Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа

11.05.2016 16:00 - 17:00 Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) Бясплатнае

11 мая 2016 г. у дзень народзін Янкі Маўра ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110)  у 16.00 адбудзецца прэзентацыя кніг “Янка Маўр. Выбранае” і “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа” – малодшай дачкі Я.Маўра, нявесткі Я.Коласа Наталлі Міцкевіч.

У першую кнігу, выдадзеную у серыі “Беларускі кнігазбор”, увайшлі аповесці Янкі Маўра “Шлях з цемры”, “У краіне райскай птушкі”, “Палескія рабінзоны”, “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, некалькі апавяданняў, артыкулаў, эпісталярная спадчына Я. Маўра – лісты да Якуба Коласа, Алеся Якімовіча і іншых. У дадатку прыведзены ўспаміны пра Янку Маўра і вершы, прысвечаныя беларускаму дзіцячаму пісьменніку. Некаторыя лісты і артыкулы з цыкла “Старонкі гісторыі” друкуюцца ўпершыню.

Укладальнікам кнігі стала ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа – Марыя Міцкевіч, а кароткую прадмову да кнігі напісала яе дачка – Васіліна Міцкевіч.

У другую кнігу, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”, ўвайшлі ўспаміны дачкі Янкі Маўра Наталлі Міцкевіч. У кнізе апісаны раней невядомыя факты жыцця Янкі Маўра,  раскрыты яго ўзаемаадносіны з роднымі, знаёмымі. Аўтарка кнігі яскрава перадае цяжкасці эвакуацыі ў часе другой сусветнай вайны, паказвае складанае становішча сям’і Янкі Маўра ў Алма-Аце. Акрамя гэтага Наталля Міцкевіч расказвае пра сваю вучобу, работу ў Беларускім політэхнічным інстытуце, пра сваю сям’ю і свайго свёкра – Якуба Коласа, распавядае пра сустрэчы са знакамітымі і цікавымі людзьмі.

Да прэзентацыі падрыхтавана невялікая фотавыстаўка з  асабістага архіва сына Якуба Коласа і зяця Янкі Маўра – Міхася Міцкевіча.

Акрамя таго, пад час імпрэзы адбудзецца адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы Літаратурныя шляхі Якуба Коласа і Янкі Маўра, прысвечанай дзвюм асобам ў нацыянальнай культуры. Супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пазнаёмяць з найбольш цікавымі дакументамі з рукапіснага фонду: рукапісамі твораў Янкі Маўра, фотаздымкамі, кнігамі Якуба Коласа з дарчымі надпісамі. Унікальныя экспанаты будуць дапоўнены асноўнымі творамі народнага паэта Беларусі, уключаючы першыя творы і сучасныя перавыданні.

Імя Янкі Маўра, класіка беларускай дзіцячай літаратуры, пісьменніка-наватара, таксама добра вядома ўсім. Яго творчасць узбагаціла дзіцячую літаратуру прыгодніцкімі і навукова-фантастычнымі творамі. Сярод самых каштоўных экспанатаў выставы – самыя першыя публікацыі: “Сын вады” (1928), “Пекла” (1929), “Палескія рабінзоны” (2-е изд., 1933), “Слёзы Тубі” (1935) і іншыя.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі нашчадкі Янкі Маўра і Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.


Вам можа быць цікава

Купала-фэст у Каробчыцах

12.07.2025 13:00 - 13.07.2025 02:00 маёнтак Каробчыцы

Выстава «Іншыя» ў Магілёве

16.07.2025 17:00 - 03.08.2025 18:00 музей гісторыі Магілёва, выставачная зала (вул. Болдзіна, 1)

Дзіма Нарышкін у Варшаве

20.07.2025 (20:00 - 22:00) беларускі клуб Stand Up Lokal (Noakowskiego 16)

Фэст славянскай міфалогіі «Шлях Цмока» ў Бярэзінскім запаведніку

09.08.2025 12:00 - 10.08.2025 17:00 Бярэзінскага запаведніка (вул. Цэнтральная, 3)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