Напрыканцы 1926 г. Грамада ператварылася ў масавую палітычную партыю. Колькасць яе сяброў перавысіла 100 тыс., і рост шэрагаў не спыняўся. Можна цалкам пагадзіцца з Алегам Латышонкам і Яўгенам Мірановічам, якія сцвярджаюць, што “для пераважнай большасці беларусаў Грамада была надзеяй на перамены, сілай, што нагадвала беларусам пра іх чалавечыя і грамадзянскія правы, партыяй, якая ўголас казала польскім уладам, што думаюць пра іх беларусы. Гэта была арганізаваная форма пратэсту супраць крэсовай рэчаіснасці2 .
Аднак “выбух” Грамады не закончыўся ператварэннем партыі ў рэальную палітычную сілу на палітычнай сцэне міжваеннай Польшчы. Яна знікла таксама імгненна, як і нарадзілася. У студзені 1927 г. адбыліся масавыя арышты грамадаўскіх дзеячаў, у т.л. партыйнага кіраўніцтва, да якога належалі паслы сейму Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валожын і Пётр Мятла. Разам з імі быў арыштаваны пасол сейму ад Незалежнай сялянскай партыі Фёдар Галавач. Арышт паслоў без санкцыі сейма быў сапраўдным палітычным скандалам, непасрэднае дачыненне да якога мелі вышэйшыя службовыя асобы ІІ Польскай Рэспублікі.
Успаміны міністра юстыцыі Аляксандра Мейштовіча і тэкст ягонага выступу ў сеймавай камісіі па рэгламенту дазваляюць зазірнуць за кулісы разгрому Грамады. Гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі імя Асалінскіх у Вроцлаве. Раней дакументы не друкаваліся. Між тым успаміны і тэкст выступу А.Мэйштовіча ў спалучэнні з дзённікавымі запісамі маршалка сейма Мацея Ратая (Rataj M. Pamiętniki. Warszawa, 1965) значна паглыбляюць разуменне матываў і механізмаў ліквідацыі польскімі ўладамі адной з самых папулярных беларускіх партый ХХ ст.
Успаміны і тэкст выступу А.Мейштовіча, а таксама дзённікавыя запісы М.Ратая друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову. Дакументы публікуюцца з невялікімі скарачэннямі, якія не ўплываюць на змест.
Аляксандр Мэйштовіч. Прычыны маёй адстаўкі*
Сітуацыя ў Паўночна-ўсходніх ваеводствах
Ішоў час, і сітуацыя пагаршалася з дня на дзень. Камуністычная дзейнасць, якая разгортвалася пад прыкрыццём Грамады, ахоплівала ўсё больш шырокія колы. Колькасць гурткоў, якія былі органамі Грамады, павялічылася з 350 у верасні да 800 напрыканцы лістапада. Агітацыя вялася таксама сярод рэкрутаў. Агітатары заклікалі не плаціць падаткі, змагацца з паліцыяй і не выконваць распараджэнняў уладаў. Адкрыта гаварылася пра вясновае паўстанне і пра адарванне Беларусі ад Польшчы.
Сцвярджалася, што зброю перададуць Саветы падчас лясных працаў. Што датычыць дзяржаўных інвестыцый, то раздаваліся галасы здзіўлення: “Навошта ўсе гэтыя выдаткі, калі ўвесну тут ужо не будзе Польшчы?” Гурткі кіравалі гмінамі, загадвалі і выдавалі пропускі на пераход бальшавіцкай мяжы, узяўшы на сябе функцыі органаў улады. Дэзарыентаванае насельніцтва не ведала, ці падпарадкоўвацца польскай уладзе, ці гурткам, а беспакаранасць апошніх дэмаралізавала паліцыю, якая бяздзейнічала, баючыся перакрочыць свае паўнамоцтвы.
Аляксандр Мейштовіч
Наступствы агітацыі былі ўсё больш небяспечнымі. У Карэлічах Наваградскага ваяводства былі вывешаныя траспаранты з заклікамі да дзяржаўнага перавароту, знішчаны тэлеграфны провад, адбыўся напад на паліцыю. У Беняконах таго ж ваяводства напад на паліцыю адбыўся пасля масавай антыдзяржаўнай дэманстрацыі. У Косаўскім пав. у вёсцы Акулец і ў лясах Ражанскага надляснічаства былі вывешаныя плакаты з абяцаннем рэвалюцыі. У Ваўкавыскім пав. быў забіты агент Ганчароў. У Туніловічах Дзісненскага пав. забілі супрацоўніка паліцыі Івашкевіча. Падчас выбараў у Брэсце камуністычнае “рабочае адзінства” заклікала да адзінага фронту і да нацыянальнага самавызначэння аж да адарвання ад Польшчы ды інш.
Пракуратура сабрала доказы таго, што грошы на дзеянні Грамады ідуць з Бальшэвіі праз Беларускі банк у Вільні і яго філіялы ў Паставах і Пінску. Гэта пацвердзілі паказанні Ясіньскага і забітага потым Горына.
Прашэнне пра адстаўку
Усё гэта я выклаў у кароткім мемарандуме, дзе сцвярджаў, што пракуратура імкнецца высветліць і нейтралізаваць кіраўнікоў і выканаўцаў антыдзяржаўнай дзейнасці. Быў пэўны, што рэпрэсіі трэба прыспешыць. Патрабаваў супрацоўніцтва адміністрацыйных органаў, цеснага кантакта ўладаў з правінцыйнымі арганізацыямі ІІ аддзела Штаба. Я збіраўся паўторна звярнуцца да сейма з просьбай дазволіць арышт дэпутатаў, якія кіравалі Грамадой.
У сувязі з набліжэннем перапынку ў працы сейма я тлумачыў, што паводле артыкула 21 Канстытуцыі арышт дэпутатаў без дазволу сейма дапушчальны толькі ў выпадку затрымання з палічным, гэта значыць у момант здзяйснення злачынства і ў сітуацыі, калі затрыманне з’яўляецца неабходным для забеспячэння правасуддзя альбо для нейтралізацыі наступстваў злачынства. Пры гэтым пра арышт трэба неадкладна завядоміць Маршалка сейма, а па яго патрабаванню арыштаваны дэпутат павінен быць адразу вызвалены.
