Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma.by пра негатыўны імідж нашай краіны ў еўрапейскай прэсе, які фармаваўся дзесяцігоддзямі праз палітыку ўладаў.
У суседніх краінах стаўленне да Беларусі і беларусаў фарміруецца ў асноўным дзякуючы мясцовым СМІ. У меншай ступені — праз асабістыя кантакты людзей, што больш характэрна для памежных тэрыторый.
Нават у блізкіх Польшчы і Чэхіі першай асацыяцыяй з Беларуссю для большасці з’яўляюцца «Лукашэнка і БАТЭ». Менавіта гэтыя «элементы» ёсць асноўнымі «ньюсмэйкерамі» ў СМІ гэтых краін.
За гэты год дадалася яшчэ тэма каранавіруса, але яна таксама хіба звязаная з «першым элементам» інфармацыйнай карціны.
Большасць людзей фарміруе простыя асацыяцыі, прапускаючы праз сябе плынь інфармацыі, засяроджваючыся на простых вобразах, а не аналізуючы даследаванні сур’ёзных экспертаў.
Вельмі цікава, як зменіцца стаўленне да Беларусі і беларусаў падчас і пасля сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ў нашай краіне. Бо дзякуючы палітычным падзеям апошніх месяцаў пра нашу краіну сталі нашмат больш пісаць у СМІ суседніх краінаў.
Толькі шакуючыя навіны пра Беларусь
Успрыняцце графічных выяваў і відэа, гучныя загалоўкі артыкулаў больш адбіваюцца на падсвядомасці шараговага спажывальніка медыякантэнту. А сёння менавіта такога кшталту матэрыяламі пра Беларусь перапоўненая прэса. Таму варта зірнуць на гэтыя матэрыялы ў СМІ, прысвечаныя нашай краіне. Такім чынам можна паспрабаваць зразумець уяўленні суседзяў пра нас і Беларусь.
Харвацкая газета Jutarnji list: «Апошні дыктатар», «Кандыдатка не зважае на пагрозы дзецям»
Зразумела, што журналісты і рэдакцыі, імкнучыся да павелічэння аўдыторыі, выкарыстоўваюць гучныя загалоўкі і факты. Таму галоўныя навіны пра Беларусь у краінах-суседках апошнім часам насычаныя інфармацыяй, якая шакуе палякаў, чэхаў, харватаў, літоўцаў, эстонцаў.
Бо ў гэтых краінах не прызвычаіліся да такіх перадвыбарчых навінаў, якімі сёння запоўненыя інфармацыйныя стужкі.
Чэшская газета Blesk.cz: «Лукашэнка ўладкаваў сваю прыгожую палюбоўніцу ў парламент»
СМІ і інфармацыйныя сайты заўжды намагаюцца рухацца ў фарватары заяваў тых ці іншых палітыкаў. Найбуйнейшыя партыі і іх лідары ў суседніх краінах маюць пэўныя пазіцыі што да Беларусі, якія мала змяніліся з канца 90-х.
Таму і ў інфармацыйнай прасторы ўяўленне пра нашу краіну знаходзіцца нібыта ў зачараваным коле выбарчых падзеяў і рэпрэсіяў.
З нас зрабілі «страшылку» для еўрапейцаў
Галоўны лейтматыў навінаў пра Беларусь — палітычны ўціск, парушэнне еўрапейскіх нормаў уладамі, далей — рэакцыя і заявы розных еўраструктур, якія выказваюць занепакоенасць і абурэнне.
Напрыклад, з нядаўняй заявы афіцыйнага прадстаўніцтва ЕС:
«Беларускія ўлады павінныя паважаць асноўныя правы і свабоды чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі Беларусі».
Часам можа ўзнікнуць ўражанне, што такая рэакцыя палітыкаў і СМІ задавальняе выключна такая карціна пра Беларусь, якую яны малююць у свядомасці сваіх грамадзянаў праз публікацыі ў СМІ, што падхопліваюць трэнды, вызначаныя палітыкамі.
