам выходжу па сваіх справах і — я жыву ў цэнтры Варшавы — проста сустракаю нашых, размаўляю з імі. Я нават крышачку разбэшчаны, мяне часта ўпікаюць у тым, што я карыстаюся сваім службовым становішчам — так, карыстаюся.
Таццяна Краўчанка, Budzma.org
Фота з уласнага архіва Піта Паўлава