У падмурку кожнай значнай з’явы культуры — нечая задума, ідэя, нечы энтузіязм... Часам выток губляецца ў цемры гісторыі, часам адбываецца чарговая несправядлівасць, і заслуга стварэння прыпісваецца іншым... Здараецца, што слушную ідэю, затаптаную неспрыяльнымі абставінамі, адраджаюць наступнікі... Тым не менш заўсёды цікава знаходзіць звесткі пра ўзнікненне тэатра, творчага аб’яднання, выдавецтва, музея, піша Людміла Рублеўская ў «Звяздзе».
Да вытокаў Пталемеева Хронаса
Калісьці ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва я знайшла велізарны спіс, складзены мастаком Яўгенам Куліком разам з сябрамі адносна таго, якія музеі варта стварыць у Беларусі. Гэта была такая вялізная папяровая «прасціна», склееная з аркушаў, дзе можна знайсці і тыя праекты, якія здзейсніліся ці здзяйсняюцца сёння, — прыкладам, музей Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, Юравіцкая палеатычная стаянка, пазначаная як «самае старажытнае паселішча на тэрыторыі Беларусі», музей-аптэка ў Гродне ці музей гісторыі Мінска ў адноўленай Мінскай ратушы. Ёсць там такія прапановы, як мемарыялізацыя вытоку Нёмана — «легендарнага Хронаса Клаўдзія Пталемея», стварэнне музея беларускага плытагонства, музеі — дзеючыя батлейкі, музеі «Мінская гімназія» і «Слуцкая гімназія», музей Мінскага антыфашысцкага падполля ў Старым горадзе і Музей нацыянальнай вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі. Больш за сотню пунктаў.
Ёсць на тых аркушах і прапанова стварэння археалагічнага музея «Строчыцкае гарадзішча». Гэта там, дзе сёння знаходзіцца Музей народнай архітэктуры і побыту, у Мінскім раёне паміж вёскамі Азярцо і Строчыцы — унікальны этнаграфічны комплекс пад адкрытым небам, першы музей-скансэн на Беларусі. Ідэя стварыць падобны музей належала яшчэ Фердынанду Рушчыцу, ён гаварыў пра гэта ў 1908 годзе, але так і не здзейснілася — не да таго было. Першая сусветная вайна, Грамадзянская, потым Вялікая Айчынная... Потым аднаўленне пасля ваеннай разрухі... У 1950-х схамянуліся беларусы — дык не так шмат ад старой народнай архітэктуры засталося!
Вазок, калёсы, панарады
А нядаўна ў архівах таго ж БДАМЛМ я знайшла рукапіс ліста, надрукаванага ў газеце «Літаратура і мастацтва», згодна з пазнакай, 25 жніўня 1966 года. Ліст мае назву «Створым этнаграфічны музей».
«Для пачатку нагадаем некалькі радкоў з бессмяротнага твора Якуба Коласа «Новая зямля» — гэтай энцыклапедыі дарэвалюцыйнага жыцця беларусаў. Памятаеце? —
На прыгуменні, поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя сані, восі, колы,
І вулляў некалькі на пчолы,
Яшчэ няскончаных; судзіна,
Стары цабэрак, паўасьміна...
Гуменца, крытае саломай,
Ад доўгіх часаў пасівела...»
Так паэтычна пачынаецца ліст, каб нагадаць пра самабытнасць беларускай народнай сядзібы, на якой мужык не толькі гібеў, «але і колькі прыгажосці стваралася тут мазольнымі мужычымі рукамі, колькі шчаслівых хвілін правёў тут «бядак пахілы», вырабляючы тыя ж «вазкі, калёсы, панарады», колькі цудоўных песень і казак нарадзілася пад саламянай страхой яго курнай хаты!»