Маршал Пілсудскі выслухаў мае аргументы і прыняў рашэнне адкласці пачатак рэпрэсій да моманту абмена палякаў, арыштаваных у Бальшэвіі, на бальшавікоў, што сядзелі ў польскіх турмах <…> . Адразу ўсё змянілася. Мая адстаўка не была прынятая, і я атрымаў дазвол неадкладна распачаць рэпрэсіі пры поўнай падтрымцы ўсіх уладаў.
Цяпер ролі змяніліся. Міністэрства ўнутраных справаў патрабавала як найхутчэй прыступіць да ліквідацыі Грамады, а пракурору Пшыбыльскаму быў патрэбны час для падрыхтоўкі цэлага шэрагу вобыскаў і арыштаў, якія павінны былі адбыцца на працягу аднаго дня.
У рэшце рэшт было вызначана, што рэпрэсіі распачнуцца паміж 9 і 15 студзеня ў дзень, якія вызначу асабіста я. У гэты самы дзень, а г.зн падчас сеймовых канікул, павінны былі адбыцца арышты дэпутатаў сейма, якія належылі да змовы. Я згадзіўся на гэта, хоць выдатна разумеў, што арышт дэпутатаў без згоды сейма, створыць для мяне цэлы шэраг праблемаў, якіх можна было пазбегнуць. Я ведаў, што на гэтай справе вельмі лёгка магу “страціць галаву”, але таксама разумеў, што час патрабуе рашучых дзеянняў, і што я павінен скарыстаць з сітуацыі, калі маю развязаныя рукі.
На карысць арышту дэпутатаў падчас святочных канікул сведчыў яшчэ адзін сур’ёзны аргумент. Дэпутаты мелі на сумленні шмат справаў, якія б не патрапілі ў афіцыйны зварот да сейма пра іх выдачу ў сувязі з дзейнасцю Грамады. Афіцыйны зварот мог напалохаць кіраўнікоў і выканаўцаў Грамады, справакаваць іх пабег і ўкрыццё матэрыялаў, якія можна было здабыць шляхам нечаканых вобыскаў.
Ператрусы і арышты
Уначы з 14 на 15 студзеня 1927 г. адбыліся шматлікія вобыскі ў Вільні і ў правінцыі, між іншым у Беларускім банку, было арыштавана некалькі кіраўнікоў Грамады, у т.л. беларускіх паслоў Тарашкевіча, Валожына і Рак-Міхайлоўскага. 16 студзеня быў арыштаваны беларускі пасол Мятла і пасол ад Незалежнай сялянскай партыі Галавач. Усім арыштаваным следчы суддзя на падставе сабраных доказаў адразу прад’явіў абвінавачванне. Агульная колькасць арыштаваных склала 50 чалавек, а пазней вырасла да 55.
Адразу пасля арышту трох першых паслоў у друку з’явілася невялікае паведамленне пра іх злачынную дзейнасць, якая фінансавалася з-за мяжы, пра іх арышт з папярэджаннем, што ўрад не дапусціць прапаганды анархіі сярод насельніцтва, і што прыналежнасць да арганізацыі, на чале якой стаялі арыштаваныя паслы, будзе пераследавацца з усёй паслядоўнасцю.
Адначасна ваявода Рачкевіч выступіў са зваротам да насельніцтва, якое ўтрымлівала аналагічнае папярэджанне. Грамада, якая дзейнічала на падставе легкадумна зацверджанага статусу, нарэшце была прызнана нелегальнай арганізацыяй, а прыналежнасць да яе – злачынствам. Трохі пазней была спыненая дзейнасць Беларускага банка і яго філіялаў.
Ператрусы, арышты і звароты працверазілі насельніцтва, спынілі агітацыю і перапынілі злачынную дзейнасць Грамады. Яна яшчэ працягвалася пад шыльдай Таварыства беларускай школы ў Вільні, а некалькі падвучаных гурткоў прыслалі свае пратэсты ў сувязі з арыштамі, спасылаючыся на Канстытуцыю, Версалькі і Рыжскі трактаты, але гэта былі толькі слабыя водгукі знішчанай агітацыі.
Эфект быў бы значна меньшым, калі б сейм запатрабаваў выпусціць дэпутатаў, а ўрад падпарадкаваўся сейму. Паслы, атрымаўшы свабоду, па-ранейшым кіравалі б змовай, а разагітаваныя элементы паверылі б у безпакараннасць паслоў, у моц сейма і ў тое, што знайдуць у ім падтрымку. Надзеі і інтрыгі змоўшчыкаў накіраваліся ў бок сейма.
Перапіска з маршалкам сейма
Пра арышт паслоў я паведаміў маршалку сейма, патлумачыўшы, што іх затрыманне было неабходным для забеспячэння правасуддзя і нейтралізацыі наступстваў злачынства. Пры гэтым я дадаў, што ў бліжэйшы час прадстаўлю аргументаваныя прашэнні пра перадачу паслоў судам. Маршалак Ратай адказаў, што абапіраючыся на маю інфармацыю ён не знайшоў дастатковых падставаў для патрабавання вызвалення паслоў і ўзяцця на сябе адказнасці за гэтае вызваленне. Пры гэтым ён прасіў адказаць на пытанне, ці былі паслы арыштаваныя з палічным у момант здзяйснення дзяржаўнага злачынства.
Аб тым, што паслоў трэба арыштаваць з палічным яшчэ раней я дамовіўся з пракурорам Пшылускім. Прааналізаваўшы, што значыць “з палічным” і што значыць “дзяржаўнае злачынства”, я ўжо ў першым дакладзе маршалку сейма хацеў сцвердзіць, што паслы былі арыштаваныя пры менавіта такіх абставінах.
