Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Беларусі Аркадзя Смоліча. Гэта першая беларускамоўная карта нашай краіны

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам і надрукаваную ў Вільні ў 1919-ым годзе. Карта Смоліча — гэта першая беларускамоўная карта нашай краіны. Паводле інфармацыі з мапы, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27-га верасня 1919-га года і надрукаваная ў майстэрні «N. Mac i syn» у Вільні.

Karta Bielarusi
Тут і далей фотаздымкі Аліны Мазавец

Аўтарам карты лічыцца адзін з бацькоў-заснавальнікаў БНР і першы прафесар геаграфіі ў БССР Аркадзь Смоліч. Мапа мае фізічна-адміністрацыйны характар, які ў шматлікіх дэталях адпавядае падручніку «Географія Беларусі», што быў выдадзены Смолічам увесну 1919-га года таксама ў Вільні.

У супрацы з выдавецтвам Gutenberg і студыяй Imago.by была падрыхтаваная і выйшла ў свет лімітаваная падарункавая копія, паведамляецца на сайце ініцыятывы Maldzis.

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

«Гэтая карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасць еўрапейскіх дзяржаў, хоць па факце яна такой і не паўстала».

Ryhor Astapienia i Paviel Macukievič

Да асаблівасцяў мапы належыць і тое, што яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня ў выпадку гарадоў, а таксама Нямеччына і Маскоўшчына ў выпадку краін.

«За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках, і нам пашчасціла набыць адзін з іх», —  адзначае Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS.

Karta Bielarusi

Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М.

У будучыні яна будзе перададзеная ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму карта будзе выстаўляцца за мяжой.

Карту можна набыць на сайце выдавецтва Gutenberg у рамцы альбо з драўляным падвесам.

Karta Bielarusi

Ключавыя факты пра Аркадзя Смоліча

Нарадзіўся ў 1891-ым годзе ў вёсцы Бацэвічы (Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць). Паходзіў з сям’і святара, скончыў Менскае духоўнае вучылішча і семінарыю, але абраў іншы шлях: вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце і ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах. 

Падчас Першай сусветнай вайны і падзеяў 1917–1918 гг. быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, увайшоў ва ўрад БНР. Пазней стаў першым старшынём Таварыства беларускіх школ і ставіў мэтай забяспечыць беларускім дзецям магчымасць вучыцца на роднай мове.

Лічыў бальшавікоў злом, але быў гатовы супрацоўнічаць з імі, каб будаваць нацыянальную Беларусь. Пасля вяртання ў Менск у 1922-ім годзе выкладаў у БДУ, стаяў ля вытокаў Беларускай акадэміі навук, стаў адным з аўтараў яе першага статута і ўвайшоў у прэзідыум.

У 1919-ым годзе ў Вільні надрукаваў «Географію Беларусі» — першы нацыянальны акадэмічны падручнік, у якім упершыню сістэмна апісаў этнічныя беларускія землі як адзіную геаграфічную прастору. У тым жа годзе падрыхтаваў і выдаў першую беларускамоўную карту Беларусі.

Гэтая карта, арыгінальны асобнік якой набыў MALDZIS, з’яўляецца вялікай рэдкасцю, што тлумачыцца мэтанакіраваным знішчэннем усіх выданняў Смоліча. У 1937-ым годзе прадстаўнікі Галоўліта БССР пазначылі ў «Спісе літаратуры, якая падлягае канфіскацыі...»: «Смоліч А. — УСЕ КНІГІ». 

Аркадзь Смоліч быў арыштаваны паводле справы «Саюза вызвалення Беларусі». Пяць гадоў правёў у высылцы спачатку ў Пермскай вобласці, потым у Цюменскай. Яго вызвалілі ў жніўні 1935-га года, а ў 1937-ым зноў арыштавалі і ў 1938-ым расстралялі ў Омску.