Запрашаем у карагод!

07.11.2008 Культура

Да Дня беларускай культуры ў Лiепаi

Па традыцыi гэта цудоўнае свята праводзiцца ў нашым горадзе ў лiстападзе. I ладзiць яго беларуская суполка Лiепаi «Мара».Не будзе выключэннем i сёлетнi год. Мы зноў сардэчна запрашаем сяброў да нас у госцi.

«Карагод святаў» – так называецца праграма, якую падрыхтаваў ансамбль беларускай песнi «Паўлiнка». Безумоўна, гэта будуць святы, якiя спрадвеку вякоў адзначаюць у Беларусi. Iх i мы святкуем тут, у Латвii. А як? Гэта нашы госцi хутка ўбачаць. Калi ж будзе вялiкае жаданне, то i самi змогуць стаць удзельнiкамi святаў. Менавiта на iх актыўнасць, дабразычлiвасць i весялосць разлiчвае «Паўлiнка». Так водзiцца ў нашай роднай старонцы: калi працаваць – дык усiм калгасам, а калi святкаваць – то, як кажуць, усiм сялом.

Творчы калектыў «Мары» паклiча гасцей на галоўнае зiмовае свята i пакажа, як нашы землякi ўмеюць калядаваць.

А цi ведаеце вы, як беларусы заклiкаюць вясну? Аб гэтым вам таксама раскажуць нашы хлопцы i дзяўчаты. Будзе магчымасць пабываць у землякоў i на Вялiкдзень, парадавацца разам з сябрамi ў гэта цудоўнае свята.

Як прыгожа беларусы адзначаюць Купалле! На гэтым свяце можна i патаньчыць, i паспяваць, i пагуляць ад душы.

А яшчэ дзяўчаты запросяць сваiх гасцей на вячоркi. Чым займаюцца людзi ў доўгiя зiмовыя вечары? Аб гэтым даведаецца кожны, хто загляне да нас на агеньчык.

«Карагод святаў» адбудзецца 29 лiстапада ў 14 гадзiн у навукова-тэхнiчным комплексе Рыжскага тэхнiчнага ўнiверсiтэта (раней Лiепайскi тэхнiкум) па адрасу: вул. К. Валдэмара,4. Не забудзьце ўзяць з сабою вясёлы настрой i жаданне парадавацца ў час сустрэчы сяброў.

Валянцiна Грыбоўская.

Ліепая

фота аўтара

Тэгі: