13 студзеня ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно адкрыецца міжнародная выстава фатаграфіі “ІГРА Ў КЛАСІКУ”.
Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 12 студзеня ў 18-00.
Дадзеная выстава, што аб’яднала працы фатографаў з Беларусі, Літвы, Італіі, Аўстрыі, Украіны і Расіі, – пачатак вялікага міжнароднага праекта “Гульня ў класіку”, які ўключае ў сябе цыкл выстаў пінхол-фатаграфіі ў Беларусі і іншых краінах-удзельніцах.
Пінхол-фатаграфія (анг. pinhole – шпількавая адтуліна) – гэта фатаграфія, створаная камерай без лінзаў, дзе замест аб’ектыва выкарыстоўваецца невялікая адтуліна. Дзеля пінхол-фатаграфіі характэрныя бясконцая глыбіня рэзкасці, «мяккасць» выявы і асаблівая атмасфера. Пінхол размывае межы часу і адчуванне прыналежнасці вызначанай эпосе, а недасканаласці выявы ператварае ў вартасці. Гэта робіць здымкі, атрыманыя з дапамогай пінхол-камеры, адрознымі ад фатаграфій, створаных іншымі камерамі.
На выставе прадстаўлена больш 140 работ, у тым ліку серыі, створаныя ў тэхніцы ручнога друку. І ўпершыню – пінхол-партрэт дзеючага прэзідэнта!
Пры распрацоўцы канцэпцыі праекта ў цэлым і экспазіцыі дадзенай выставы часткова скарыстана структура рамана Хуліа Картасара “Ігра ў Класікі”. Праект складаецца з пяці тэматычных выстаў (“кніг”), злучаных паміж сабой толькі спосабам атрымання фатаграфічнай выявы. Тэма першай выставы – Чалавек.
Экспазіцыя выставы пабудавана па вызначанай схеме, наведвальнікам (“чытачам”) прапануецца карта-даведнік, якая, як мяркуюць аўтары праекта, дапаможа па-новаму “прачытаць” прадстаўленыя тут фатаграфіі. Асобным блокам прадстаўлены аўтарскія серыі работ.
Стваральнікі праекта “Ігра ў класіку” разглядаюць пінхол-фатаграфію не толькі і не столькі як тэхнічны прыём, але, перадусім, як сродак выражэння аўтара і яго бачання навакольнай рэчаіснасці.
Удзельнікі праекта: Artūras Meškauskas, Ausra Barysiene, Evaldas Jansas, Inga Dinga, Raimundas Bernadickas, Ramunas Danisevicius, Saulius Slavinskas, Svemart, Žilvinas Kropas, Аляксандра Шановіч, Аляксей і Святлана Хварасцьянавы, Аляксей Ільін, Антон Бачканаў, Вадзім Шамкоў, Васіль Кісялёў, Віктар Сянькоў, Дыяна Панкова, Яўген Глушань, Яўген Гараўскі, Іван Самавараў, Ігар Бракіляў, Ілля Маскавец, Ірына Папкова, Марыя Бонэ, Маргарыта Сянькова, Надзея Храмава, Сяргей Пятрэнка, Юрый Гаравік.
Куратары праекта – Наталля Паторская, Віктар Сянькоў.
+375 33 3638828, +375 44 4669343 pinhole.by@gmail.com
Сайт праекта: www.pinholeby.info
Генеральны партнёр: Галерэя – багетная майстэрня РАМЕР
Партнёры праекта: Друкарня поўнага цыкла RIBBA
Беларускі саюз дызайнераў.