Але пракурор Мольдэнгавер параіў змяніць рэдакцыю даклада, бо мы яшчэ не мелі дэтальна распрацаванай матывацыі, што сабой уяўляў арышт “з палічным” і здзяйсненне дзяржаўнага злачынства, а справаздача пра арышт паслоў, якая сведчыла, што былі схопленыя “з палічным” пры здзяйсненні дзяржаўнага злачынства патрабавала юрыдычнай трактоўкі. Такім чынам, справаздача была падрыхтаваная са спазненнем. Яна не змяніла рашэння маршалка сейма, а дыскусія вакол яго адбылася на пасяджэнні сеймавай камісіі.
Затое просьбу пра дазвол на арышт паслоў мы падалі адразу. Яна ўтрымлівала гісторыю Грамады і распавядала пра паходжанне тых фондаў, якімі Грамада карысталася. Пераказваю ўсё гэта ў скарачэнні, бо гэты матэрыял сведчыць пра крыніцу антыдзяржаўных дзеянняў у Польшчы.
Гісторыя змовы
У верасні 1923 г. у Маскве адбылася канферэнцыя, арганізаваная Камуністычным Інтэрнацыяналам (г.зв. Камінтэрнам). На канферэнцыю прыехалі прадстаўнікі радыкальных сялянскіх арганізацый з розных краінаў, у т.л. з Польшчы. Сярод іх быў дэпутат Галавач. У Маскве быў створаны Камуністычны сялянскі інтэрнацыянал пад назвай “Крестинтерн”, мэтай якога было кіраванне сялянскімі выступленнямі па ўсяму свету.
Пасля ліквідацыі ў Польшчы крайне левых палітычных партый вышэйзгаданы “Крестинтерн” вырашыў ствараць новыя легальныя арганізацыі пад кіраўніцтвам заканспіраваных камуністычных групаў. Такім чынам і былі ўтвораныя Незалежная сялянская партыя і Беларуская сялянска-работніцкая Грамада. Іх узнікненне было адзначана прывітальнымі тэлеграмамі з Камінтэрну. У ліпені 1925 на пашыраным Пленуме Камінтэрну было прынятае рашэнне прызначыць кіраўніком Грамады Тарашкевіча.
У тым жа 1925 г. дэпутат Тарашкевіч разам з дэпутатам Рак-Міхайлоўскім ужо ад імя Грамады правялі ў Гданьку канферэнцыю з удзелам прадстаўніка сумежнай дзяржавы работніка савецкага пасольства ў Варшаве сп. Ульянава і прадстаўнікоў Камінтэрна, КПП і КПЗБ. На гэтай канферэнцыі Грамада падпарадкавалася партыйным камітэтам, за што атрымала абяцанне яе пастаяннага фінансавання з боку чужых элементаў. Узгадненне пра ўзаемныя абавязкі і пратакол канферэнцыі былі накіраваныя ў Камінтэрн.
Кіраўнікі Грамады абавязаліся ў асобе Тарашкевіча падтрымаць сумежную дзяржаву ў выпадку яе вайны супраць Польшчы шляхам арганізацыі ў паўночна-усходніх ваяводствах узброенага паўстання, калі гэта будзе адпавядаць мэтам гэтай дзяржавы, нягледзячы нават на перспектывы гэтага бунту.
Дзеля рэалізацыі гэтых намераў паслы Тарашкевіч, Валожын, Рак-Міхайлоўскі, Мятла як кіраўнікі Грамады, і сябра Незалежнай сялянскай партыі Галавач, які пераважна дзейнічаў сярод польскага насельніцтва, стварылі ячэйкі камуністычных баевікоў на аснове легальных арганізацый і камуністычныя ячэйкі ў войску, праводзячы гэтую акцыю ў адпаведнасці з дырэктывамі агентаў сумежнай дзяржавы і пры дапамозе фінансавых сродкаў, прадстаўленых той жа самай дзяржавай. Паслы накіроўвалі сяброў сваіх арганізацый у камуністычныя інструктарскія ваенныя школы, якія знаходзяцца ў сумежнай дзяржаве. Таксама існавалі апасенні, што арганізацыі, якімі кіравалі азначаныя дэпутаты,займаліся шпіянажам на карысць сумежнай дзяржавы.
На канферэнцыі ў Гданьску было вырашана арганізаваць Банк для фінансавання ўсёй гэтай дзейнасці. Гэты банк быў створаны як Беларускі кааператыўны банк у Вільне з філіяламі ў Пінску і Глыбокім. На рахункі гэтага банка паступілі вельмі значныя капіталы Камінтэрна. Кіравалі банкам паслы, якія належалі да Грамады.
Бягучыя рахункі паслоў Тарашкевіча, Валожына, Рак-Міхайлоўскага і Мятлы, знойдзеныя пры іх долары і лісты выплатаў цэламу шэрагу арыштаваных асобаў, сярод якіх некалькі прызналіся ў атрыманні сродкаў ад чужых элементаў, выразна засведчылі незаконнае паходжанне гэтых фондаў. Характэрна, што Тарашкевіч, Галавач і Мятла атрыманыя долары выкарыстоўвалі як на патрэбы вышэйзгаданай дзейнасці, так і на асабістыя мэты. Фінансавыя сувязі гэтых спадароў з сумежнай дзяржавай ажыццяўлялася праз пасрэдніцтва Банка via Рыга.
Пералічаныя факты былі пацверджаны рашэннямі з’ездаў камуністычнай партыі, партыйнымі інструкцыямі, выразкамі з газет, рэчавымі доказамі, доказамі са следчай справы і паказаннямі абвінавачаных і сведкаў.
Усе абвінавачаныя паслы працавалі па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Камінтэрну і арганізацый сумежнай дзяржавы, атрымоўваючы ад яе грошы як на самую дзейнасць, так і на ўласную карысць як платныя служачыя іншай дзяржавы.
Просьба пра выдачу паслоў утрымлівала даныя пра забойствы, пра пакушэнні на забойствы і гвалт, пра тэрарызаванне насельніцтва і шпіёнскія аферы, якія былі вынікам распальвання антыдзяржаўных настрояў сярод насельніцтва, і абвінавачванні, якія тычыліся злачыннай дзейнасці асобных паслоў.
