А вы ў курсе, дзе жывуць самыя шчасьлівыя людзі ў сьвеце? Падумайце хвілінку. Яшчэ трошкі... Ну а пакуль думаеце, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» распавядзе пра сакрэт беларускага шчасьця.
У нас у Горадні ёсьць свой неафіцыйны гімн. Гэта песьня «Где счастливым можно быть? Только в Гродно». Гэткі блатнячок, напісаны яшчэ ў 1980-х гадах, стаўся настолькі папулярны над Нёмнам, што, безь перабольшаньня, ператварыўся ў своеасаблівы пароль. Дастаткова было па-змоўніцку падміргнуць: «Дзе шчасьлівым можна быць?» — і пачуць радасны адказ: «Толькі ў Гродне!» — каб зразумець: свае!
Штопраўда, ня ведаю, як там сёньня з папулярнасьцю гэтае песьні, бо амаль 6 гадоў з-за палітычнага перасьледу не магу прыехаць у Горадню.

Шчасьлівы Валера Руселік — на нёманскім беразе ў Горадні, 2017 г. Фота аўтара
Між тым песьня песьняй, а шчасьця ў роднай старонцы ўсё больш і больш! Прынамсі калі верыць афіцыйным заявам. Вось і надоечы ў Акадэміі навук заявілі, што з кожным годам беларусы адчуваюць сябе ўсё больш задаволенымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі ў краіне. Цэлы намесьнік Інстытуту сацыялёгіі НАН РБ Аляксандар Пасталоўскі пахваліўся, бадай, галоўным вынікам эпохі лукашызму:
«Гэтыя паказьнікі задаволенасьці свайго сацыяльнага самаадчуваньня, ацэнка матэрыяльнага становішча і [задаволенасьці] іншымі сацыяльнымі праектамі. І тут у нас штогадовы прырост, то-бок, паводле розных паказьнікаў, і 10%, ёсьць і 15%. То-бок людзі напоўніцу задаволеныя і ўзроўнем свайго сацыяльна-эканамічнага дабрабыту, і высокія паказьнікі менавіта даверу і сацыяльнага ўхваленьня таго вось курсу, які непасрэдна мы ўжо больш за 30 гадоў праводзім».
Як вам? Згодныя? Задаволеныя сваім жыцьцём? Грошай на ўсё стае? Сацыяльны клопат дзяржавы адчуваеце?
Дарэчы, гэты нарадзінец расейскай Кастрамы і выпускнік Акадэміі МУС РБ не ўпершыню распавядае беларусам, наколькі ў іх усё добра. Да прыкладу, паводле Пасталоўскага, у нас больш за 80 адсоткаў людзей адчуваюць сябе шчасьлівымі, а 94,5 адсоткаў — упэўненыя, што ў краіне захоўваюцца стабільнасьць і парадак.
Ну а зараз гэты вясёлы дзядзя хоць і не агучыў канкрэтных лічбаў, але падкрэсьліў, што гэткага росту задаволенасьці сваім жыцьцём, як у Беларусі, няма анідзе ў Эўропе.
Ну але ў нас з вамі ёсьць рукі, галава і Google, таму знайсьці канкрэтныя лічбы — не праблема. Да прыкладу, вы ведалі, што ўва Усясьветны рэйтынг шчасьця, падрыхтаваны ААН, сёлета нашая краіна наагул не патрапіла? Апошні раз Беларусь была ў гэтым рэйтынгу ў 2019-м, заняўшы тады 75-е месца сярод 147 краінаў. А першыя пяць месцаў сёлета (зрэшты, гэта традыцыйная карціна) у рэйтынгу займаюць як раз-ткі эўрапейскія краіны: Фінляндыя, Данія, Ісьляндыя, Швэцыя, Нідэрлянды.

Паштовае аддзяленьне ў Горадні. Фота аўтара
Ня ведаю, чым і як там кастрамскія мусаўцы вызначаюць беларускае шчасьце, калі нават афіцыйная статыстыка ў нашай краіне, куды ні плюнь — прычына не для росту задаволенасьці жыцьцём, а хутчэй — для роспачы і адчаю. Больш за два дзесяцігодзьдзі (прывітаньне Пасталоўскаму і курсу, які ў нашай краіне праводзіцца!) нараджальнасьць у Беларусі падае і сёньня не забясьпечвае нават простага ўзнаўленьня насельніцтва. Толькі за апошнія няпоўныя 6 гадоў з краіны зьехалі, як у пошуку лепшага жыцьця, гэтак і ад палітычнага перасьледу, паводле розных падлікаў, да мільёна беларусаў, а тое і больш. Наконт эканомікі — ды што далёка хадзіць: другі месяц запар у краіне падае сярэдні заробак. Дарэчы, шмат хто з вас атрымлівае яго — 2746,4 рублёў? Мінімальны заробак у Беларусі не дацягвае нават да паловы ад найніжэйшага ў Эўропе.
Што яшчэ? Катастрафічны недахоп мэдыкаў і настаўнікаў. Дзясяткі расейскіх дронаў у мірным (?) беларускім небе і міжнародная ізаляцыя. Перасьлед за выкарыстоўваньне беларускай мовы і прызнаньне экстрэмістам Дуніна-Марцінкевіча. Крымінальны перасьлед за колер шкарпэтак і падабайку ў Інтэрнэце.
Алё, Пасталоўскі, ты скажы, калі мне спыніцца пералічваць прычыны для росту задаволенасьці жыцьцём і курсам, які вы там праводзіце апошнія 30 гадоў!
Зрэшты, пры вялікай ахвоце нейкую лёгіку ў бравурным аптымізьме лукашыстаў усё-ткі можна знайсьці.
Хай сабе лічбы і хлусяць, але вось намеры тых, хто кіруе нашай краінай ужо больш як 30 гадоў, відавочныя: дастаткова пасадзіць у турму альбо выгнаць за мяжу ўсіх незадаволеных гэтым самым кіраваньнем, а таксама запалохаць усіх астатніх — і вуаля, складай сабе спакойненька самыя пазытыўныя рэйтынгі!
Ну а што, людзі церпяць — дык а папера сьцерпіць і пагатоў!

У гарадзенскім аўтобусе. Наступны прыпынак — ..? Фота аўтара
Безумоўна, беларускае шчасьце ёсьць — як у Беларусі, гэтак і ў эміграцыі. І залежыць яно не ад прыкарытных сацыёлягаў, а ад кожнага з нас з вамі. Бо немагчыма збудаваць шчасьця для іншых, калі ты сам нешчасьлівы. А таму, сябры, жывеце тут і цяпер, напаўняйце кожны свой дзень сэнсам і дасягненьнямі. Дарыце цеплыню й любоў тым, хто побач з вамі. Дапамагайце адно адному. Стварайце й пашырайце вакол сябе беларускую прастору.
І тады беларускае шчасьце будзе там, дзе ёсьць вы.
Валера Руселік, Budzma.org