«Сведкі Беларусі»: Валера Руселік пра татальнае сціранне 2020-га, учынак Пачобута і спосаб захаваць Беларусь

«Беларусь — прыгожая сумная казка, якая зьнікае, як толькі ты перастаеш у яе верыць», — гэтак завяршаецца ня выдадзеная аповесьць Валеры Руселіка «Восьмы дзень Літвы», рукапіс якой, калі нейкім цудам ня быў спалены, то ўсьцяж застаецца недзе ў роднай Горадні. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» аўтар разважае па сутнасьці над працягам сваёй думкі: для таго, каб Беларусь жыла, мала папросту верыць у яе — трэба Беларусь сьведчыць.

Valiera Rusielik z synam
Валера Руселік з сынам Конанам на беларускім Купальлі, Варшава, 2025. Фота з архіву аўтара

Бадай, галоўнай і неад’емнай часткай беларускай мэдыяпрасторы за апошнія гады сталася пастаяннае нагадваньне аўдыторыі пра патрэбу дбаць пра ўласную бясьпеку:

Калі ласка, не падпісвайцеся, калі вы глядзіце нас зь Беларусі. Камэнтуйце толькі ў выпадку, калі для вас гэта бясьпечна. Не забудзьце пачысьціць гісторыю браўзэра... і гэтак далей.

Вельмі паказальная, лічы, хрэстаматыйная нядаўняя гісторыя — з Telegram-каналам «Беларусь». Ён зьявіўся ў сярэдзіне жніўня 2020-га, калі беларуская аўдыторыя мэсэнджара была імкліва расла на тле блякаваньня рэжымам Лукашэнкі незалежных мэдыяў. І менавіта ў ім было праведзенае ўжо легендарнае апытаньне «За каго вы галасавалі на выбарах?», якое, сабраўшы 10,6 мільёна праглядаў і 2,41 мільёна галасоў, засьведчыла поўны правал дыктатара і перамогу альтэрнатыўнай кандыдаткі Ціханоўскай — і гэта нават пры тым, што галасаваць можна было толькі празь беларускую SIM-картку, а традыцыйна апазыцыйным і прадэмакратычным беларусам замежжа заставаўся адно нэўтральны варыянт «Я не ў Беларусі».

Пазьней, як стала вядома незалежным журналістам, удзел у гэтым ганебным для рэжыму галасаваньні стаўся прычынаю правяраньняў і нават звальненьняў людзей з працы. І, меркавана, менавіта праз рэпрэсіі Telegram пастанавіў выдаліць свой афіцыйны беларускі акаўнт.

Ну а далей — згаданыя вышэй парады: пачысьціце свой тэлефон і свае сацсеткі, надзейна схавайце альбо лепш наагул павыдаляйце ўсе свае публікацыі, фоты, камэнтары і падабайкі!

Зрабеце ўсё, каб паказаць, што аніякага 2020 года ў вашым жыцьці наагул не было. Ані сьлядочка! Ані каліўца!

Skryn
Скрын з вынікамі галасаваньня ў канале «Telegram Беларусь», жнівень 2020 г.

І гэтае татальнае сьціраньне ў нас жа ж не абмяжоўваецца адно смартфонамі і сацсеткамі. Хаваюцца падалей, а то й папросту ляцяць у вогнішча рукапісы, дакумэнты ды іншыя матэрыяльныя доказы таго, што нас — шмат, што мы — супраць гэтага рэжыму, што мы — за іншую Беларусь..

Нібы й не было нічога. Ну бо калі старонку немагчыма перагарнуць, то яе заўжды можна папросту вырваць і зрабіць выгляд, што тае старонкі ніколі й не было.

І пагатоў гэтая традыцыя вырваных старонак адно 2020 годам не абмяжоўваецца. Як некалі маскоўскія захопнікі забаранялі беларускую мову дый хавалі барочныя і гатычныя касьцёльныя шпілі пад усходнімі «цыбулінамі», гэтак і сёньня помнікі і мэмарыяльныя шыльды нашым героям зьнікаюць, саступаючы месца расейскім, заняткі роднае мовы губляюцца ў школьных раскладах недзе паміж фізкультурай і «Историей Беларуси», на буйных музычных фэстах замест сваіх зорак, выгнаных за мяжу альбо кінутых за краты, на сцэнах нязьменна скачуць гастралёры з-за ўсходняе мяжы, пад выглядам «упарадкаваньня гістарычнае спадчыны» зьнішчаюцца былыя шляхецкія сядзібы й неправаслаўныя храмы, экскурсіі і тэатральныя пастаноўкі ў Горадні і ў Магілёве прысьвячаюцца тым, хто акупоўваў гэтыя месты, а ня тым, хто іх ад акупантаў бараніў, і гэтак далей.

Нібы й не было тут аніякай Беларусі. Ну што вы, «мы — русские, только со знаком качества! Это исконно российская земля!».

Bielaruski vajskoviec
Беларускі вайсковец схаваў афіцыйны сьцяг Беларусі і замест яго павесіў у сваёй машыне сьцяг Расеі. Таксама ў салёне аўта ляжала кепка з надпісам «Россия». Горадня, верасень 2017 г. Фота: Hrodna.life

Неаднойчы сказана, што, бадай, галоўны цуд Беларусі — гэта ўласна існаваньне Беларусі насуперак усім выпрабаваньням і спробам зьнішчэньня, якія выпалі на наш лёс. І менавіта ў гэтым і ёсьць сэнс нашага нацыянальнага поклічу «Жыве Беларусь!» — засьведчыць, што мы ёсьць.

Урэшце ж, усялякі цуд мае канкрэтныя імёны. У нашым выпадку, калі хочаце — імёны Сьведкаў Беларусі. І гаворка ня толькі пра нашых продкаў, але і пра Гісторыю, часткаю якой мы з вамі зьяўляемся сёньня. Гэта й Мікола Статкевіч, які, ахвяраваўшы свабодай і здароўем, застаўся ў краіне — пайдзі скажы, што не было аніякага 2020-га і антылукашэнкавага супраціву, калі вось ён, Статкевіч, жывое сьведчаньне адваротнага! Альбо актывіст польскай меншасьці, журналіст і дасьледнік антысавецкага падпольля Анджэй Пачобут, які надоечы, не зважаючы на ўсе рызыкі, вярнуўся ў родную Горадню — таксама жывое сьведчаньне іншае, несавецкае й няскоранае Беларусі.

Mikola Statkievič i Andžej Pačobut
Мікола Статкевіч і Анджэй Пачобут — у Беларусі. Фота з сацыяльных сетак

Вядома ж, заплаціць гэткую страшэнную цану за свае перакананьні, як Статкевіч і Пачобут, гатовыя далёка ня ўсе. Але й не бяды. 

Насамрэч Сьведкам Беларусі можа стаць кожны з нас. Тут і цяпер. Дастаткова пачаць размаўляць па-беларуску, спазнаваць родную культуру і гісторыю, выхоўваць у нацыянальным духу дзяцей — усё тое, што па плячы ўсім нам. 

Каб засьведчыць, што мы ёсьць. І што — жыве Беларусь!

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org