Сеймавая камісія
Сабраўся сейм, і 24 студзеня павінна было адбыцца пасяджэнне камісіі па рэгламенту.
На пасяджэнні камісіі я выступаў першым. У прамове распавёў пра гісторыю Грамады і яе арганізацый. Пры гэтым імкнуўся не выклікаць раздражнення беларускага насельніцтва. Поспех агітацыі сярод гэтага насельніцтва я тлумачыў тым, што яно было тэрарызавана арганізацыямі са злачыннымі мэтамі. Заўважыў, што агітацыя Грамады занепакоіла шмат не толькі польскіх, але і беларускіх грамадзянаў, якія выказвалі непакой у журналісцкіх артыкалах, у шматлікіх выданнях і прашэннях па адрасу польскіх уладаў.
Нарэшце я падкрэсліў, рыхтуючы сабе глебу для далейшай дыскусіі, што дзейнасць арыштаваных паслоў заўсёды была дзейнасцю на шкоду Польшчы, прасякнутай атмасферай шпіянажу на карысць сумежнай дзяржавы і вялася на грошы гэтай дзяржавы.
Я выказваўся адкрыта, бо на пачатку дамогся правядзення тайнага абмеркаваня на падставе артыкула 31 рэгламента. Мая просьба грунтавалася на неабходнасці разглашэння некаторых фактаў следчай справы.
Тэкст свайго выступу я захаваў. Імкнуўся прамаўляць павольна, захоўваючы спакой і пазбягаючы якіх бы ні было рытарычных эфектаў, каб не выклікаць раздражнення паслоў. Падобная тактыка дала добры вынік.
Пасля нападкаў з боку паслоў Ільініча і Санойцы, на якія я адказваў вельмі канкрэтна, бо меў спецыяльна падрыхтаваныя да дыскусіі матэрыялы, выступіў пракурор Пшыбыльскі. Ён абапіраўся на даныя следства і цытаваў доказы, узятыя з яго матэрыялаў. Пракурор прамаўляў 4 гадзіны перад перапынкам і пасля абеду і стаміў аўдыторыю, што мела пазітыўныя наступствы, бо спрыяла адтоку энергіі і пашырэнню апатыі, калі не сярод праціўнікаў, то сярод слухачоў.
Аднак пасыпаліся новыя пытанні і абвінавачванні як з зацікаўленага боку (беларусаў і Незалежнай сялянскай партыі), так і з боку ППС. Першыя былі нескладаныя для адказаў. Другія аказаліся больш небяспечнымі, бо належалі вядомым юрыстам на чале з паслом Ліберманам. Яны выступілі ў абарону папулярнага ў сейме прынцыпа пасольскай недатыкальнасці, сцвярджалі, што арышт паслоў стане небяспечным прэцедэнтам і абвінавачвалі ў парушэнні 21 артыкула Канстытуцыі.
На гэта я адказаў, што спадары паслы былі затрыманыя без парушэння артыкула 21 Канстытуцыі, распавёўшы пра абставіны арыштаў кожнага з іх. Адзначыў, што паняцці “з палічным” і “дзяржаўнага злачынства” не вызначаюцца дакладна ў заканадаўстве.
Што датычыць “з палічным” то, здаецца, бясспрэчным, што арышт у сувязі са здзейсненым учынкам альбо адразу пасля здзяйснення з’яўляецца арыштам “з палічным”, і што пры працяглых злачынствах (Dauerverbrechen) арышт на падставе аднаго з праяваў працяглага злачынства таксама з’яўляецца арыштам “з палічным”. Што датычыць “дзяржаўнага злачынства”, то для яго вызначэння трэба шукаць падказкі ў міжнародных дамовах, якія датычаць экстрадыцыі злачынцаў, у распараджэннях пра турэмныя ільготы і ў сферы дзейнасці судоў прысяжных. Аднак гэтыя матэрыялы не з’яўляюцца бясспрэчнымі. Вядомы таксама запыты паслоў у справе мешаных злачынстваў (delits komplexes), калі дзяржаўнае злачынства пераплятаецца з палітычным. Дакладна ўстаноўлена толькі тое, што анархічнае злачынства і шпіянаж у час вайны з’яўляюцца “дзяржаўным злачынствам”. На мой погляд, пра характар злачынства сведчыць яго матыў. Тое, што антыдзяржаўныя выступы рабіліся за чужыя грошы, адназначна адношу да “дзяржаўнага злачынства”.
Спадары паслы былі затрыманыя “на гарачым учынку” пры адным з праяваў антыдзяржаўнай здрады. Яны абвінавачваюцца на падставе артыкула 110, якія ў Кодэксе пакаранняў знаходзіцца паміж артыкулам пра дзяржаўнае злачынства. Спадары паслы былі затрыманыя дзеля падтрымкі законнасці і для нейтралізацыі наступстваў злачынства. Дзе тут знявага артыкула 21 Канстытуцыі?
Мае высновы зацікавілі паслоў-юрыстаў, і мы перайшлі на глебу спакойнай тэарэтычнай дыскусіі. Пасяджэнне было працягнутае і на наступны дзень, у які я атрымаў вельмі важны аргумент на карысць працягу арышту паслоў. У гэты дзень акружны суд у Вільні адхіліў скаргу паслоў Рак-Міхайлоўскага, Мятлы і Галавача на рашэнне следчага суддзі адносна “меры затрымання”. Сп. паслы засталіся ў турме на падставе рашэння суда і вызваленне іх рашэннем Сейма супярэчыла артыкулу 77 Канстытуцыі, які сцвярджаў, што судовыя рашэнні не могуць быць аспрэчаныя і змененыя ні заканадаўчай, ні выканаўчай уладамі.
Такім чынам, мы перамаглі ў Камісіі па рэгламенту, а хутка пасля гэтага і ў сейме. Надзеі змоўшчыкаў, што сейм вызваліць паслоў аказаліся марнымі <…>
Слуханне справы ў акружным судзе
Падрыхтоўка суда працягвалася вельмі доўга. Я імкнуўся яе прыспешыць, аднак акружны суддзя пан Паўлюць, які вёў следства, меў шмат працы. Яму дапамагалі вельмі здольны следчы суддзя пан Падоскі і маладыя практыканты пан Коркуць і пан Адынец. Матэрыялы да акта абвінавачвання ўтрымлівалі больш за 30 тоўстых тамоў.