Сённяшнюю пазіцыю ЕС могуць патлумачыць так:
— ЕС намагаецца захаваць дыпламатычны твар, усведамляючы немагчымасць уздзеяння на ўнутраную палітыку Беларусі. Брусэль разглядае толькі інструменты трансфармацыйнага дрэйфу праз уцягванне Беларусі ў шматлікія партнёрскія праграмы па супрацоўніцтве.
— Еўрапейскія палітыкі задаволеныя існаваннем зоны ў выглядзе сённяшняй Беларусі паміж Расіяй і краінамі ЕС з адносна стабільнай знешняй палітыкай, без рэзкіх зменаў і сюрпрызаў. Да таго ж пачатак паставак нафты з ЗША можа разглядацца як спроба Мінска падтрымліваць баланс супрацоўніцтва Захад — Усход, кампенсаваць эканамічную залежнасць ад Расіі, а з нядаўняга часу — і ад Кітая, такімі больш палітычнымі, чым эканамічнымі, крокамі, як дыверсіфікацыя паставак энерганосьбітаў.
— Асобныя еўрапейскія палітыкі зацікаўленыя ў далейшым існаванні дзейнага рэжыму ў Мінску, які можа разглядацца як «пудзіла» для выбаршчыкаў падчас унутрыпалітычных кампаній.
Як прыклад — нядаўняя шырокая акцыя польскай грамадскасці ў адказ на парушэнні правоў у краіне з боку ўладаў і паліцыі. Палякі параўноўвалі дзеянні рэпрэсіўных органаў з захадамі беларускіх уладаў па ўціску апазіцыі ў 90-х — пачатку 2000-х.
Лозунгам той акцыі ў Польшчы было «Мелі стаць другою Ірландыяй, а маем другую Беларусь».
Бо менавіта Беларусь ў свядомасці палякаў з’яўляецца жывым прыкладам парушэння грамадзянскіх правоў і ўзурпацыі ўлады.
З сайта польскага тэлеканала TVN.pl: «Журналістка затрыманая падчас эфіру»
Зменяць сітуацыю толькі нашыя годныя справы
Нехта можа сказаць пра тэндэнцыйнасць падачы інфармацыі пра Беларусь. Маўляў, пра нашу краіну публікуюць толькі адмоўныя матэрыялы ў СМІ. Напэўна, частка праўды ў гэтым ёсць. Але калі б не было нагодаў публікаваць, не было б і тэндэнцыйнасці.
Напэўна, вектар інфармацыі хутчэй падкрэслівае зробленыя вышэй высновы пра тактыку еўрапейскіх суседзяў у дачыненні да Беларусі як да колішняй Албаніі, напрыклад.
Асаблівасцю постсавецкай прасторы ёсць тое, што нашыя краіны атаясамліваюцца ў першую чаргу з палітыкамі і кіраўнікамі. Пра гэта сведчыць і характар матэрыялаў у СМІ, і асабістае стаўленне шараговых грамадзянаў краінаў-суседак.
Нават з краінамі былога сацлагера сітуацыя зусім іншая. Ці шмат хто з беларусаў ведае, напрыклад, хаця б пару прозвішчаў польскіх, літоўскіх, эстонскіх, харвацкіх альбо чэшскіх палітыкаў?
Чытайце таксама: Беларусь як санітарны кардон
Можа, прыйдзе час, калі сенсацыйныя загалоўкі ў СМІ пра нашу краіну будуць асвятляць нашыя годныя справы і поспехі, а зусім не навіны пра чарговыя затрыманні ці парушэнне правоў?
Да сёлетніх падзеяў уяўленні пра беларусаў і нашу краіну ў большасці нашых суседзяў фарміраваліся дзякуючы навінам пра дзеянні нашых уладаў.
Каб сітуацыя змянілася, менавіта людзі павінныя выйсці на першы план і такім чынам заняць палосы газет і топ-раздзелы сайтаў. Ці атрымаецца ў беларусаў змяніць сітуацыю, каб у суседзяў Беларусь у першую чаргу асацыявалася з яе народам, а не палітыкамі і трактарамі?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»