У Міхалішкаўскай бібліятэцы дзеці знаёмяцца з багаццем роднай мовы

У межах праекта ў падтрымку беларускай кнігі «Да роднай мовы крок зрабі» ў Міхалішкаўскай бібліятэцы адбылася чарговая літаратурная сустрэча для дзяцей «Я — кніжка цікавая», піша «Астравецкая праўда».

Dzieci

У гэты раз удзельнікі адправіліся ў цікавае падарожжа ў свет беларускага слова, падчас якога знаёміліся з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, удзельнічалі ў моўнай гульні, дзе перакладалі словы на беларускую мову, чыталі вершы.

— Галоўнай мэтай ставілі паказаць падрастаючаму пакаленню, што родная мова — жывая, цікавая і прыгожая, а кнігі на ёй могуць быць надзённымі і папулярнымі, — адзначыла бібліятэкар Вольга Багдановіч.

Dzieci

Праект «Да роднай мовы крок зрабі» ініцыявалі супрацоўнікі бібліятэкі ў мястэчку Міхалішкі Астравецкага раёна. Мэта праекта — папулярызацыя літаратуры на беларускай мове.

У гэтым накірунку бібліятэка працуе ў цесным супрацоўніцтве з мясцовай школай.

Запланаваны літаратурныя гасцёўні, творчыя сустрэчы, інсцэніроўкі, выставы літаратуры, акцыі, інтэлектуальныя кавярні, гульні. Галоўная іх задача — удасканаліць навык чытання, развіць маўленчыя і творчыя здольнасці, паглыбіць веды аб багатай спадчыне класікаў беларускай літаратуры і выхаваць шанаванне да роднай мовы.

Акрамя таго, у межах праекта бібліятэка прыме ўдзел у сеткавым чэленджы па стварэнні буклукаў «Мая беларуская дзіцячая кніга».