Слуханне распачалося ў Акружным Віленскім судзе 23 лютага і працягвалася да 22 траўня 1928 г. Яно было вельмі сур’ёзным не з прычыны колькасці арыштаваных (не болей 53 чалавек), а з прычыны стварэння вобразу арганізацыі і паходжання самой камуністычнай інтрыгі ў Польшчы. Суд складаўся са старшыні Аўсянкі і суддзяў Ёдзевіча, Барэйкі і Бжазоўскага. Сакратарамі былі паны Коркуць і Адынец. Абвінаваўцамі выступалі здольныя Калабскі і Раўзэ. Сярод абаронцаў трэба згадаць імёны Бабянскага і Петрусевіча, якога зусім нядаўна збіраліся вылучыць на пасаду старшыні Апеляцыйнага суда ў Вільні.
Інтрыгі
На з’ездзе камуністычнай партыі ў Маскве, які распачаўся 20 траўня 1927 г., было прынятае рашэнне, што Таварыства беларускай школы стане пераймальнікам справы Грамады. Забарона дзейнасці гэтага Таварыства здавалася абавязковай. Тым часам пасля ліквідацыі Грамады ў Таварыстве пачалася барацьба паміж уплывамі радыкальнага клуба дэпутатаў і ўплывамі пана Астроўскага, які займаў адносна памяркоўнае становішча. З забаронай Таварыства цягнулі доўга.
Пасля працяглых ваганняў яно ўсё ж такі было забароненае, але амаль адразу забарона была знятая, дзякуючы намаганням групы палякаў, якія падтрымлівалі беларускі рух, і сцвярджалі, што былыя грамадоўцы падзяліліся на левіцу і правіцу, што Таварыства беларускай школы будзе аб’ядноўваць правіцу і яго можна будзе выкарыстаць для змагання з левымі. Што датычыць мяне, то я быў перакананы, што пану Астроўскаму нельга давераць, а “вылячэнне” Таварыства беларускай школы здавалася мне хімерай.
Акружны суд у Вільні прызнаў вінаватымі 37 абвінавачаных, сцвердзіў невінаватасць рэшты, у т.л. Луцкевіча і Астроўскага, які быў старшынёю Таварыства беларускай школы. Апошні абараняўся вельмі спрытна, да таго ж яму дапамагла смерць сведкі Горына, які па загаду з Масквы быў забіты яшчэ да пачатку судовага працэсу. Усе асуджаныя падалі апеляцыю. У той жа час моцны ціск аказваўся на пракуратуру, каб яна не падавала апеляцыі з нагоды апраўдання Луцкевіча і Астроўскага.
Гэты ціск грунтаваўся на перакананні, што апраўданыя могуць быць прыдатнымі для палітыкі польскай дзяржавы. Аднак пракуратура падала апеляцыю і не адклікала яе, бо не верыла ў змяненні пазіцыі апраўданых. Да таго ж пракуратура не жадала даць магчымасць абароне перакрэсліць некаторыя вынікі следства. Хутка ўсе пераканаліся, што толькі пагроза пакарання можа стрымаць Луцкевіча і Астроўскага ад антыдзяржаўнай дзейнасці, а адсутнасць такой пагрозы толькі заахвоціць іх да падобнай працы.
Потым з’явіўся праект амністыі кіраўнікоў Грамады, асуджаных судом першай інстанцыі, і зноў жа ў мэтах выкарыстання іх для інтарэсаў дзяржаўнай палітыкі. Амністыя павінна была наступіць у сувязі з 10-й гадавінай незалежнасці Польшчы. Я пратэставаў, але абверг гэты праект толькі аргумент, што амністыя не можа быць выкарыстана, бо прысуд яшчэ не ўступіў у сілу.
Пасол Ян Пілсудскі нарэшце звярнуўся да пракурора Пшылускага, а потым і да мяне за дазволам для пана Акуліча сустрэцца з арыштаванымі з мэтай паразумення з імі дзеля абяцання іх лаяльнасці ўзамен за вызваленне з турмы. Гэтае паразуменне магло адбыцца дзякуючы распараджэнням Міністэрства ўнутраных справаў.
Калі пан міністар Складкоўскі падтрымаў просьбу Яна Пілсудскага, я не лічыў магчымым супрацьставіцца перамовам са зняволенымі, каб не перашкодзіць ініцыятывам міністэрства.
Што датычыць агаворанага вышэй прэвентыўнага сродка, то я папярэдзіў, што заўсёды буду супраць такіх пераменаў і патрабаваў, каб у перамовах удзельнічаў прадстаўнік міністэрства. Выбар паў на спадара Некраша, служачага Віленскага ваяводства. Спадары Некраш і Акуліч размаўлялі толькі з Тарашкевічам, Мятлой, Рак-Міхайлоўскім і Бурцэвічам. Заявы гэтых спадароў нічога не абяцалі. Яны не жадалі браць на сябе адказнасць за іншых зняволеных, а некаторыя нават не жадалі даваць пісьмовае пацвярджэнне перамены свайго стаўлення да польскай дзяржавы, абмежаваўшыся абяцаннем, што спыняць варожую дзейнасць толькі на перыяд да ўступлення прысуду ў сілу.
Выступ А. Мейштовіча ў сеймовай камісіі па рэгламенту**
Усходнія крэсы – гэта ахоўны вал Рэчы Паспалітай, яе пярэдні мур. Шмат разоў адбывалася так, што той, хто захапіў Вільню, потым лёгка даходзіў да сценаў Варшавы.
Якраз гэтыя крэсы ў апошні час сталі арэнай злачыннай прапаганды, якая захоплівала ўсё больш шырокія колы і вынікі якой станавіліся ўсё больш небяспечнымі. Пад уплывам агітацыі ў друку і жывым словам, пад уплывам пастаянных пагрозаў, спакойнае насельніцтва крэсаў пачало байкатаваць школы, дэманстратыўна не плаціць падаткаў і аказваць супраціў польскім уладам. Насельніцтва пачало верыць, што апроч польскіх уладаў ёсць яшчэ і іншыя, якім трэба падпарадкоўвацца.
