28 лютага 2019 года ў галерэі новага будынка адкрыецца выстаўка «Напрадвесні», прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння Юрыя Паўлавіча Герасіменкі-Жызнеўскага, якая стане працягам экспазіцыйных праектаў Нацыянальнага мастацкага музея, прысвечаных творчасці вядомых беларускіх дзеячаў мастацтва.
Наведвальнікі музея ўпершыню ў адной экспазіцыі ўбачаць творы яркага прадстаўніка айчыннай школы графікі, віртуоза малюнка, аўтара серый станковых аркушаў і ілюстрацый паэзіі і прозы класікаў беларускай літаратуры. У ясных і светлых па настроі працах Юрыя Паўлавіча Герасіменкі-Жызнеўскага з багаццем дэталяў і цікавых сюжэтаў дакладна ажываюць героі беларускіх народных казак. Партрэты і тэматычныя кампазіцыі аўтара створаны ў тэхніках літаграфіі, афорта, лінагравюры, акварэлі, пастэлі, сангіны, соусу. У пошуках новага шляху ў мастацтве майстар свабодна аб’ядноўваў традыцыі беларускай мастацкай школы з традыцыямі рэнесансу, пераходзіў ад імпрэсіяністычнай пастэлі ў тэхніцы «А la prima» да візуалізацыі філасофскіх пошукаў «Неамагнетызму» – малюнка ў стылі чыстай абстракцыі.
Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі (1948–1997) – мастак, надзелены ад прыроды выдатным дарам творцы прыгожых, высакародна-чыстых і ўзнёслых вобразаў, якія маюць агульначалавечую каштоўнасць. «Ужо ў студэнцкія гады ён паказаў сябе здольным і перспектыўным мастаком з вялікім творчым патэнцыялам. Ён апраўдаў надзеі сваіх педагогаў і стаў адным з самых актыўных сяброў Беларускага саюза мастакоў», – пісаў аб ім яго настаўнік, народны мастак Беларусі, прафесар Васіль Пятровіч Шаранговіч.
Імпульсам для з’яўлення твораў часта былі вынікі шматлікіх падарожжаў і сустрэч з дзеячамі навукі і мастацтва, сумесная праца з пісьменнікамі і паэтамі. Яго талент, на шчасце, быў заўважаны і прызнаны сучаснікамі. Герасіменка-Жызнеўскі прадстаўляў нашу краіну на міжнародных і ўсесаюзных конкурсах мастацтва, пастаянна прымаў удзел у рэспубліканскіх выставах, атрымліваў узнагароды. Серыі ілюстрацый майстра адрозніваюцца вялікай выяўленчай і выразнай дакладнасцю. Мастацкае афармленне кнігі В. Зуёнка «Маўчанне травы» было прызнана лепшым і адзначана Дыпломам I ступені на Рэспубліканскім конкурсе кнігі 1980 года.
За мастацкае афармленне кнігі Якуба Коласа з двухтомніка «Выбранае» Янкі Купалы і Якуба Коласа ў 1981 годзе Герасіменка-Жызнеўскі быў узнагароджаны Дыпломам імя Францыска Скарыны.
У 1984 годзе яго працы зноў сталі лепшымі ў рэспубліцы – за серыі ілюстрацый да кніг В. Быкава «Знак бяды» і В. Віткі «Казкі і краскі» ён быў узнагароджаны Дыпломам І ступені.
Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі – прадстаўнік другога пакалення творчай дынастыі, якая на працягу стагоддзя стварае высокамастацкія творы, беражліва захоўваючы паважлівыя адносіны да нацыянальных традыцый. Яго дзеці, працягваючы пошукі новага, працуюць у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ў мастацтве скульптуры, дазваляючы нам любавацца прыгажосцю твораў.
На выставе гледачы ўбачаць самыя вядомыя работы майстра з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за дваццаць графічных і жывапісных твораў, звыш шасцідзесяці ілюстрацый і заставак да кніг, створаных на працягу трох яркіх творчых дзесяцігоддзяў Юрыя Паўлавіча Герасіменкі-Жызнеўскага. Дапоўняць экспазіцыю 12 праілюстраваных майстрам кніг, узнагароды, дакументы і фатаграфіі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, са збору сям’і. Будзе дэманстравацца дакументальны тэлефільм Аляксандра Дамарацкага з цыклу «Святло далёкай зоркі» (2005), прысвечаны Юрыю Паўлавічу Герасіменку-Жызнеўскаму, у якім блізкія і сябры цёпла ўспамінаюць пра яго.
Куратар выставы – С.І. Ржэуцкая,
навуковы супрацоўнік
навукова-фондавага аддзела НММ РБ