Акадэмік Аляксандр Лукашанец загадам дырэктара ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ад 23 лютага 2022 года звольнены з пасады галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Інфармацыю пра звальненне даслалі ў рэдакцыю budzma.org чытачы.
Пасля выбараў 2020 года ў Беларусі Аляксандр Лукашанец асудзіў дзеянні сілавікоў і выступіў у відэазвароце навукоўцаў супраць гвалту.
Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1977), аспірантуру пры Інстытуце рускай мовы АН СССР (2001), доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003), член-карэспандэнт НАН Беларусі (2009), акадэмік (2017). Лаўрэат прэмій НАН Беларусі (2001 і 2011), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019).
З 1977 года працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі» (1989–2003), дырэктар ДНУ «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі» (2003–2008), дырэктар ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі» (2008–2012), першы намеснік па навуковай рабоце ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» (2012–2021), галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (2021–2022), звольнены з працы 02.03.2022.
Акадэмік А.А. Лукашанец добра вядомы ў Беларусі і свеце вучоны-славіст і арганізатар славістычнай навукі з шырокім колам навуковых інтарэсаў, сярод якіх: беларускае і славянскае словаўтварэнне; супастаўляльнае даследаванне сістэм беларускай і рускай моў; сацыялінгвістыка і праблемы беларуска-рускага двухмоўя і моўнай палітыкі; праблемы развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХХ і ХХІ стст. і дынамікі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Стварыў нацыянальныя беларускія словаўтваральную і сацыялінгвістычную навуковыя школы.
Даследуе пытанні беларускага словаўтварэння на шырокім славянскім фоне, распрацаваў тэарэтычныя асновы і ажыццявіў апісанне сістэмы словаўтварэння ў беларускай мове з пазіцый граматычных катэгорый (манаграфіі «Словаўтварэнне і граматыка» (2001), «Праблемы беларускага словаўтварэння» (2013), а таксама рад публікацый у айчынных і замежных выданнях і калектыўных манаграфіях).
Лукашанец, А.А. Словаўтварэнне і граматыка / А.А. Лукашанец. – Мінск: Права і эканоміка, 2001. – 252 с.
Лукашанец, А.А. Праблемы сучаснага беларускага словаўтварэння /А.А. Лукашанец. – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 315 с.
Удзельнічаў у распрацоўцы шэрагу міжнародных славістычных праектаў, з’яўляецца суаўтарам першых словаўтваральных слоўнікаў беларускай мовы.
Актыўна даследуе сацыялінгвістычныя аспекты сучаснага стану беларускай мовы, яе прававога статусу і месца ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы беларускага грамадства, праблемы і асаблівасці развіцця сістэмы беларускай мовы на сучасным этапе, распрацаваў і абгрунтаваў лінгвістычныя, прававыя, сацыяльна-псіхалагічныя і адукацыйныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя, вызначыў асноўныя напрамкі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама сфармуляваў прынцыпы міжславянскага моўнага і культурнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з улікам сучасных працэсаў глабалізацыі і міжнароднай інтэграцыі. Вынікі сацыялінгвістычных даследаванняў і распрацовак акадэміка Аляксандра Лукашанца знайшлі адлюстраванне ў шэрагу айчынных і замежных публікацый, у тым ліку манаграфіі «Беларуская мова ў ХХІ ст.: развіццё сістэмы і праблемы функцыянавання» (2014) і раздзеле «Государственные языки» 7-томнага выдання «Республика Беларусь — 25 лет созидания и свершений» (Мінск, 2020, т. 1, с. 553–595).
Акадэмік А.А. Лукашанец з’яўляецца адным з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008). Пад яго навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле падрыхтаваны цыкл слоўнікаў і дапаможнікаў, якія забяспечылі паспяховае ўвядзенне новай рэдакцыі правілаў беларускай арфаграфіі ў адукацыйны працэс і беларускую пісьмовую практыку: практычныя дапаможнікі «Пішам па-беларуску: даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі» (2010), «Сучасная беларуская арфаграфія: Акадэмічны даведнік» (2012); арфаграфічныя слоўнікі «Беларускі арфаграфічны слоўнік» (2010; 2-е выд. Мінск, 2012), «Слоўнік беларускай мовы» (2012); перакладныя «Русско-белорусский словарь» (В 3-х т., Минск, 2012) і «Беларуска-рускі слоўнік» (У 3-х т., Мінск, 2012) і інш.; шэраг вучэбных руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў для школьнікаў.