Гэтую веру пацвярджала мажлівасць свабоднага пераходу мяжы адной з суседніх дзяржаваў пры дапамозе дакументаў, падпісаных кіраўнікамі агітацыі. Агітатары перапісывалі зброю, якая знаходзілася ў валоданні мясцовага насельніцтва і ладзілі вучэнні моладзі зачастую са зброяй. Пра зброю казалі, што ў рашаючую хвіліну яна будзе выдавацца ў азначаных пунктах на мяжы адной з суседніх дзяржаваў. Разыходзіліся чуткі, што хутка “тут болей не будзе Польшчы”.
Ладзіліся дэманстрацыі, на якіх чуліся заклікі: “Прэч з Польшчай, хай жыве адна з суседніх дзяржаваў!”. Справа дайшла да знішчэння тэлефоннай сувязі і забойства некалькіх служачых паліцыі. Таксама былі спробы падбухторвання ў войску.
Поспехі гэтай агітацыі сярод спакойнага народу, які са страхам згадвае кароткачасовае панаванне чужых дзяржаваў і які са спакоем перанёс эканамічныя няўдачы, якія ў апошні час наведалі нашую Айчыну, можна растлумачыць толькі тэрарызаваннем насельніцтва арганізаванымі падонкамі.
Такое становішча выклікала непакой польскіх і беларускіх абывацеляў, адданых польскай дзяржаве, якія выказвалі ўласны непакой у артыкулах і шматлікіх лістах і прашэннях, якія накіроўваліся польскім уладам.
Пасля апошніх падзеяў, выкліканых гэтай агітацыяй, пасля дэманстрацый у Карэлічах, Беняконях, Докшыцах, Святой Волі, Вільні і г.д., пасля забойстваў некалькіх дзяржаўных служачых, улады былі вымушаныя прыбегнуць да рэпрэсіяў. Выступы і злачынствы множыліся з дня на дзень. У выніку быў распачаты цэлы шэраг адміністрацыйных і судовых справаў, якія суправаджаліся арыштам больш чым 100 злачынцаў. Аднак гэта не дало пажаданых вынікаў, бо адзіным сродкам нармалізацыі сітуацыі было выяўленне і нейтралізацыя кіраўнікоў.
Следства давала ўсё больш матэрыялаў. Стала відавочным, што ў краіне існуюць актыўныя і ўзорна сканструяваныя арганізацыі, якія кіруюць цэлым рухам. Гэтыя арганізацыі былі створаныя па ініцыятыве адной з суседніх дзяржаваў пасля шэрагу ліквідацый ячэяк КПП. Мэтай суседняй дзяржавы была дзейнасць сярод беларусаў і польскага насельніцтва на крэсах пры дапамозе гэтых новых легальных арганізацый. Агенты гэтай дзяржавы трымалі ў сваіх руках кіраўніцтва некаторых арганізацыяў, а ў іншых мелі сур’ёзныя ўплывы, бо дзейнічалі праз найбольш уплывовых сяброў.
Дзеля працы сярод беларусаў была створаная Беларуская Грамада з цэнтральнай управай у Вільні. Кіраўніцтва склалі паслы, якія адначасова былі сябрамі кіраўніцтва КПЗБ. Цэнтральнай управе падпарадкоўваліся павятовыя ўправы, а павятовым – кіраўнікі г.зв. гурткоў, якія дзейнічалі ў правінцыі. Можна налічыць каля 2 000 гурткоў, да якіх належала амаль 50 000 сяброў.
Арганізацыйная структура Грамады моцна нагадвала структуры пэўных арганізацый у адной з суседніх дзяржаваў. Вясковае насельніцтва падманутае і затэрарызаванае пачало слепа падпарадкоўвацца загадам управаў, выконваючы распараджэнні польскіх уладаў толькі пасля дазволу кіраўнікоў гурткоў.
Сярод польскага насельніцтва ў цеснай супрацы з Грамадой дзейнічаў пасол, які меў значныя ўплывы як сярод польскага, так і сярод беларускага насельніцтва, кіраўнік управы Незалежнай сялянскай партыі і КПЗБ, вядомы сваёй ранейшай злачыннай дзейнасцю, які яшчэ ў 1920 г. заклікаў насельніцтва да ўступлення ў варожыя войскі, а ў 1924 г. стварыў дыверсійную банду ў Наваградскім ваяводстве. Апошнім часам ён падтрымліваў пастаянныя адносіны з суседняй дзяржавай, нелегальна перасякаючы мяжу і робячы палёгку іншым у яе перасячэнні.
Якія ж мэты былі ў гэтых актыўных і шырока разгалінаваных арганізацый і з якіх крыніцаў пакрываліся іх выдаткі?
Мэтай было адарванне крэсаў ад Польшчы, арганізацыя ўзброеных выступаў (няхай нават няўдалых) у той момант, калі гэтага будуць патрабаваць агенты іншай дзяржавы.
Значныя сродкі на створаныя арганізацыі ішлі з адной з суседніх дзяржаваў праз Рыгу на рахункі спецыяльна заснаванага банка альбо з Варшавы праз дэпутатаў, якія ўносілі значныя сумы на рахункі гэтага банка і адначасна самі распараджаліся значнымі сумамі, пакладзенымі ў банк на асабістыя рахункі. Пасля затрымання яны не здолелі растлумачыць крыніцу паступлення грошай.
Агітацыя станавілася ўсё больш небяспечнай. Хто ведаў, якім чынам падобная агітацыя пашыралася ў адной з суседніх дзяржаваў, той павінен быў зразумець, якія наступствы яна будзе мець.
