Аляксей Гайдукевіч для budzma.by пра тое, як змяніўся міжнародны імідж Беларусі за апошні месяц.
Месяц прайшоў з моманту, як нашу краіну суседзі і не толькі зусім не пазналі. Вялікі розгалас у замежных СМІ выклікала прэзідэнцкая кампанія і падзеі, якія адбываліся пасля на вуліцах беларускіх гарадоў.
Таму варта згадаць, якой убачылі Беларусь, падзеі і беларусаў нашыя суседзі.
Для большасці нашых суседзяў Беларусь доўгі час была краінай, у якой амаль нічога не адбываецца. І нават тыя рэдкія згадкі пра «апошнюю дыктатуру Еўропы», якія распаўсюджваліся СМІ пасля выбараў 2006-га і 2010-га, у апошнія гады нават не гучалі.
Таму пасля 9 жніўня можна сказаць, што еўрапейцы не проста здзівіліся беларускім падзеям, але і паглядзелі на наш край іншымі вачыма.
Найбольшы выбух публікацый пра Беларусь прайшоўся па СМІ суседніх краінаў.
Бо не на шматлікія заявы еўрапейскіх палітыкаў нашыя суседзі звяртаюць увагу, а на фота- і відэаматэрыялы. Шок-кантэнт.
І да жнівеньскіх падзеяў уяўленні жыхароў суседніх з нашай краінаў пра Беларусь былі аднабока адмоўнымі. Пазітыўных публікацый было вобмаль. А з пачаткам электаральнай кампаніі шукаць станоўчыя публікацыі ўвогуле стала марнай справай. Пра чэрвеньскія-ліпеньскія тэмы наконт Беларусі ва ўсходнееўрапейскай прэсе чытайце ў мінулай публікацыі.
10 жніўня ў харвацкай газеце jutarni.hr нават з'явілася паўзабытая фраза пра «апошнюю дыктатуру».
Самыя крывавыя беспарадкі ў гісторыі краіны. Сотні параненых, 3000 арыштаваных
Румынская Cotidianul: Сцэны тэрору на вуліцах Беларусі.
На жаль, станоўчага ў матэрыялах не толькі не пабольшала пасля перадвыбарчых падзеяў — яны, бадай, зніклі ўвогуле. Альбо згубіліся за негатывам і «шок-кантэнтам», які так падабаецца шараговым чытачам.
Здавалася б, у краінах з вялікім досведам пратэстаў цяжка чым-небудзь здзівіць. Але пратэсты ў Беларусі пераўзышлі ўсе чаканні білд-рэдактараў, якія падбіраюць для публікацый найбольш жорсткія кадры.
Чэшская Blesk.cz: Газ і вадамёт. Пасля выбараў крывавыя беспарадкі, адзін забіты і дзясяткі параненых
Можа падацца, што інфармацыя ў СМІ суседніх краін падаецца аднабакова і тэндэнцыйна? Напэўна, трохі праўды ў гэтым ёсць.
Але імаверна, што нават у самых бульварных выданнях ёсць разуменне неабходнасці такіх публікацый.
Трэба ўсведамляць, што краіны, нават самыя блізкія, увесь час канкуруюць паміж сабою за прыцягненне інвестыцый, турыстаў і г.д. Пры такой гульні кожная памылка суседзяў — нагода для інфармацыйных атак.
Сацыяльныя сеткі і рэаліі медыяспажывання на сучасным узроўні павялічваюць наступствы нават самых дробных і нязначных адмоўных крокаў і захадаў уладаў ці грамадства ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльных сферах.
Венгерская Blikk.hu: Жудаснае відэа беспарадкаў пасля выбараў
Ці пагоршыцца імідж Беларусі канчаткова?
Раздаваць такія козыры сваім канкурэнтам (а апошнімі днямі гэта былі толькі козыры) у вялікай картачнай гульні можа стаць фатальнай памылкай сённяшняй улады.
Недальнабачнасць і адмоўныя факты могуць скасаваць большасць намаганняў у кожнай з гэтых сфер. Бо сённяшнія лічбавыя рэаліі распаўсюду інфармацыі ў стане павялічыць негатыўны эфект у некалькі разоў.
На жаль, беларускія ўлады не імкнуцца палепшыць імідж краіны ў свеце. Што, безумоўна, не можа спрыяць паляпшэнню стаўлення да Беларусі інвестараў і прыцягненню турыстаў.
news247.gr, найбуйнейшы сайт Грэцыі, у якой жорсткія беспарадкі — звычайная справа, апублікаваў артыкул пра падзеі ў Беларусі з назваю «Другі загінулы, тысячы пратэстоўцаў»
Вінаваць у абсалютнай перадузятасці замежныя СМІ наўрад ці варта. Тым больш што фактаў і шок-кантэнту апошнія падзеі прынеслі вельмі шмат. Напэўна, уладам неабходна кардынальна перагледзець падыходы да функцыянавання сістэмы, пакуль за Беларусь гэта не зрабіў нехта іншы.
А пакуль што ініцыятыву па стварэнні іміджу перахапілі пратэстоўцы. Пасля інфармацыі пра жорсткія дзеянні праваахоўнікаў маштабнасць акцый стала другой "беларускай тэмай" у СМІ суседніх краінаў. У выніку можна сказаць, што ў свядомасці заходніх шараговых грамадзянаў прадстаўнікі беларускіх уладаў цяпер асацыююцца з «абсалютным злом», у адрозненне ад шырокіх слаёў нашага грамадства, якое сёння ў заходняй прэсе прадстаўленае ў вобразе мірных змагароў за дэмакратыю і правы чалавека.
Але гэта ўжо іншы, абноўлены погляд на Беларусь.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by