15 сакавіка 2013г. а 17 гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўкі скульптуры і аб`ектаў славацкага мастака Марэка Рыбаня “Дэканструкцыя”. Выстаўка падрыхтавана пры падтрымцы Пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Марэк Рыбань – мастак блізкі да прыроды. Яго творчасць служыць гэтаму пацвярджэннем. Не толькі таму, што ён вырас на яе ўлонні, але прырода стала яго натхненнем ужо падчас пачатковых эксперыментальных спробаў ва універсітэце. Спачатку ён вывучаў графіку, спрабаваў розныя тэхнікі і з імі звязаныя прыёмы, такім чынам засвоіўшы іншыя формы і сродкі выяўленчай мовы. Сёння мастак актыўна працуе з дрэвам, стварае аб’екты і станковыя кампазіцыі. Не парушаючы прыродную структуру матэрыяла, ён трансфармуе форму, перфарацыяй уплываючы на драўляную матэрыю. У яго работах заўважны мінімалістычныя ўплывы, містычныя ўражанні, экзістэнцыяльныя эфектныя кампазіцыйныя прыёмы.
Марэк Рыбань прадстаўляе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва сваю калекцыю аб’ектаў і станкавых скульптурных кампазіцый, дзе звяртаецца да гледача ў лірычнай і паэтычнай форме, нягледзячы на жорсткую і нават драматычную прапрацоўку дрэва, дэструктыўнае змяненне стану матэрыяла.
Скульптуры, выстаўленыя ў Музеі, маюць пераважна станковыя памеры. Аб гэтым сведчаць і каляровыя творы “Блакітная перфарацыя” (2012) як сімвал вечнасці, калі перфарацыя мінімальна змяняе унутраны стан дрэва. Творы з мінімалістычнымі скульптурнымі ўплывамі “У гонар Валуш’яка” (2011), “Блакітны аб’ект” (2012), “Малыя і вялікія шляхі” (2012) адлюстроўваюць містычныя, язычніцкія ўяўленні продкаў. Апошнюю, канцэптуальную кропку ставіць адзін з найбольш знакавых твораў мастака – трыпціх “Кола, квадрат і трохкутнік” з простай экзістэнцыяльнай эфектыўнай кампазіцыяй.
Скульптуры і аб’екты Марэка Рыбаня адрозніваюцца вялікай унутранай моцай і абагульненнем, гэта паэзія аб ім, аб нас, аб адносінах да жыцця і сям’і. Яго падыход да дрэва, які зыходзіць з натуральных асаблівасцей жывога матэрыялу, адрозніваецца глыбокім разуменнем дэталяў і цэлага. Скульптуры М.Рыбаня напоўнены разуменнем часу і памяці, гэта жывыя сведачанні мінулых эпох і імгненнасці сённяшняга існавання.
Мілан Мазур (Славакія),
мастацтвазнаўца, 2013.
Урывак з артыкула.
Марэк Рыбань
Нарадзіўся ў 1979 годзе ў г. Жыліна (Славакія).
У 1994 годзе атрымаў кваліфікацыю мастацкага каваля ў г. Кісуцке Нове Мэсто.
У 1995-1999 гг. вучыўся ў Браціславе на аддзяленні рэкламнай графікі, студыя Пятра Мялузіна.
У 2000-2006 гг.вучыўся ў Вышэйшай школе выяўленчага мастацтва ў Браціславе на аддзяленні “Свабодныя медыі і графіка”, студыя Ёзэфа Янчовіча.
Самастойна выстаўляецца з 2007 г. – выстаўка “Кропка – пыл – ідэнтычнасць» (Паважская галерэя мастацтва ў г. Жыліна)
2008 – выстаўка ў галерэі «Эпіцентрум Хелмек» (г.Асвенцым, Польшча).
2009 – выстаўка ў галерэі «ECGH» (г.Чэска-Будэёвіцэ, Залаты дом еўрапейскай культуры), у рамках тыдня славацкай культуры і мастацтва
2010 – выстаўка ў Кісуцкай галерэі (Замак і парк Ашчадніца)
2010-2011 – удзел у Міжнародным сімпозіуме ў г. Чаньчунь (КНР) і творчы візіт у Парыж, у рамках Cite internationale des arts.
2012 – выстаўка ў Славацкім Пасольстве ў Рыме.
Выстаўка працягнецца па 30 сакавіка 2013г.