Гэта была пастаянная злачынная дзейнасць на шкоду польскай дзяржаве, аточаная атмасферай шпіянажа на карысць суседняй дзяржавы, якая праводзілася за грошы гэтай дзяржавы праз яе платных функцыянераў. Гэтая дзейнасць была накіраваная супраць усіх тых элементаў, што грунтаваліся на падмурку дзяржавы. Галоўным чынам яе праводзілі паслы, дазволу на затрыманне якіх неаднаразова прасілі судовыя ўлады у Высокага сейма. Пасля раскрыцця гэтай дзейнасці нельга было з ёй мірыцца і цягнуць з яе ліквідацыяй.
Шуйскі казаў, што Польшча ў пэўную эпоху была заезным домам чужой палітыкі. Заяўляю, што ў адроджанай Польшчы так не будзе.
Паслы былі арыштаваныя. Гэтага патрабавалі дзяржаўныя інтарэсы, бяспека краіны. Урад Рэчы Паспалітай просіць сейм дазволіць далейшы крымінальны пераслед затрыманых паслоў.
Фрагменты дзённікавых запісаў маршалка сейма Мацея Ратая, студзень 1927 г.***
14, 15, 17 студзеня.
Уноч з 14 на 15 студзеня шматлікія арышты ў Варшаве і ў правінцыі сярод камуністаў і іх прыхільнікаў. Між іншымі ў Вільні былі арыштаваныя паслы сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Валожын, пазней быў арыштаваны дэпутат Галавач з групы Ваявудскага, былой партыі “Вызваленне”.
Усё гэта не было для мяне нечаканасцю. Пілсудскі, Бартэль і Мэйштовіч шмат разоў скардзіліся на дзейнасць гэтых паслоў і задавалі пытанні, як бы я сябе паводзіў у выпадку іх арышту. “Схапіце з палічным на месцы здзяйснення дзяржаўнага злачынства <…>, – адказваў ім, – і я не буду перашкаджаць <…> пайду насустрач, робячы зрэшты ўсё тое, што выцякае з маіх абавязкаў як маршалка сейма <…>”.
Даведаўшыся пра арышты, у першай палове дня 15 студзеня накіраваў пану Мэйштовічу ліст наступнага зместу:
Мацей Ратай
“Атрымаў прыватную інфармацыю нібыта гэтай ноччу па загаду мясцовага пракурора былі арыштаваныя паслы Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Валожын.
Прашу Пана Міністра паведаміць, ці гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці? Калі так, то на якой падставе і па якіх прычынах адбыўся арышт паслоў? Прашу Пана Міністра адказаць як мага хутчэй”.
Пан Мэйштовіч адразу даслаў мне праз служачага цалкам непрадуманы і дрэнна сфармуляваны адказ, у якім якраз адсутнічала сцвярджэнне, што арыштаваныя былі схопленыя “з палічным на месцы здзяйснення дзяржаўнага злачынства”.
Я не прыняў ліста і падказаў, як яго трэба скласці. Увечары прыйшоў сам пан Мэйштовіч з новым лістом і вуснай інфармацыяй. Я быў вымушаны рэдагаваць і яго. Нарэшце, атрымалася наступнае:
“У адказе на ліст ад 15 студзеня гэтага года маю гонар паведаміць Пану Маршалку, што паводле тэлефоннай справаздачы, па загаду падпракурора Апеляцыйнага суда ў Вільні сёння былі затрыманыя паслы сейма Браніслаў Тарашкевіч, Павел Валожын і Сымон Рак-Міхайлоўскі па факту здзяйснення злачыннай дзейнасці, накіраванай супраць бяспекі і адзінства дзяржавы, якая праводзілася пад кіраўніцтвам чужаземных элементаў і за грошы, што прыходзілі з-за мяжы.
Затрыманне было неабходным для забеспячэння правасуддзя і абясшкоджвання наступстваў злачынства. Хадайніцтва пра сеймавы дазвол на выдачу судам вышэйзгаданых паслоў з адпаведным абгрунтаваннем буду мець гонар прыслаць Пану Маршалку ў найбліжэйшым часе.
У момант атрымання ліста Пана Маршалка якраз збіраўся завядоміць яго ў адпаведнасці з патрабаваннямі 21 артыкула Канстытуцыі. Мейштовіч”.
Гэтыя фармуліроўкі дапамаглі вытрымаць тую навальніцу, якую зрабілі левыя з нагоды арыштаў. Зрэшты, абурэнне выказвалі толькі некалькі паслоў, у прыватнасці, Ліберман, Тугут. Большасць прыняла факт арыштаў наогул спакойна, а ў цэнтры і сярод правых нават з энтузіязмам, у якім артыкул 21 Канстытуцыі, гарантуючы недатыкальнасць паслоў сейма цалкам растварыўся.
Што больш важна, так гэта тое, што прыведзеныя фармуліроўкі стваралі ўражанне, што артыкул 21 не быў парушаны. На жаль, так было толькі на першы погляд. З інфармацыі пана Мейштовіча, а потым са справаздачы віленскага пад-пракурора і тых матэрыялаў, якія ён перадаў, было відаць, што тыя найважнейшыя пункты (“арышт з палічным на месцы здзяйснення дзяржаўнага злачынства”), якія найбольш хвалявалі, былі надзвычай слаба абгрунтаваныя. Відавочным і не выклікаючым сумненняў было тое, што мела месца велізарная антыдзяржаўная дзейнасць, у цэнтры якой знаходзіўся ў першую чаргу Б.Тарашкевіч, і што пэўныя ніці гэтай дзейнасці трапілі ў рукі нашых уладаў.
Аднак было відаць і тое, што гэтыя ўлады, і асабліва падпракурор, яшчэ не дараслі да вырашэння такой задачы, што не здолелі ўзяць справу ў свае рукі адпаведным спосабам і ў адпаведным месцы. Пан Мэйштовіч дзейнічаў хутчэй як палітык, што імкнецца як мага хутчэй прадэманстраваць крэсовым палякам уласную энергію, накіраваную супраць спробы перавароту, чым як міністр юстыцыі, які павінен кіраваць справай такім чынам, каб арышт дэпутатаў не парушаў 21 артыкула Канстытуцыі.
