У канцы жніўня гісторык, культурны менеджар і стваральнік праекта «Беларускія магістраты» Цімох Акудовіч паведаміў пра запуск новай ініцыятывы — «МедыяМагістрат». Яе асноўная мэта — развіццё праектаў у беларускамоўнай блогасферы на YouTube. Новы кірунак працягвае справу кніжных і адукацыйных магістратаў, але ўжо ў медыйнай прасторы: людзі аб’ядноўваюцца, скідваюцца грашыма і падтрымліваюць перспектыўныя беларускія праекты. Для партала «Будзьма беларусамі!» Цімох Акудовіч расказаў, як працуюць «разумныя інвестыцыі» ў культуру, чаму магістраты больш дзейсныя за звычайны Patreon, і як прынцыпы прамой дэмакратыі дапамагаюць падтрымліваць беларускія праекты.
Цімох Акудовіч. Фота з Фэйсбука Цімоха Акудовіча
У аснове ўсіх кірункаў «Беларускіх магістратаў» ляжыць самаарганізацыя. Праект прапануе не толькі фармат збору сродкаў, а таксама заахвочвае беларусаў браць на сябе адказнасць. Ідэя ў тым, каб супольна вырашаць, што для нас сапраўды важна, кажа Цімох Акудовіч:
— Традыцыя такой узаемадапамогі не з’явілася сёння: ва ўсе часы людзі збіралі грошы і інвеставалі ў сваё. Можна пачаць яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, калі існавалі гарадскія супольнасці і выбарныя магістраты. Людзі плацілі падаткі, але самі вырашалі, як будзе развівацца іх горад і на што пойдуць выдаткі. У XIX стагоддзі такі фармат ажыццяўляўся праз кааператывы: людзі супольна ўкладаліся ў развіццё крамаў, школ, бібліятэк — у тое, чаго ім не хапала. Такія інструменты беларусы выкарыстоўвалі і ў часы Расійскай імперыі, і ў міжваеннай Польшчы. Багаты досвед мае і беларуская дыяспара: у Лондане, гарадах Амерыкі і Аўстраліі беларусы супольна набывалі будынкі для сваіх культурных цэнтраў.
Рабілася гэта менавіта праз зборы, калі стваралася агульная каса, і людзі разам, маючы права голасу, бралі ўдзел у вырашэнні агульных пытанняў. Таму сённяшнія магістраты — гэта ў пэўным сэнсе працяг такой традыцыі. У адрозненне ад данатаў праз папулярныя сэрвісы, у «Беларускіх магістратах» праяўляецца актыўная роля — удзельнікі самі абіраюць ініцыятывы, якія будуць падтрымліваць сабранымі грашыма.
— Галоўнае адрозненне ад умоўнага Patreon, дзе падпісант мае досыць пасіўную ролю (можна толькі падпісацца на праект і адпісацца ад яго), у тым, што
магістраты — гэта таксама пра прыняццё рашэнняў аб тым, як найбольш эфектыўна інвеставаць сабраныя грошы, і якія праекты сапраўды будуць прыносіць карысць. Мы праз абмеркаванне і далейшае галасаванне вырашаем, якую канкрэтна ініцыятыву ці справу варта падтрымаць — тут ёсць актыўная роля. Мы павінны думаць пра стратэгію выкарыстання грошай нашай супольнасці, а не разавага данату адной асобы.
Сёння дзейнічаюць кніжны, адукацыйны і новы медыйны магістраты. Збіраецца кола ахвочых, гатовых штомесяц выдаткоўваць ад 10 да 100 еўра ў агульную скарбонку. Раз на 2-3 месяцы праводзіцца конкурс праектаў і супольна вырашаецца, куды пойдуць сабраныя грошы. Супольнасць закрытая, але шляхі далучэння да яе ёсць:
— Галоўны шлях — праз дзейных удзельнікаў, але можна напісаць нам і наўпрост у Instagram. Мы спраўджваем, ці гэта рэальны чалавек, і часцей за ўсё далучаем. Чаму супольнасць застаецца закрытай? Не таму, што мы маем што хаваць. Проста ўсе рашэнні прымаюцца ўнутры, а публікуем мы толькі вынікі і толькі тое, што можам.
Часам мы падтрымліваем ініцыятывы, якія просяць пра канфідэнцыяльнасць — на жаль, у такіх рэаліях сёння даводзіцца жыць. Таму гэты фармат — і вымушаная ўмова сучасных абставінаў, і нармальны ўнутраны працэс, як у любой справе. Мы выносім на знешні суд вынікі, але пры гэтым кожны ўдзельнік мае права голасу за тыя сродкі, якія прыносіць.