Рэдактарская рука ўпісала слова «вырабляючы» замест ужытага ў тэксце «вымаглёўваючы». Нядзіўна: слова такога ў слоўніках няма, магчыма, гэта абдрукоўка, і аўтары ліста хацелі ўжыць слова «выгаблёўваючы». Вось рэдактар і паправіў тое «вымаглёўваючы» на ўцямнае «вырабляючы».
Далей у лісце развагі, што старая вёска аджывае. «Ідзе натуральны працэс адмірання старога. Знікаюць прадметы побыту, якімі карысталіся сяляне стагоддзямі. Разбіраюцца на дровы струхнелыя дзедаўскія і прадзедаўскія хаты. Жанчыны здаюць на ўтыль рэшткі таго адзення і тканін, якія некалі шылі ці ткалі іх бабулі і прабабулі... Пройдзе яшчэ дзесяцігоддзе і не знойдзеш на вёсцы ні кроснаў, ні прасніцы, ні лапцей. Ужо сёння амаль немагчыма адшукаць людзей, якія б умелі плесці лапці, рабіць лубяныя кашы, рэшаты і падсіткі, драўляныя лыжкі і апалонікі...»
У гэтым фрагменце ліста зноў рэдактарская праўка — упісана «на ўтыль» замест ужытага каларытнага слова «рызнікам» («здаюць рызнікам рэшткі таго адзення і тканін», то-бок «тряпичникам»). Што, уласна кажучы, якраз ілюструе працэс знікнення аўтэнтыкі, пра які гаворыцца ў лісце, толькі ў мове.
І каб не забывацца свайго, каб наша гісторыя не загінула, не знікла бясследна, аўтары ліста прапаноўваюць стварыць «этнаграфічны музей пад адкрытым небам, або філіял Дзяржаўнага музея Беларускай ССР, што ўяўляў бы сабою цэлую вёску з рознага тыпу дамоў, гаспадарчых і іншых збудаванняў, зцягненых з усіх куткоў Беларусі, дзе была б дакладна ўзноўлена абстаноўка, у якой жылі нашы людзі на працягу апошніх стагоддзяў».
Пасля гэтых радкоў ліст склеены, па краях склейкі відаць праўкі чырвоным алоўкам і атрамантам, магчыма, так знаходзіўся выкраслены фрагмент.
Потым ідзе абгрунтаванне падзелу музея на часткі паводле рэгіёнаў Беларусі:
«Зямля наша мае шмат цікавых куткоў, і побыт нашых людзей, які складваўся на працягу стагоддзяў, у розных месцах таксама разнастайны і своеасаблівы. Гомельшчына не падобна на Брэстчыну, Полаччына на Навагрудчыну. Розныя тут і архітэктура хат, і гаспадарчых будынкаў, розныя прадметы хатняга ўжытку, рознае адзенне, прылады працы. Музей дапаможа ўбачыць усё гэта наглядна».
А як прыклад такога музея прыводзяцца Латвійскі этнаграфічны музей у Рызе і славутыя Кіжы ў Петразаводску. «Такія музеі дазваляюць захаваць на вякі помнікі своеасаблівага драўлянага дойлідства, у іх жа захаваны і ўзноўлены побыт нашых продкаў... У такім музеі юныя наведвальнікі не з падручнікаў па гісторыі, а ўвачавідкі зразумеюць, як жылі іх прадзеды. Мастакі змогуць убачыць і адчуць у музеі вытокі і традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва, змогуць улавіць у ім той асаблівы народны, нацыянальны дух і каларыт, які дапаможа ім стварыць глыбоканацыянальныя сучасныя творы мастацтва...»
Аўтографы зорак
Аўтары абгрунтоўваюць значэнне такога этнаграфічнага музея, які аб’яднае і краязнаўчыя школьныя гурткі, і шматлікіх энтузіястаў-аматараў, і навукоўцаў і павінен знайсці падтрымку ў шырокай грамадскасці. Справа не на адзін год...