Промахам Мэйштовіча было тое, што толькі праз 24 гадзіны пасля Тарашкеві-ча, Валожына і Рак-Міхайлоўскага адбыліся арышты Галавача і Мятлы. Пры гэтым Галавач, здаецца, быў арыштаваны ва ўласнай хаце падчас працы на жывёльным двары. Доказ, што дэпутаты былі арыштаваныя “з палічным”, станавіўся даволі складанай справай. Праўда, была распрацавана тэорыя, што пры «працяглым злачынстве” (так, здаецца, гучыць гэты тэрмін) арыштам “з палічным” можна лічыць затрыманне на працягу ўсяго злачыннага перыяду. Тым не менш, сітуацыя станаві-лася ўсё больш складанай, а дзеянні пракуратуры ўсё цяжэй было апраўдаць.
17 студзеня адбылася мая сустрэча з Пілсудскім, падчас якой я заявіў, што досыць ужо арыштаў, што працяг такой палітыкі я не магу апраўдываць ні перад самім сабою, ні перад сеймам. У той жа дзень 17 студзеня выслаў да пана Мейштовіча наступны ліст:
“Грунтуючыся на лісце ад 15 студзеня гэтага года і на інфармацыі Пана Міністра, якія датычылі як абставін, пры якіх паслы сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Валожын былі пазбаўленыя свабоды, так і дзеянняў, за якія дэпутаты былі арыштаваныя, я да гэтага часу не знайшоў падставаў, каб патрабаваць вызвалення паслоў і ўзяць на сябе адказнасць за наступствы гэтага.
Даведаўшыся, аднак, што на працягу наступнага дня былі затрыманыя паслы Галавач і Мятла, не магу выказаць меркавання, ці адбылося гэта ў сувязі са справай затрымання трох вышэйзгаданых паслоў, ці гэта асобная справа.
Прашу тэрмінова прыслаць тлумачэнне, пры чым прашу выразна адказаць на пытанне, ці паслы Галавач і Мятла былі арыштаваныя “з палічным і на месцы здзяйснення дзяржаўнага злачынства”. Не маючы магчымасці дакладна і самастойна даследаваць справу ва ўсіх яе падрабязнасцях, вымушаны абапірацца на тлумачэнне і інфармацыю Пана Міністра. Хачу адзначыць толькі, што ў выпадку, калі пазбаўленне свабоды дэпутатаў Галавача і Мятлы звязана са справай трох дэпутатаў, то факт, што яно наступіла амаль на 24 гадзіны пазней выклікае сумненні, што дэпутаты былі арыштаваныя “з палічным”.
Прыведзены ліст, выкліканы фактам арышту Галавача і Мятлы, аказаўся нагодай для акрэслення ролі маршалка сейму ў падобнай сітуацыі. Маршалак не мае магчымасці зрабіць самастойную і грунтоўную выснову наконт таго, ці меў месца арышт “з палічным”, асабліва ў складаных справах. Ён павінен правесці ўласнае даследаванне, следства пры дапамозе апарату служачых, даведацца пра ўсе падрабязнасці.
Ці атрымлівалі арыштаваныя грошы ад бальшавікоў? Ці атрымлівалі іх на пэўныя дзеянні, ці за пэўныя дзеянні? Ці сведкі з палітычнай паліцыі і агенты не з’яўляюцца правакатарамі (як сцвярджалася)? На гэтыя пытанні можа адказаць толькі суд! Маршалак павінен наогул абапірацца на сцвярджэнні і інфармацыю міністра юстыцыі, генеральнага пракурора. Маршалак можа патрабаваць вызвалення арыштаваных і ўзяць адказнасць на сябе за наступствы ў тым выпадку, калі наступіла адкрытае парушэнне артыкула 21 Канстытуцыі або калі адбываецца відавочны пераслед дэпутатаў уладамі па палітычных матывах.
У дадзеным выпадку я меў аж занадта глыбокае перакананне, што арыштаваныя, асабліва Тарашкевіч, займаліся антыдзяржаўнай дзейнасцю. Гэта, дарэчы, пацвердзіў таксама суд.
Артыкул 21 аказаўся нежыццяздольным. Пасол знаходзіць у ім дастатковую абарону ад злоўжыванняў выканаўчай улады, але інтарэсы дзяржавы, грамадскія інтарэсы не заўсёды абароненыя ад верагоднай злачыннай дзейнасці пасла. Як заўсёды ў такіх выпадках палажэнні закона рэдагуюцца жыццём і палітыкай, а іншым разам проста парушаюцца пры tacitus consensus (маўклівай згодзе) грамадскага меркавання. У дадзеным выпадку трэба прызнаць, што грамадскае меркаванне вельмі актыўна падтрымала міністра юстыцыі і ўрад, калі б я ці хто іншы на маім месцы выступіў бы супраць арыштаванняў і патрабаваў бы вызвалення паслоў, то ўрад мог бы смела ісці на канфлікт з заканадаўчай уладай, бо меў падтрымку пераважнай большасці польскага грамадства і нават большасці самога сейма.
18 студзеня атрымаў адказ пана Мейштовіча:
“Маю гонар завядоміць Пана Маршалка, што паслы Пётр Мятла і Фёдар Галавач былі арыштаваныя, першы ў Глыбокім, а другі ў Валожыне па факту здзяйснення антыдзяржаўнага злачынства, якое інспіравалася чужымі элементамі і за грошы, што прыходзілі з-за мяжы.
Арышты адбыліся па загаду падпракурора Апеляцыйнага суда ў Вільні, які быў аддадзены адначасова з загадам пра арышт паслоў Тарашкевіча, Валожына і Рак-Міхайлоўскага і тлумачыўся неабходнасцю здзейснення правасуддзя і нейтралізацыі наступстваў злачыннай дзейнасці”.
Я моўчкі прыняў гэтую інфармацыю.
1 Цыт. па: Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. Гістарычны жыццяпіс. Мінск, 1996, с. 97.
2 Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, , s. 178.
* Сыгнатура 15555 //2, с. 120-134.
** Сыгнатура 15555 //3, с. 25-27.
*** Rataj M. Pamiętniki. Do druku przygotował J.Dębski. Warszawa, 1965, s. 453-457.