Музычны праект ”Народны рэквіем”

28.03.2017 08:00 - 17:00 Малая заля імя Р. Шырмы, Белдзяржфілармонія (пр. Незалежнасці, 50) Бясплатнае

31 сакавіка 2017 г. у Малой зале імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца музычны праект ”Народны рэквіем”.

Народныя жалобныя песні з Мазовіі і Пелплінскага спеўніка 1871 г. прагучаць ва ўнікальнай інтэрпрэтацыі

выдатных музыкаў з Польшчы

спявака, мультыінструменталіста, папулярызатара польскіх народных песен АДАМА СТРУГА

і знакамітага гуртаKWADROFONIK”:

Эмілія СІТАЖ
фартэпіяна

Бартэк ВОНСІК
фартэпіяна

Магдалена КАРДЫЛЯСІНЬСКА
ударныя інструменты

Мілаш ПЭНКАЛА
ударныя інструменты

Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы
Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны
Рэспублікі Польшча
і Польскага Інстытута ў  Мінску.

“Народны рэквіем” павінен паслухаць кожны. Асноўная прычына – гэта універсальнасць тэмы:  смерць, і ўсё тое, што нас чакае пасля яе. Спявак Адам Струг і гурт “Kwadrofonik” – майстры, якія разам стварылі новую якасць. Дзесяць кампазіцый, змешчаных ў адзінае цэлае, падзелены на тры часткі: “Смерць”, “Вандроўка” і “Вечнасць”. Кожная мае ўласцівы ёй настрой і павагу, але без непатрэбнага пафасу, іх змест кранальны і зразумелы для ўсіх. Форма рэквіем можа нагадваць творы Моцарта ці Брамса, але нават і сёння да гэтай тэмы звяртаюцца Нік Кэйв альбо Леанард Коэн.” Яцэк Скалімоўскі

“Народны рэквіем” з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва аднаго з галоўных папулярызатараў народнай песеннай творчасці ў Польшчы Адама Струга і лаўрэата шматлікіх нацыянальных і міжнародных узнанарод і конкурсаў гурта “Kwadrofonik” (“Квадрафонік”). Альбом пад назвай “Народны рэквіем”  быў абвешчаны Фальклорным Альбомам і Фальклорнай Фанаграмай 2015 года  ў Польшчы.

“Рэквіем” – гэта містэрыя мінання колераў, гукаў, галасоў, жыцця, чалавека. Спакойнае развітанне са светам пераплятаецца са скаргай і пратэстам, а тэксты песень, якія ў асноўным паходзяць з Пелплінскага спеўніка, прасякнуты пахавальнымі мелодыямі, якія адстукваюць чарговыя гадзіны.

Складаная структура твора – чарговыя этапы вандроўкі чалавека да смерці – спалучаецца з прыгажосцю вакальнай інтэрпрэтацыі Адама Струга і эксперыментальнымі, але надзвычай трапнымі аранжыроўкамі “Квадрафоніка”. У іх чуваць зварот да мінімалізму, тэхнікі inside-piano і імправізацыі.

Квартэт “Kwadrofonik” утварыўся ў выніку аб’яднання двух дуэтаў: фартэпіяннага  і ўдарных інструментаў. Гэта адзіны такі квартэт у Польшчы і адзін з нямногіх у свеце. У яго склад уваходзяць Эмілія Сітаж і Бартломей Вонсік (Lutosławski Piano Duo), а таксама Магдалена Кардылясіньска і Мілаш Пэнкала (Hob-beats Duo). Іх кар’ера пачалася ў 2006 годзе з выдатнай перамогі на 9-ым Фальклорным фестывалі Польскага радыё “Новая Традыцыя”, дзе музыкі былі ўдастоены Гран-пры, прыза глядацкіх сімпатый і ўзнагароды прэзідэнта г. Варшава, а музычныя крытыкі прызналі гурт наватарскім, які вызначае новыя напрамкі ў народнай музыцы.

У 2007 годзе Kwadrofonik стаў лаўрэатам прэстыжнай Спецыяльнай узнагароды 3-га Конкурсу Еўрапескага вяшчальнага саюза (EBU) “Svetozar Stracina” у Браціславе. Узнагарода за сучаснасць, інавацыйнасць і вернасць традыцыям была прысуджана ўпершыню ў гісторыі гэтага конкурсу. У тым жа годзе кампазіцыі гурта былі прадстаўлены ў праграме Late Junction Радыя BBC3. У 2014 годзе “Kwadrofonik” стаў лаўрэатам Пашпартоў Палітыкі (ўзнагароды вядомага польскага часопіса „Politykа”).

Музыкі выступалі ў многіх гарадах Польшчы, Еўропы, Блізкага і Далёкага Усходу і абодвух Амерык, м. інш. на такіх канцэртных пляцоўках, як  Нацыянальная філармонія ў Варшаве, Карнегі Хол, Чыкагскі сімфанічны цэнтр, Берлінская філармонія, Ізумі Хол (Японія, Осака), Зал Цэнтральнай кансерваторыі ў Пекіне.

Адам Струг – вядомы польскі спявак і інструменталіст, паэт і аўтар песень, кампазітар музыкі для тэатра і кіно, аўтар сцэнарыяў да дакументальных фільмаў. Ён збірае і папулярызуе народныя песні, з’яўляецца заснавальнікам калектыва Monodia Polska, які спецыялізуецца на выкананні песень, перадаваных з пакалення ў пакаленне шляхам вуснай традыцыі. У 2012 годзе ён выпусціў свой першы сольны альбом „Adieu”, a ў 2014 годзе разам са знакамітым польскім спеваком Станіславам Сойкам – чарговы альбом, натхнёны паэзіяй Баляслава Лесьмяна. Песні Адама Струга выконваюць таксама іншыя знакамітыя польскія выканаўцы: Мечыслаў Шчэсняк, Войцех Ваглеўскі, Трыо Януша Прусіноўскага і іншыя фольк-калектывы.

“НАРОДНЫ РЭКВІЕМ”:

Прэлюдыя (Я развітваюся з табой, мой свет вясёлы…)

  1. I. Смерць

Чаму так хутка, Божа

    Алфавіт

    Скажу праўду, свет, Табе

Інтерлюдыя (Я развітваюся з Вамі, мітры і кароны)

ІІ. Вандроўка

Пекла

     Чысцец

     Неба (Я на могілках буду жыць)

     Постлюдыя (Я развітваюся з усім)

ІІІ. Вечнасць


Вам можа быць цікава

Перформанс «Клішэ» ў Мінску

11.05.2025 (15:00 - 17:00) Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47)

Канцэрт «Мова» ў Гомелі

12.05.2025 (18:30 - 20:30) Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр (вул. Ланге, 17)

NAVIBAND у Варшаве

24.05.2025 (20:00 - 22:00) PROGRESJA (Fort Wola 22)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