Цімох Акудовіч. Фота: «Белсат»
Як расказвае Цімох Акудовіч, сёння ў кніжным магістраце ўдзельнічае каля 60 чалавек, у адукацыйным — крыху больш за 30, а новы медыйны магістрат пакуль сабраў толькі 10 удзельнікаў. Некаторыя людзі ўдзельнічаюць у магістратах працяглы час, штомесячна робячы ўнёскі.

Фота з інстаграма «Беларускіх магістратаў»
Неўзабаве ў адукацыйным магістраце пачнецца галасаванне ў другім конкурсе. Як паведамляецца ў Instagram праекта, на конкурс прыйшлі заяўкі ад 7 ініцыятываў пра адукацыю, спорт і развіццё беларускіх дзяцей. Калі ж казаць пра кніжны магістрат, то за паўтара гады было падтрымана шэсць праектаў:
— Сярод іх — два займы выдавецтву Gutenberg Publisher (на выданне кніг Аляксандра Карнаўха «Халодныя землі» і Марыям Петрасян «Дом, у якім...»). Займ выдавецтву Bukinistka на выданне кнігі Кацярыны Оаро «У вас такі мілы акцэнт», рэкламны праект для выдавецтва «Янушкевіч». Яшчэ два праекты пакуль не агучваем — фармальныя працэдуры не завершаныя.

Падчас прэзентацыі кнігі Кацярыны Оаро «У вас такі мілы акцэнт» у кнігарні Bukinistka. Фота з інстаграма «Беларускіх магістратаў»
Займ — толькі адна з формаў падтрымкі. Часцей за ўсё такая механіка выкарыстоўваецца менавіта пры працы з выдавецтвамі. Пры гэтым грошы потым зноў вяртаюцца на падтрымку новых праектаў:
— Мы даём выдавецтву сродкі. Яны пускаюць іх у абарот — друкуюць і выпускаюць кнігу, пасля чаго вяртаюць нам гэтыя грошы — яны зноў ідуць на конкурс. Вельмі часта мы даём іх таму ж выдавецтву ў выглядзе наступнага займу, калі яны праходзяць конкурс. І ў гэтым фармаце цешыць сама механіка займаў і магчымасці рынку: што на кніжным рынку ёсць сілы браць грошы і потым іх аддаваць.
Мы ж проста можам у гэтым дапамагчы. Грошы не знікаюць, усе застаюцца ў плюсе, а выдаўцы могуць выдаць больш кніг. Але гэта толькі адна з формаў падтрымкі праектаў: можна атрымліваць і простыя данаты — усё залежыць ад канкрэтнага праекта. Бывалі выпадкі, калі прасілі прафінансаваць кніжную выставу ці стэнд — тады гэта ўжо не займ, а чыстая інвестыцыя.

«Механіка застаецца класічнай: збіраем кола ахвочых, гатовых штомесяц выдаткоўваць ад 10 да 100 еўра ў агульную скарбонку. Раз на 2-3 месяцы праводзім конкурс праектаў і супольна вырашаем, куды пойдуць сабраныя грошы», — пазначана ў абвестцы «МедыяМагістрата». Галоўны прынцып ініцыятывы — дапамагчы перспектыўным праектам стаць устойлівымі і цалкам самадастатковымі:
— План — сабраць людзей, якія пачнуць думаць пра стратэгію: як развіваць беларускамоўны кантэнт і куды ўкласці сабраныя грошы, каб быў вынік. Наша задача — знайсці такія фарматы ўкладання, якія дапамогуць беларускамоўнай блогасферы на YouTube развівацца.
Магістраты не абяцаюць хуткіх цудаў. Яны прапануюць больш складаную, але і больш даўгавечную мадэль: людзі не проста аддаюць грошы, а бяруць на сябе адказнасць за тое, куды яны пойдуць. І ў гэтым, магчыма, і палягае іх галоўная сіла.
А. П., Budzma.org