Аўтограф-сесія Віктара Марціновіча

10.09.2014 19:00 - 21:00 кнігарня "логвінаЎ" (пр. Незалежнасці 37а) Бясплатнае

10 верасня 2014 года! Цяпер ужо дакладна і афіцыйна! Кампанія “Будзьма беларусамі!” прадстаўляе новы раман Віктара Марціновіча “Мова” і запрашае ў 19.00 у кнігарню “логвінаЎ” на аўтограф-сесію аўтара кнігі.

Віктар Марціновіч – сёлетні прызёр Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі,  паспяховы сучасны беларускі аўтар і адзін з самых чытаных аўтараў сайта budzma.by. Яго дэбютны раман «Параноя» выйшаў па-англійску ў ЗША, а днямі будзе прэзентаваны і на нямецкай мове. Беларускамоўная версія рамана “Сфагнум” у 2013 годзе з нечуванай для беларускай літаратуры хуткасцю разышлася па чытачах.

“Мова” – новы жанравы эксперымент Віктара, сацыяльная фантастыка з “мовай” у якасці галоўнага героя. Дзеянне рамана адбываецца ў, спадзяемся, фантастычнай будучыні – Кітай і Расія аддзяліліся мурам ад Еўропы, якая страціла сваю веліч, і ўтварылі квітнеючую саюзную дзяржаву. Цэнтр Мінска ператварыўся ў густанаселены кітайскі квартал. Галоўны герой кнігі разам з мінскім падполлем (кітайскай мафіяй) змагаюцца з сістэмай, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

“У гэтым тэксце мова выступае не толькі як сродак камунікацыі, але і ў новай, дагэтуль нікім не скарыстанай функцыі. Мова з’яўляецца таямніцай і прычынай вайны вулічных бандаў. Тэма адносінаў з літаратурнай спадчынай набывае прынцыпова іншае, гангстарскае гучанне  гэты падыход не выкарыстоўваў ніхто не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай літаратуры”, – адзначае Віктар Марціновіч.

“Для мяне гэта было вельмі прынцыповым момантам – не ствараць чарговага “Дастаеўскага па-беларуску”, не запаўняць лакуны ў нашай лакальнай прозе, але вырашаць менавіта інтэрнацыянальныя задачы, прычым прынцыпова рабіць гэта на роднай мове.

У гэтым сэнсе назвай кнігі прынцыпова было абранае слова “мова”, якое для кожнага беларуса сёння, у 2014-м, з’яўляецца моцным, этычна зараджаным маркерам: тых, хто роўна дыхае да “мовы”, у грамадстве няма зусім. Я ўзяў гэтае слова і прапанаваў прынцыпова іншае яго чытанне, атачыўшы новай міфалогіяй, новым кібергучаннем, якое, спадзяюся, будзе добрай нагодай для перайманняў. Прадбачу татухі з выявай “моўных” іерогліфаў, street art з выявамі “ў”, перфомансы на плошчы Мёртвых і з’яўленне праваднікоў па нябачным пакуль менскім Чайнатаўне”.


Вам можа быць цікава

Каляды ў Празе

20.12.2025 (16:00 - 18:00) Dům národnostních menšin (Vocelova 602/3)

Калякалядны Вольскі ў Варшаве

20.12.2025 (19:00 - 21:00) Stand up lokal (Stanisława Noakowskiego 16)

Агульны сход суполкі ТБМ у Беластоку

21.12.2025 (15:30 - 16:30) Прастора "Новая Зямля" (ul. Rocha, 5/32)

Імпрэза “Прыйшла Каляда!” у Мінску

22.12.2025 (14:00 - 16:00) Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