Прэзентавалі факсімільнае выданне мовазнаўчай працы Якуба Коласа

Выдавецтва «Альтиора» на замову і ў супрацы з музеем Якуба Коласа падрыхтавала і выдала факсімільнае выданне кнігі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) «Методыка роднае мовы», якая ўпершыню выйшла ў 1926 годзе, піша bellit.info.

«Mietodyka rodnaje movy»

Кнігу, якая ёсць часткай беларускай культурнай і мовазнаўчай спадчыны, прэзентавалі ў музеі паэта. Па словах галоўнай захавальніцы фондаў музея, праўнучкі класіка беларускай літаратуры, Васіліны Міцкевіч, каб узнавіць кнігу такой, якой яе трымаў у руках аўтар, спатрэбілася два месяцы.

«Арыгінальнае выданне было амаль стогадовым, таму праца з ім патрабавала асаблівай уважлівасці. Старонкі мелі натуральныя сляды часу: пацямненні, няроўнасці, дробныя дэфекты, асаблівасці старога друку.

Мы распазналі тэкст і старанна яго праверылі, — тлумачаць у выдавецтве. — Гэта было не зусім простай задачай, бо якасць зыходных старонак патрабавала дадатковай ручной працы. Асобна мы сачылі за тым, каб радкі ў новым выданні размяшчаліся так, як у арыгінале. Для факсімільнай кнігі гэта прынцыпова: змяніць пераносы, інтэрвалы або рытм старонкі — значыць страціць частку гістарычнай дакладнасці».

«Mietodyka rodnaje movy»

Для выдання быў спецыяльна падабраны шрыфт, максімальна падобны да шрыфту арыгінальнай кнігі 1926 году. Фон старонак таксама імітуе састарэлую паперу.

«Мы рады, што змаглі разам з музеем Якуба Коласа дакрануцца да гісторыі беларускай кнігі і беларускай мовы.

Для нас гэта была не проста замова, а праца з памяццю, спадчынай і павагай да арыгінальнага выдання», — адзначылі ў выдавецтве.