У нядзелю, 10 траўня, у музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах выставы сучасных арт-аб’ектаў Карыны Папроцкай і Вольгі Сямашкі «Павукі і павы» адбудзецца майстар-клас Вольгі Сямашкі «Традыцыйныя павукі».
Аўтэнтычныя павукі — гэта традыцыйныя беларускія вырабы з саломы, якія ствараліся на святы народнага календара з семантыкай Новага году.
Салома, з якой вырабляўся традыцыйны павук, з’яўлялася прадуктам натуральнага ладу жыцця чалавека, які заставаўся ад сабранага ўраджаю.
Сёння наша мадэль жыцця кардынальна змянілася, і салома стала сыравінай, даступнай далёка не кожнаму беларусу. Мы не збіраем ураджай і не бачым яго рэштак. У свеце прагрэсу ўсё прыроднае робіцца для нас усё больш экзатычным і далёкім.
Вольга Сямашка бярэ для сваёй творчасці тое, што прапануе рэчаіснасць, і стварае рэплікі і варыяцыі на тэму традыцыйных павукоў.
Пластык, які выкарыстоўвае спадарыня Вольга, мае іншы цыкл жыцця і іншыя ўласцівасці. Яркія колеры прац, гіпертрафаваныя памеры павукоў ствараюць цалкам новыя выявы і асацыяцыі.
Падчас майстар-класа кожны жадаючы створыць уласнага сучаснага пластыкавага павука паводле традыцыйнай тэхнікі. А ў атачэнні выставы зможа адчуць сябе аўтарам сапраўднага арт-аб’екта!
Працягласць — каля 2 гадзін.
Квіткі — 10 рублёў. Рэгістрацыі не патрэбна — проста прыходзьце.