Змрочна, таямніча і якасна: свежыя трэкі беларускіх музыкаў на паразважаць і пасумаваць

29.09.2023 Музыка

Ці ёсць нейкая адмысловая формула поспеху, якая дазваляе артысту стаць папулярным і напрацягу доўгага часу не страчваць сваёй актуальнасці? Вядома, не. Для кагосьці камфортным з’яўляецца стварэнне інфармацыйнага шуму кожны месяц, а хтосьці можа выпадкова з’явіцца з сінглам, пасля «маўчаць» паўгады, ці адразу выдаць ЕР. Сёння пагутарым і пра тых, і пра гэтых.


Месяц шэпча мне...

Калі размова заходзіць пра прадуктыўных артыстаў новай школы, то абысці спявачку з псеўданімам Nevika ніяк немагчыма.

Толькі за тры апошнія месяцы, Вікторыя выпусціла некалькі крутых поп-трэкаў і, відавочна, не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Яе меладычны голас і яркія музычныя акцэнты прыцягваюць увагу і прымушаюць думаць: «Ваў! Гэта сапраўды можа гучаць так крута па-беларуску?!».

Новы сінгл «Памылілася» нібыта працягвае агульную гісторыю спявачкі, якую яна мэтанакіравана выводзіла ў двух папярэдніх кампазіцыях — «Вечарына» і «Лепшы сябр».


  

Прываблівае агульны маладзёвы вайб, які транслюецца ў апошніх трох трэках, з выпадковымі закаханасцямі, вечаровымі прагулянкамі, самымі блізкімі, але такімі далёкімі вачамі насупраць і, канешне ж, шчырымі пачуццямі, вынік якіх — глыбокае расчараванне. 

Не скажу, што калісьці быў палкім прыхільнікам творчасці спявачкі, хутчэй рацыянальным крытыкам, але прыемна адзначаць, што Віка расце і дае надзею, калі не ўсёй беларускай поп-музыцы, то хаця б яе значнай частцы.

Калі яшчэ не чулі пералічаныя вышэй трэкі, то раю як мага хутчэй выправіць гэтае непаразуменне.

Канструктар, але не LEGO

Т.С. Канструктар — пад такім нікнэймам выйшаў ЕР альтэрнатыўнай музыкі «Ватныя Дні». Інфармацыю пра артыста, які з’яўляецца аўтарам усяго дзвюх кампазіцый, на жаль, знайсці даволі складана.

Пасля праслухоўвання ЕР міжволі шукаеш паралелі з замежнай музыкай і першае, што прыходзіць у галаву — Radiohead. Змрочна, таямніча і якасна — менавіта так можна апісаць спробу выканаўца здзівіць свайго слухача (спойлер: у яго атрымалася).

 

Вы наўрад ці чулі нешта падобнае ў беларускай музыцы і, верагодна, не пачуеце бліжэйшым часам. Рознасць гуку разам з тэкстам даюць адчуць увесь змрок душэўных пакутаў. Класна выведзеныя драм-партыя і фартэпіяна заслугоўваюць асобнай падабайкі і прымушаюць даслухаць кожны трэк да самага канца.

Адразу папярэджу, што такі накірунак музыкі можа спадабацца далёка не ўсім, але паслухаць для агульнага развіцця і адзначыць для сябе яшчэ аднаго новага і вельмі прыстойнага беларускага артыста,безумоўна,варта.

На каметах па ўсіх вятрах

Беларускі гурт «Грязь» выпусціў лірычна-сатырычны хіп-хоп/пост-панк трэк «Кометы», які распавядае нам (якое дзіва!) пра гісторыю кахання двух абсалютна палярных людзей: поўнай сіл і жадання жыць дзяўчыны і дэпрэссіўнага хлопца з суіцыдальнымі думкамі. Звычайна, такі саюз нічым добрым не заканчваецца, але гурт наўмысна не зафінальвае гэтую гісторыю, каб кожны са слухачоў мог дадумаць штосьці сваё са шчаслівым канцом альбо не. 

 

Інструментал сінгла гучыць бадзёра і з кожным радком становіцца больш пранізлівым і энэргічным, даходзячы да свайго лагічнага завяршэння. Музыка ніяк не для ўтульных восеньскіх вечароў з каханымі, хаця... хто вам забароніць?

Хатні Томпсан, budzma.org

Чытайце яшчэ: 

Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент