Навошта табе літоўская мова, калі ты — не Андрэй Павук?

30.10.2025
Пра тое, што Андрэю Павуку патрэбная літоўская мова — ведаюць ужо ўсе. Нават сам блогер і супрацоўнік віленскага аўтапарку, які нядаўна трапіў у моўны скандал на працы. А нам яна — навошта? Асабліва тым, хто ў Літве не жыве і ў віленскім аўтапарку не працуе? Паспрабую патлумачыць.

ViĺniaВільня

Даўным-даўно знаёмая знаёмых, якая вучылася ў ЕГУ, хадзіла па Вільні і захаплялася: «Які цудоўны праваслаўны горад! Паўсюдна напісана — Воистину!». Фраза стала мемам, бо Vaistine па-літоўску — гэта «аптэка». Здаецца, Літва — бліжэй няма куды. Культурна, гістарычна, этнічна, нават — кулінарна. Але іхная «аптэка» для нашага чалавека — таямнічае «Воистину».

Хостэл на вуліцы «Банананаса» 

Мы нічога не ведаем пра літоўцаў і крыўдзімся, што яны не ведаюць нічога пра нас. Ці — не прымаюць той вобраз нас, які мы самі сабе прыдумалі і намагаемся яму адпавядаць. Вось скажыце, колькі літоўскіх паэтаў Вы ведаеце? Празаікаў? Філосафаў? Фатографаў? Які літоўскі мастацкі фільм Вы глядзелі апошні раз?..

Калі мы кажам пра нешта беларуска-літоўскае, то міжволі ўсплываюць вобразы з Вялікага Княства Літоўскага. Куды без яго? Гэта фундамент. Але з таго часу прайшло больш за 200 гадоў. Нашы народы даўно пайшлі сваімі сцежкамі, змяніліся. Выходзіць, з таго апошняга рандэву, гадах у 1790-х, мы проста не цікаваліся адно адным?..

Выходзіць — так. Таму ў хостэле на вуліцы Басанавічуса ў Вільні даводзіцца чуць: «Да, да, мы на улице... Банананаса». Бо ніякага Басанавічуса ці Мацкявічуса ў нашай свядомасці не існуе. А хлопчык Бананан са старога савецкага кіно — існуе. 

Які Балта-Чарнаморскі саюз, якое добрасуседства, калі наша стаўленне да суседняй краіны і яе традыцыі — падкрэслена абыякавае?

Незразумелая «маса людзей з усходу»

Мова — гэта не толькі пра магчымасць замовіць каву ці прачытаць дамову перад падпісаннем. Гэта пра павагу. І — пра разуменне краю, дзе ты жывеш. Гэта ключ да гісторыі, традыцыі, супольнасці.

І гэта гісторыя зусім не пра кейс Павука: даруйце, ён быў патрэбны для загалоўка. І нават не пра Літву. 

Andrej Pavuk Андрэй Павук. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

У Польшчы, думаеце, інакш? Беларусы ў Беластоку ведаюць адрасы «ўжондаў», да якога часу працуе «Бедронка», якія зніжкі ў гандлёвых цэнтрах, але пра сам горад — no ideas. Гэта проста кропка на мапе, як для савецкіх маёраў кропкамі на мапе былі забытыя Богам сібірскія гарадкі, дзе стаялі іх гарнізоны. Сёння — тут, заўтра — там. 

Я разумею, што мы — эмігранты — тут не па сваёй волі. Разумею, што багата хто з нас вернецца пры першай магчымасці. Разумею, што стрэсавая сітуацыя выгнання — не лепшая для таго, каб вучыць мову і чытаць «Дзяды» Міцкевіча ў арыгінале. Разумею. Бо сам у гэтай сітуацыі. 

Але глабальна давайце прызнаем: у нас — беларусаў — па абодва бакі мяжы доўгі час было вельмі спажывецкае стаўленне да суседзяў. Мы ніколі не спрабавалі іх зразумець. Але — хацелі, каб там разумелі нас. Прычым, каб разумелі чамусьці па-расійску. А па выніку крыўдзімся, што мы для іх — незразумелая «маса людзей з усходу».

Чаму адмаўляемся ад ключоў, якія даюць нам у рукі? 

Выгнанне і ўсё, што мы перажываем — вялікі стрэс і ломка. Мы не можам змяніць рэальнасць, але можам працаваць з рэальнасцю. З той, якая ёсць. Вымушана мы аказаліся ў іншых краінах, але — маем шанец пазнаць іх знутры. Мову, культуру, палітычны лад, грашовую сістэму, лайфхакі. Усё гэта нам спатрэбіцца, незалежна ад далейшага палітычнага развіцця падзеяў. 

Гэта капітал, актывы. Як для яўрэяў у маладой дзяржаве Ізраіль капіталам быў увесь іхны калектыўны досвед папярэдняга пражывання ў іншых краінах. Яны ж ведалі не толькі ідыш з іўрытам (які толькі пачалі вучыць), але — ангельскую, нямецкую, польскую і далей па спісе. Ведалі не толькі Шалом-Алейхема, але і ўвесь цвет сусветнай літаратуры. 

Чаму мы гэтым не карыстаемся? Чаму замест таго, каб заглыбляцца ў літоўскае ці польскае, надалей пераглядаем у тысячны раз савецкае кіно і размаўляем па-расійску? Чаму адмаўляемся ад ключоў, якія нам даюць у рукі?.. Загадка.


Алесь Кіркевіч, Budzma.org