26 лютага а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Творчасць Варвары Пушкінай” з фондаў Літаратурнага музея А. С. Пушкіна (Вільнюс).
Варвара Аляксееўна Пушкіна (у дзявоцтве Мельнікава), жонка Рыгора Аляксандравіча Пушкіна, малодшага сына Аляксандра Сяргеевіча і Наталлі Мікалаеўны Пушкіных, нарадзілася ў 1855 годзе ў дваранскай сям’і. Варвара Аляксееўна займалася шырокай грамадскай дзейнасцю: была членам камітэта дабрачыннай арганізацыі «Доброхотная копейка», якая знаходзілася пад патранажам імператрыцы Марыі Фёдараўны. Акрамя гэтага Варвара Пушкіна была ганаровай папячыцелькай Віленскай рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна.
Апроч грамадскай дзейнасці ў Варвары былі і іншыя захапленні. Яна іграла на раялі, вышывала, займалася жывапісам і графікай. Мяркуецца, выяўленчаму мастацтву яна вучылася ў парыжскай прыватнай Акадэміі Жуліяна (фр. Académie Julian), у адзінай у той час акадэміі мастацтваў, куды прымалі і кабет.
Варвара Аляксееўна ладзіла пушкінскія чытанні, літаратурныя вечары і канцэрты на сваёй сядзібе ў Маркучай (прадмесце Вільнюса), куды яна пераехала ў 1899 годзе разам з мужам. У Маркучай Варвара Аляксееўна пражыла да самай смерці ў 1935 годзе. Зараз на тэрыторыі былой сядзібы знаходзіцца Літаратурны музей А. С. Пушкіна. Варвара Аляксееўна захоўвала створаны яе мужам «пушкінскі куток», дзе выстаўляліся рэчы, звязаныя з Аляксандрам Пушкіным і яго сям’ёй, і стала адной з заснавальнікаў музея.
У фондах вільнюскага Літаратурнага музея А. С. Пушкіна захавалася калекцыя яе графічных работ, некалькі пейзажаў алеем, вышыўка і турнетка для разьбярства.
Якуб Колас з асаблівым пачуццём павагі і захаплення ставіўся да паэзіі рускага генія А. С. Пушкіна, які меў вялікі ўплыў на фарміраванне і станаўленне паэтычных поглядаў песняра. Па словах паэта, калі б не было пушкінскіх “Яўгенія Анегіна”, “Меднага конніка”, “Капітанскай дачкі”, казак вядомага рускага паэта, то не было б, магчыма, і паэм “Новая зямля”, “Рыбакова хата”. Даніну павагі свайму літаратурнаму настаўніку Якуб Колас аддаў у 1937 г., калі, дзякуючы перакладчыцкаму таленту песняра, па-беларуску загучала знакамітая паэма А. С. Пушкіна “Палтава”.
Сувязь Якуба Коласа з Вільняй не абмяжоўваецца толькі яго кароткачасовым пражываннем у перыяд 1907-1908 гг., калі ён працаваў у рэдакцыі “Нашай нівы”. У прыгарадзе Вільні, Павільнісе, Марыя Цімафееўна Каменская пабудавала дом для сваёй дачкі – Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, будучай жонкі Якуба Коласа. Менавіта сюды ў 1913 г. у час вясельнага падарожжа прыязджала маладая сям’я. Зараз усе ацалелыя прадметы з дома Каменскіх захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея імя А. С. Пушкіна ў Вільнюсе.
На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены графічныя работы Варвары Аляксееўны Пушкінай: партрэты сваякоў, сучаснікаў, вучэбныя малюнкі гіпсавых бюстаў, – а таксама матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Тэрмін дзеяння часовай экспазіцыі: 26.02.2019 – 10.03.2019.
Шчыра запрашаем!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by
E-mail: myzeykolas@yandex.ru.
Мы ў сацсетках:
ВК: vk.com/yakubkolasby.
Instagram: @kolasmuseum.