16 траўня 1889 года ў газеце «Мінскі лісток» была ўпершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», аўтарства якой прыпісваюць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. З гэтай нагоды ўзгадаем біяграфію і творчую спадчыну першага прафесійнага беларускага літаратара, стваральніка беларускага нацыянальнага тэатра.
Чаму паэма паэма «Тарас на Парнасе» стала сапраўдным хітом свайго часу? На якой мове напісана знакамітая «Пінская шляхта» і хто яе сапраўдны аўтар? Які галоўны «твор» Дуніна-Марцінкевіча? Паспрабуем разабрацца.
«Злаві мяне, калі зможаш». Так пачынае новае відэа на сваім ютуб-канале літаратар Андрэй Хадановіч, маючы на ўвазе як біяграфію Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які ўмудраўся выслізваць з-пад пільнай увагі царскага ўраду падчас паўстання 1863-1864 гг., так і ўзаемадачыненні творчай спадчыны драматурга з любога кшталту літаратуразнаўцамі, якія і да сёння спрачаюцца адносна аўтарства самых знакамітых твораў, што прыпісваюцца класіку, як згаданы «Тарас на Парнасе» ды «Пінская шляхта».
Узгадаем сюжэт паэмы «Тарас на Парнасе». Палясоўшчык Тарас, які жыў «ля лазнi», пасля сустрэчы з мядзведзям правальваецца ў нару і трапляе ў «іншы свет», дзе дарога вядзе на гару Парнас. Па шляху і на самой гары ён сустракаецца з антычнымі багамі, гумарыстычна прадстаўленымі ў беларускім вясковым антуражы. Яны п’юць гарэлку, ядуць беларускія стравы (капусту, жур, крупнік) і нават танчаць некалі папулярную «мяцеліцу». Зразумелы гумар і падабенства з беларускім побытам прывялі да нечуванага эфекту. Паэму пачалі перадрукоўваць выданні розных гарадоў, у 1896-м «Тараса на Парнасе» выдалі ў Віцебску асобнай кніжачкай, а праз 13 год — у славутай друкарні Марціна Кухты ў Вільні, які выдаваў паэзію Багдановіча, Цёткі і Коласа. Так паэма ператварылася ў сапраўдны хіт, адзін з самых чытаных беларусамі тагачасных твораў, які ў тым ліку паўплываў на станаўленне беларускай літаратуры.
На мяжы XIX і XX стагоддзяў «Тарас на Парнасе» прыпісваўся розным беларускім пісьменнікам XIX стагоддзя — Арцёму Вярызе-Дарэўскаму, і Вікенцію Равінскаму, і нават бегламу дзекабрысту Яўхіму Крупеньку, але ў першую чаргу, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, у архіве якога захоўваўся рукапіс паэмы.
Справа ў тым, што пасля паразы паўстання 1863-1864 гг. наша культура зноў вярнулася да перапісвання твораў уручную. Быў у Дуніна-Марцінкевіча вялікі куфар, дзе захоўваліся такія рукапісы. Рука, якой напісаны «Тарас на Парнасе» ягоная, але перапісаць жа ён мог што заўгодна. Таму падчас першай публікацыі «Тараса на Парнасе» яго прыпісалі Дуніну-Марцінкевічу, бо рукапіс выдае яго руку і паходзіць з вялікага пісьменніцкага куфра-архіва.
Але даследчык Генадзь Кісялёў даказаў, што аўтар твора Канстанцін Вераніцын з Астраўлянаў. Ён быў прыгонным селянінам у мясцовага памешчыка Васіля Бондырава, але з яго дапамогай здолеў атрымаць добрую адукацыю. І хаця нарадзіўся ён у Астраўлянах, паэму ў 1855 годзе пісаў у Гарадку, дзе вучыўся ў парафіяльным вучылішчы. У памяць аб гэтым у горадзе і на малой радзіме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ўсталяваныя памятныя камяні ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе». Штогод у Гарадку збіраюцца аматары літаратуры і паэзіі — ім прысвечана асобная частка свята «Гарадоцкі Парнас». Тут знаёмяцца не толькі з новымі творамі сучасных аўтараў, але і падрабязна абмяркоўваюць напісаную ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя паэму.
Фота: people.onliner.by
Іншая гісторыя з «Пінскай шляхтай», якая напісаная не самым дасканалым знаўцам «палескай мовы», якім паводле аргументаў Андрэя Хадановіча, найбольш верагодна быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На карысць гэтай версіі працуе тое, што тэкст «Пінскай шляхты» перапісаны яго рукой, яго руку выдаюць і шматлікія праўкі ў рукапісе «Пінскай шляхты». Вядома, што драматург быў віртуозным перапісчыкам, клеркам, які прайшоў самыя розныя менскія канторы, ён геніяльна падрабляў чужыя почыркі, а тут яго рука раптам хібіць у перапісванні чужых твораў. Андрэй Хадановіч даводзіць, што, хутчэй за ўсё, гэтыя праўкі выдаюць працу аўтара над сваім творам.
Фота: budzma.org
У відэа Андрэй Хадановіч даводзіць чаму самым геніяльным «творам» літаратара стала ягоная дачка Каміла. Каміла Марцінкевіч была той, хто арганізоўвала ў касцёлах і іншай публічнай прасторы спевы патрыятычных гімнаў — прывітанне мірным менскім пратэстам 2020 года. Каміла Марцінкевіч была той, хто зрабіла палітычны перформанс — паводле пашыранай легенды, абліўшы мачой менскага губернатара. За што, ужо прывітанне брэжнеўскім рэпрэсіям, загрымела ў псіхушку, а менчукі пачалі прыносіць да сцен псіхлякарні кветкі. Трохі пазней, калі Каміла апынулася ў Пішчалаўскім замку падчас царскіх рэпрэсій пасля паўстання 1863-1864 гг., яна сама са сваёй камеры знайшла магчымасць кінуць кветку пад ногі асуджанага на смяротнае пакаранне паўстанца.
Больш падрабязна глядзіце ў відэа Андрэя Хадановіча