З 2017 года акадэмік А.А. Лукашанец з’яўляўся старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, вёў вялікую работу па ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі і пашырэнні беларускай мовы ў сферы навукі, вытворчасці і прамысловасці. Ён суаўтар (аўтар беларускай часткі) перакладных руска-беларускіх тлумачальных «Русско-белорусского терминологического словаря по порошковой металлургии» (2012) и «Русско-белорусского толкового словаря по металлургии и литейному производству» (2020). Гэтыя і іншыя даведнікі маюць выключна важнае значэнне для забеспячэння прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў краіне і патрэб сучаснай моўнай практыкі.
Аляксандр Лукашанец — буйнейшы ў краіне спецыяліст па пытаннях ідэнтыфікацыі запісаў прозвішчаў, імён і імён па бацьку ў дакументах, што мае выключна важнае значэнне для сучаснай іменаслоўнай практыкі, для дзейнасці аддзелаў ЗАГС, натарыяльных кантор і інш. ва ўмовах дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя. Пры яго актыўным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй падрыхтаваны і выданы запатрабаваныя сучаснай моўнай практыкай: «Слоўнік асабовых уласных імён» (2005; уклад. М.Р. Суднік); А.К. Усціновіч «Слоўнік асабовых уласных імён» (2011); У.М. Завальнюк, В.К. Раманцэвіч «Слоўнік асабовых уласных імён» (2017).
Лукашанец — вядомы ў свеце вучоны-славіст, арганізатар і каардынатар славістычнай навукі. Як старшыня Беларускага (з 2004) і Міжнароднага (2008–2013) камітэтаў славістаў займаўся арганізацыяй і правядзеннем XV Міжнароднага з’езда славістаў у Беларусі (Мінск, 2013).
Акадэмік Мілан Гюрчынаў (Паўночная Македонія) уручае Аляксандру Лукашанцу (Беларусь) рашэнне пленума Міжнароднага камітэта славістаў аб правядзенні XV Міжнароднага з’езда славістаў ў 2013 годзе ў Мінску
Старшыня Міжнароднага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец адкрывае XV Міжнародны з’езд славістаў (Мінск, 2013)
З’яўляецца членам (з 1996) і старшынёй (з 2008) Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў.
Працы Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў
Аляксандр Лукашанец браў актыўны ўдзел у важнейшых міжнародных навуковых славістычных форумах, шэрагу міжнародных навуковых канферэнцый, а таксама ў выкананні буйных міжнародных славістычных праектаў, што мае вялікае значэнне для павышэння прэстыжу беларускай мовы ў свеце, беларускай, у тым ліку акадэмічнай, славістыкі за мяжой, у першую чаргу ў славянскіх краінах.
Старшыня Беларускага камітэта славістаў акадэмік Аляксандр Лукашанец выступае на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XVІ Міжнароднага з’езда славістаў і на прыёме ўдзельнікаў XVІ Міжнароднага з’езда славістаў у Прэзідэнта Рэспублікі Сербія (Сербія, Бялград, 2018). Стяць ззаду: Прэзідэнт Рэспублікі Сербія Аляксандр Вучыч, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў Бошка Сувайджыч, дэкан філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта Ліляна Станкавіч
Сустрэча ў Прэзідыуме НАН Беларусі з айцом Аляксандрам Надсанам (2008)Стаяць у першым радзе: Ірына Дубянецкая, Мікола Мятліцкі, Аляксандр Лукашанец, Аляксандр Надсан, Міхаіл Мясніковіч, Міхась Мушынскі, Станіслаў Нічыпаровіч