«Але ўжо сёння трэба неадкладна вырашыць шэраг пытанняў. Неабходна, напрыклад, ужо сёння прадугледзець месца, дзе будзе створаны музей. Мясцовасць павінна мець характэрны беларускі ландшафт, добрыя пад’езды для турыстаў і экскурсантаў. Нам здаецца, што для гэтага падыдзе адзін з куточкаў на беразе Мінскага мора. Сёння там ідзе значнае будаўніцтва, таму трэба тэрмінова, загадзя паклапаціцца, каб пакінуць пад музей пэўны ўчастак. Па-другое, неадкладна трэба правесці вялікую прапагандысцкую і растлумачальную работу сярод насельніцтва, звярнуцца да краязнаўчых музеяў, школьных краязнаўчых гурткоў з просьбай, каб людзі адшуквалі і захоўвалі тое, што засталося ў нас этнаграфічна каштоўнага.
Стварэнне Беларускага этнаграфічнага музея пад адкрытым небам — важная дзяржаўная справа. І яе трэба вырашыць неадкладна».
У канцы ідуць прозвішчы аўтараў ліста з іх уласнаручнымі аўтографамі. Калі ліст, падобна, не першы асобнік, дык прозвішчы і пасады аўтараў надрукаваныя не пад капірку і аўтографы аўтэнтычныя. А падпісанты — гэта цвет беларускай творчай інтэлігенцыі таго часу:
«П. Броўка, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР;
П. Глебка, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору;
Б. Платонаў, народны артыст СССР;
Р. Шырма, народны артыст СССР;
К. Крапіва, народны пісьменнік Беларусі;
І. Ахрэмчык, народны мастак БССР;
Ул. Стэльмашонак, старшыня праўлення Саюза мастакоў БССР;
В. Аладаў, старшыня праўлення Саюза архітэктараў БССР».
Да такога зорнага складу не маглі не прыслухацца! Распісаліся ўласнаручна на гэтым асобніку ўсе аўтары ліста, акрамя мастакоў — Ахрэмчыка і Стэльмашонка. Магчыма, іх подпісы былі на іншым асобніку, у любым выпадку, у газеце іх надрукавалі. Відаць, што людзі падпісваліся рознымі ручкамі, чарнілам розных колераў, значыць, нехта ездзіў, збіраў подпісы. Цікава, хто аўтар тэксту? Верагодней за ўсё, хтосьці з пісьменнікаў, а хто? Броўка, Глебка ці Кандрат Крапіва? Ці сачыняў не адзін чалавек?
Пастанова аб стварэнні першага на Беларусі музея-скансэна была прынята 9 снежня 1976 года — гэтая дата і лічыцца днём нараджэння музея. Для лакацыі скансэна выбралі ўсё-ткі не раён Мінскага мора, як прапаноўвалася ў лісце, а месца, непадалёк ад якога, паводле адной з версій, на рацэ Менцы быў заснаваны старажытны Менск.
Ствараўся Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту не адзін год: здзяйснялася шмат навуковых экспедыцый па рэгіёнах, вывучалі і даследавалі аб’екты. А колькі цяжкасцяў пераадолена, калі разбіралі пабудовы з розных вёсак і мястэчак, прывозілі іх у вёску Азярцо, потым манціравалі наноў... Як прапаноўвалася, музей падзелены на этнаграфічныя рэгіёны: Паазер’е, Падняпроўе і Цэнтральную Беларусь. Сёння ў склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб’ектаў, створаных у канцы XVІІ — пачатку ХХ стагоддзя. Едуць туды не толькі падзівіцца на экспанаты, але і на розныя фэсты — ад рыцарскага да спаборніцтва званароў, паўдзельнічаць у старажытных абрадах ці навуковых канферэнцыях, павучыцца ў народных майстроў, патанчыць, паспяваць... І натхніцца беларускай народнай культурай. Усё, як марылі аўтары колішняга ліста.