«Калі Крым лічыць «спрадвечна рускім», дык чаму нас не лічыць? Вось яны й лічаць». У рэчышчы апошніх сусьветных падзеяў і патрабаваньняў Расеі прызнаць Крым, а таксама ўсе захопленыя ўкраінскія тэрыторыі расейскімі Лявон Вольскі разважае пра сумны сцэнар будучыні для Беларусі і надзею на цуд. Гэтая надзея «пакуль яшчэ ёсьць».
Лявон Вольскі
Крым ня быў расейскі. Прынамсі, да другой паловы ХVIII стагоддзя, калі расейская імпэрыя пасьля чарады звадаў і непрыгожых паддывановых гульняў анэксавала паўвыспу. Гэта адбылося ў 1783 годзе. Перад гэтай сумнай падзеяй Крым (Таўрыя) належаў грэкам, рымлянам, Візантыі, Трапэзунду, гэнуэзцам ды вэнэцыянцам (асобныя гарады), скіфам, хазарам, Асманскай імпэрыі... Таму крыкі пра спрадвечную «расейскасьць» Крыму ня маюць пад сабою ніякага грунту.
Я наведваў гэтыя мясьціны ўлетку ледзьве ня ўсё дзяцінства. Мы сядалі ў ненадзейны бацькаў «Масквіч-412» і праз Гомель, Чарнігаў, Кіеў, Джанкой і Сымфэропаль даяжджалі да Кактэбэлю, пераназванага савецкімі адмыслоўцамі ў немілагучнае «Планерскае». І там мы праводзілі цэлы месяц, пасьля чаго зноўку доўгай маруднай дарогай, але цяпер ужо апаленыя, прасоленыя і паздаравелыя, дабіраліся да Менску.
Ужо дарослага, мяне некалькі разоў заносіла ў Ялту. І неяк на прыморскім бульвары я са зьдзіўленьнем пабачыў пікет «За рускі Крым».
Загарэлыя чарнявыя цёткі, бліскаючы фанатычнымі чорнымі вачыма, заклікалі зьдзейсьніць гістарычную справядлівасьць і вярнуцца ва ўлоньне маці-Расеі. Я глядзеў на пікетоўцаў з пагардай і неразуменьнем: якая Расея, які рускі Крым?! Пра што яны крычаць? Паўсюль украінскамоўная рэкляма, украінскае радыё-тэлевізія, украінскія тавары, дый я зь дзяцінства прызвычаіўся, што Крым — частка Ўкраіны. Так было за савецкім часам, так ёсьць і цяпер. Усім вядома, што межы дзяржаваў пасьля апошняе вайны застануцца нерухомыя, яны замацаваныя ўсялякімі пактамі-мэмарандумамі-канвэнцыямі-пагадненьнямі, і нічога ня можа зьмяніцца...
Як жорстка я памыляўся! Калі гэтыя пакты-мэмарандумы й мелі для кагосьці значэньне, дык толькі не для расейскае імпэрыі, якая толькі й думала пра тое, каб вярнуць калісьці прысабечаныя тэрыторыі, якія адразу пасьля прысабечваньня зрабіліся «спрадвечна рускімі», «плоць ад плоці і кроў ад крыві».
І цяпер я ўжо не памыляюся.
Малюнак Лявона Вольскага
Я дакладна разумею, што для імпэрцаў усё некалі захопленае заўсёды будзе лічыцца «рускім». І Малдова, і краіны Балтыі, і, натуральна, Беларусь, і краіны Цэнтральнай Азыі, і, нават, Польшча. І Фінляндыя. Усё гэта калісьці «пад’яднанае», а, значыцца, «спрадвечна рускае». «Вярнуць» гэтыя тэрыторыі — мара кожнага сапраўднага імпэрца.
Крыніца: www.9111.ru
Сёньня ў рэчышчы спыненьня агню Расея патрабуе міжнароднага прызнаньня Крыму, а таксама ўсіх захопленых украінскіх тэрыторыяў — расейскімі. І Злучаныя Штаты, хутчэй за ўсё, будуць рэкамэндаваць Эўропе пайсьці на гэта. Маўляў, дзеля сканчэньня вайны. Але, калі так здарыцца, і акупаваная зямля будзе афіцыйна належаць імпэрыі, атрымліваецца, тыя, пасьляваенныя межы ўжо ня ёсьць нечым стабільным і непарушным. І можна далей прад’яўляць прэтэнзіі, уводзіць войскі і пасьпяхова «вяртаць» «спрадвечна рускія» землі. Гэта не сканчэньне вайны, а разьдзіманьне!
Беларусь і «вяртаць» асабліва ня трэба — дастаткова ўвесьці на ейную тэрыторыю зялёных «ветлівых» чалавечкаў і правесьці рэфэрэндум, як некалі ў Крыме. Народ у адзіным парыве «прагаласуе» за. Гэта калі імпэрыя вырашыць зьмяніць беларускае кіраўніцтва. Калі пакіне цяперашняе — папросту трэба паабяцаць беларускаму лідэру высокую пасаду ў «саюзнай дзяржаве», зь якой можна, нібыта, балятавацца на пост расейскага прэзыдэнта. Тады гэты лідэр зробіць усё сам — правядзе рэфэрэндум і падлічыць галасы. І ня трэба ніякіх ветлівых чалавечкаў і мітусьні.
А тое, што Беларусь — спрадвечная расейская зямля — гэта вам любы масквіч скажа. Ці піцерац. Ці екацярынбуржац. Бо ж беларусы нават размаўляюць па-расейску. Амаль усе. Што праўда, з такім сьмешным акцэнтам — дзеканьне, цэканьне, шуфлядка, калідор...
Нас і «пад’ядналі», можна сказаць, разам з Крымам — яго ў 1783, а нас, як вы памятаеце (вы ж памятаеце?), часткова ў 1772, а канчаткова — у 1795 (насамрэч, не канчаткова — мы ўвесь час спрабавалі вылузнуцца, а нас усё намагаліся не адпусьціць).
Таму — калі Крым лічыць «спрадвечна рускім», дык чаму нас не лічыць? Вось яны й лічаць.
За Беларусьсю прысьпее чарга Балтыі ці Польшчы — як павернецца. NATO, магчыма, у хуткім часе, наогул, перастане існаваць, а гэта было тое, што хоць неяк стрымлівала Расею. А калі яго ня будзе — дык вось табе і поўнае раздольле для шырокай рускай душы — поўнае бязьмежжа, рабі што хочаш!
І калі ўсё будзе разьвівацца па гэтым сцэнары, дык вельмі сумна. Нават вусьцішна. Але заўсёды ёсьць надзея на цуд...
Ну, як «заўсёды»? Пакуль яшчэ ёсьць.
Лявон Вольскі, Budzma.org