Беларус на чале Масаду

У чэрвені 2026 года ізраільскую выведку ўзначаліць ураджэнец Беларусі Раман Гофман. Але ён не першы! За сем дзесяцігоддзяў да яго Масад ужо меў кіраўніка з беларускай зямлі. Ім быў Ісэр Харэль з Віцебска, чалавек, які ператварыў маладую ізраільскую дзяржаву ў краіну з адной з самых вядомых выведак у свеце.

Расказваем цікавыя факты з жыцця Ісэра Харэля — чалавека, які зрабіў Масад сусветнай легендай.

Iser Chareĺ
 Ісэр Харэль. Фота: IMS

Мне патрэбны людзі, якія адчуваюць агіду да забойства, але якіх тым не менш можна навучыць забіваць.

Ісэр Харэль

Ісэр Харэль, адзін з самых легендарных людзей у гісторыі ізраільскіх спецслужбаў, нарадзіўся ў Віцебску ў 1912 годзе і пры нараджэнні меў імя Ізраіль Гальперын. Ён апынуўся чалавекам, які фактычна стварыў характар ізраільскай выведкі. Масад стаў жорсткай, глабальнай, дакладнай і апантанай ідэяй выжывання дзяржавы службай.

Прыехаў у Ізраіль з пісталетам, схаваным у хлебе

На ізраільскія землі Ісэр трапіў у 1930 годзе, пасля таго як адбыўся страшэнны антыгабрэйскі пагром у горадзе Хеўрон, што прывяло ўраджэнца Віцебска ў жах, і ён выправіўся ў доўгае падарожжа даўжынёю ў жыццё. Як кажуць, малады Ісэр прыехаў ужо гатовы да змагання, маючы пры сабе схаваны ў хлебе пісталет.

Ягоная кар’ера звязала некалькі цэнтральных траўмаў і канфліктаў ХХ стагоддзя, такіх як паляванне на нацысцкіх злачынцаў, будаўніцтва ўнутранай бяспекі маладога Ізраіля, супрацьстаянне арабскім пагрозам і час халоднай вайны, у якой выведка была не менш важная за армію. Найбольш істотным палітычным хаўруснікам і патронам для Харэля доўгі час быў адзін з бацькоў-заснавальнікаў Ізраіля Давід Бэн-Гурыён. Менавіта Бэн-Гурыён убачыў у Харэлі чалавека, якому можна даверыць бяспеку, самую далікатную частку дзяржаўнага будаўніцтва. Разрыў паміж імі пазней аказаўся вельмі балючым.

Iser Chareĺ i David Ben-Huryjon
 Ісэр Харэль і Давід Бэн-Гурыён. Фота: IPPA

Больш як на 10 гадоў кантраляваў унутраную контрвыведку і знешнюю выведку

У Масад Харэль прыйшоў чалавекам, які толькі што выбудаваў Шабак, ізраільскую службу ўнутранай бяспекі. У 1948 годзе Бэн-Гурыён паставіў яго на чале Генеральнай службы бяспекі, а ў 1952-м даверыў яшчэ і Масад. Такім чынам, больш як на 10 гадоў у руках аднаго чалавека апынуліся і ўнутраная контрвыведка, і знешняя выведка.

Для сучаснай дзяржавы гэта выглядала б амаль немагчымай канцэнтрацыяй улады, але для ранняга Ізраіля было цалкам рэальным, калі краіна трымалася на вузкім коле людзей, якім прэм’ер давяраў без рэшты.

Яшчэ да Шабаку і Масаду Ісэр Харэль прайшоў школу, якая загартавала ягоны характар. У 1942 годзе ён далучыўся да Хаганы, падпольнай габрэйскай абароннай арганізацыі ў падмандатнай Палестыне, што да стварэння дзяржавы была адначасова і сілай самаабароны, і квазіваенным каркасам будучага Ізраіля. Ужо ў 1944 годзе ён узначаліў службу бяспекі Хаганы. Службы выведкі і таемнай інфармацыі ўнутры арганізацыі павінны былі сачыць за ворагамі і ахоўваць сваю ўласную сетку, бо ў падполлі любая ўцечка магла разбурыць усю канструкцыю.

Iser Chareĺ
Ісэр Харэль падчас распрацоўкі плана вайсковых дзеянняў. Фота: IDF Spokesperson’s Unit

Правёў трыумфальную аперацыю супраць аднаго з архітэктараў Халакосту

Ягоным самым вядомым трыумфам стала аперацыя супраць Адольфа Эйхмана

У 1960 годзе ізраільскія агенты ў Аргентыне выкралі аднаго з галоўных арганізатараў Халакосту і таемна вывезлі яго ў Ізраіль. У гэты момант Ізраіль ператварыў памяць пра катастрофу еўрапейскага габрэйства ў дзяржаўны суд над адным з яе архітэктараў. Эйхман быў асуджаны і пакараны смерцю ў 1962 годзе.

Adoĺf Ejchman
Адольф Эйхман на судовым працэсе. Фота: АР

Стварыў падмурак вялізнага аўтарытэту ізраільскай выведкі ў свеце

Імя Харэля звязваюць і з атрыманнем тэксту таемнай прамовы Мікіты Хрушчова 1956 года, у якой савецкі лідар асуджаў сталінскія злачынствы. Для халоднай вайны гэта быў выбуховы матэрыял. Пасля верыфікацыі Масад перадаў дакладны тэкст у ЦРУ, што стала падмуркам вялізнага аўтарытэту ізраільскай выведкі ва ўсім свеце.

Ён мысліў катэгорыямі пагрозы і неабходнага дзеяння. Для яго ворагамі былі не толькі канкрэтныя людзі, як Эйхман, але і ўсякая сіла, якая магла зрабіць Ізраіль безабаронным. Неаднаразова падначаленыя Харэля выкрывалі шпіёнаў, якія дзейнічалі на карысць Крамля і іншых сацыялістычных краінаў.

Вымушаны быў пайсці ў адстаўку з-за канфлікту з палітычным кіраўніцтвам

Але нават у Харэля не было бязмежнай недатыкальнасці. У 1963 годзе разбіўся галоўны палітычны саюз ягонага жыцця з Бэн-Гурыёнам. Прычынай стаў канфлікт вакол нямецкіх навукоўцаў, якія працавалі на егіпецкую ракетную праграму Гамаля Абдэля Насэра. Для Ісэра Харэля гэта быў амаль экзістэнцыйны выклік, працяг той самай еўрапейскай пагрозы, якая ўжо аднойчы прывяла габрэйскі свет да катастрофы.

Iser Chareĺ
Ісэр Харэль. Фота: Israel Press and Photo Agency

Для ізраільскага палітычнага кіраўніцтва сітуацыя выглядала больш складанай і дыпламатычна выбуховай. Кіраўнік Масаду планаваў спецыяльныя аперацыі супраць навукоўцаў, але палітычны лідар Ізраіля забараніў таму дзейнічаць.

Ураджэнец Віцебска быў вымушаны пайсці ў адстаўку. Так скончылася эпоха чалавека, які дапамог зрабіць Масад легендай, але і сам аказаўся занадта жорсткім і бескампрамісным нават для сваёй дзяржавы.

Паміж хуткім пачаткам працы Рамана Гофмана на чале Масаду і Ісэрам Харэлем ляжыць уся гісторыя Ізраіля, куды ўвайшлі гады падполля і страху знішчэння, але таксама і час магутнай дзяржавы з адной з самых вядомых выведак у свеце. Ісэр Харэль мірна пакінуў гэты свет у 2003 годзе.

Павал Хадзінскі, budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.