Cерыя лекцый “Галоўнае пытанне”: Уладзімір Мацкевіч

30.09.2015 18:30 - 22:00 Галерэя "Ў" (пр. Незалежнасці, 37а) Бясплатнае

Лятучы Ўніверсітэт распачынае год серыяй лекцый “Галоўнае пытанне”

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ

ШТО МОЖНА ВЕДАЦЬ ПРА НЕПРАДКАЗАЛЬНАЕ, АБО ШТО МЫ ВЕДАЕМ ПРА БУДУЧЫНЮ?

30 верасня, 18.30 Галерэя Ў

Што такое невядомае? Гэта ўсё тое, што немагчыма ўбачыць вачыма і памацаць рукамі, што не дадзенае нашым органам пачуццяў. Але дапытлівы чалавечы розум заўсёды – з таго часу як з’явіўся ў Сусвеце – спрабуе пракрасціся ў невядомае, зазірнуць у будучыню.

Чалавек імкнецца прадказваць будучыню праз навуку – “што здарыцца альбо адбудзецца, калі…” Прадказанні ў навуцы будуюцца на дапушчэнні, што ўсё ў Сусвеце падпарадкоўваецца аб’ектыўным законам і пазнанне гэтых законаў дазваляе вылічаць або прадказваць тое, што будзе. Прадказальная сіла навукі грунтуецца на заканамернасці і законаадпаведнасці прыроды і Сусвету.

Пазнаваць і прадказваць будучыню чалавек спрабуе і праз рэлігіі (прынамсі “аўраамічныя” рэлігіі – юдаізм, хрысціянства, іслам). У адрозненні ад навукі, рэлігіі зыходзяць з “тварнасці” або стварэння Сусвету. Раз Сусвет быў створаны, значыць, у Творцы была мэта. Імкнучыся спазнаць гэтую мэту, багаслоўе спрабуе пазнаваць тое, што будзе. Такім чынам, прадказальная сіла рэлігіі грунтуецца на мэтазгоднасці прыроды і Сусвету і на разумнасці і дабрыні Творцы.

Сучасная філасофія зыходзіць з таго, што ні веданне аб’ектыўных законаў, ні ўяўленне пра мэты Творцы, не робяць будучыню прадвызначанай, прадказальнай.

СВЕТ НЕПРАДКАЗАЛЬНЫ. ЯК МАГЧЫМА ЗАЗІРАЦЬ У БУДУЧЫНЮ, КАЛІ ЯНА НЕ МЭТАЗГОДНАЯ І НЕ ЗАКОНААДПАВЕДНАЯ?

30 верасня пра гэта разважае на адкрытай лекцыі “Што можна ведаць пра непрадказальнае, або што мы ведаем пра будучыню?” філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Лекцыя пачнецца а 18.30 ў залі Галерэі Ў.

Гэтай прамовай Лятучы ўніверсітэт распачынае новы ўніверсітэцкі год і серыю “Галоўнае пытанне”, cярод лектараў – Алесь Смалянчук, Ігар Бабкоў, Таццяна Вадалажская, Алесь Разанаў, Вячаслаў Бабровіч, Аксана Шэлест, Міхась Баярын, Святлана Карасёва, Ірына Махоўская, Алег Дзярновіч,Міхал Анемпадыстаў.

Лекцыі будуць праходзіць штотыдзень па серадах,пачатак а 18.30. Удзел у іх вольны пры ўмове абавязковай папярэдняй рэгістрацыі (акрамя першай лекцыі 30.09).

Больш падрабязную інфармацыю пра лекцыі – расклад, тэмы, умовы ўдзелу – шукайце на нашым сайце: www.fly-uni.org.

Падпісацца на рассылку анонсаў, задаць пытанні, удакладніць дэталі можна таксама ў нашага каардынатара:flyuniby@gmail.com; +375297422040 (Юлія).

У тэме ліста просьба пазначаць назву серыі “Галоўнае пытанне”.


Вам можа быць цікава

Майстар-клас па юраўскіх спевах у Вільні

10.05.2025 (14:00 - 16:00) «Кропка» (Savičiaus g. 6)

tochka K у Варшаве

22.05.2025 (20:30 - 22:00) галерэя «Septem of Swords» у бары «Карма» (Aleja 3 Maja 5)

Спектакль «Зэкамерон» у Цюрыху

31.05.2025 (17:00 - 19:00) Theater Stok Zürich (Hirschengraben 42)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