Музыка ў стане супраціву: новы агляд ад аналітычнай групы Беларускай Рады культуры

Ад замежных фітаў і супрацы з сімфанічнымі аркестрамі — да закрыцця клубаў і чарговай адмены «Еўрабачання» для Беларусі. Што адбываецца з беларускай музыкай цяпер? Піша Беларуская Рада культуры.

Самае плённае поле дзейнасці — супраца з замежнікамі. Афіцыйная Беларусь імкнецца ў мінулае, а новая спрабуе знайсці сябе ў вялікім свеце. Музычная прастора краіны традыцыйна запоўненая расійскімі артыстамі і эстрадай, а выспа Беларусі — андэграўндам. Беларуская музыка ў замежжы працягвае збіраць суайчыннікаў на канцэртах і фестывалях, а эмігранцкія пляцоўкі прайграюць мясцовым.

Інтэграцыя vs асіміляцыя

Найбольш актыўна ў гэты час музыкі супрацоўнічалі з замежнікамі. Ініцыятываў беларусаў для беларусаў цяпер зусім няшмат, а геаграфія жыцця матывуе даследаваць блізкія тэрыторыі.

Паліна напісала музыку для паказу Couture Spring 2025 на тыдні высокай моды ў Парыжы. Гэта не першы ейны заход у свет моды: летась ейную музыку выкарыстоўваў для сваёй калекцыі французка-мараканскі брэнд адзення Casablanca.

PalinaПаліна. Крыніца: https://www.instagram.com/repolinare

Naviband у новым альбоме «Адліга» запісалі фіты з Палінаю, «Бі-2» і грузінскім гуртом Mgzavrebi. Света Бень з’явілася на альбоме ў татарскага праекту Tatar Kyz:lar. Сімфонік-метал гурт Belle Morte прэзентаваў альбом «Pearl Hunting», дзе гучаць 23 этнічныя інструменты, а ў запісе бралі ўдзел 18 музыкаў з 12 краінаў.

Чэшская артыстка Іва Марэсава і гурт Razam, дзе грае беларускі музыка Аляксандр Ясінскі, прэзентавалі альбом «Na dně mojí duše». Яго запісалі з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэцу-Кралавэ. Кружэлка адметная яшчэ і тым, што ў ёй сярод іншага гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў — Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі.

На полі праектаў-фітоў шмат гадоў шчыруе Віктар Сямашка. Сёлета ў межах праекту Fantastic Swimmers ён прэзентаваў рэліз «Svintus Grandiosus» — інтэрнацыянальны альбом-пастаноўку ў духу палітычнае сатыры для авангарднага кабарэ. Да таго ж аўтар падзяліўся прэв’ю альбому, над якім працуе з Вольгаю Гапеевай. У ім будуць гучаць нямецкамоўныя вершы паэткі. Ужо цяпер да праекту далучыліся 20 асобаў, у тым ліку музыкі з Беларусі, Польшчы і ЗША, а рэліз плануецца бліжэй да 2027 году.

З’яўляюцца таксама спробы займець замежных слухачоў: часам беларускія музыкі выкарыстоўваюць у песнях мовы краінаў, у якіх жывуць. Гурт Vapna прэзентаваў беларуска-літоўскі сінгл «1000 Krain / Nusivylimas», песню па-польску запісаў гурт «Бяз назвы», Воля Шніп наагул стварыла асобны польскамоўны праект «Nocne Ptaki».

Pan Savyan выпусціў дэбютны польскамоўны альбом. Выканаўца пачынаў з іранічных песень па-расійску, але сапраўдную папулярнасць здабыў пасля ўдзелу ў адборы на польскае «Еўрабачанне» з песняю «W kolorku amaretto». Цяпер хлопец спявае выключна па-польску, мае канцэртныя туры і шматтысячныя праслухоўванні (а на асобных песнях нават шматмільённыя).

Дзесьці тут праходзіць тонкая мяжа паміж інтэграцыяй і асіміляцыяй. У польскага боку Pan Savyan здабыў тое, чаго беларуская індустрыя яму даць не магла (бо яе проста не існуе). Гэта адзін прыклад таленту, які магла б мець беларуская культура, але будзе мець польская. Такія прыклады могуць з’яўляцца і надалей. Бо амаль заўжды ўзбагачэнне беларускае культуры — гэта дабрачыннасць.

«Еўрабачанне» vs «Интервидение»

Падляскі дуэт трапіў у фінал польскага «Еўрабачання». Яны занялі ў адборы другое месца сярод 11-ці артыстаў, набраўшы 23,69 % галасоў. Музыкі спалучаюць традыцыйны спеў і рэп па-падляску, і гэта выклікала спрэчкі ў сацыяльных сетках, бо не ўсе палякі былі задаволеныя такою перспектываю. Некаторыя слухачы захапляліся разнастайнасцю польскае нацыі, іншыя — вінавацілі музыкаў у выкарыстанні выдуманае мовы і патаканні ўкраінскай меншасці. Беларусы ж падтрымлівалі дуэт як сваіх, бо падляская мова нагадвае беларускую. Зрэшты, «афіцыйная» Беларусь таксама пэўным чынам залічыла дуэт у спіс суайчыннікаў — Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла Instagram-старонку Sw@da ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Sw@da x Niczos
Гурт Sw@da x Niczos. Крыніца: https://www.instagram.com/swadamusic/

У Беларусі адбору на Еўрабачання зноў не было, краіну знялі з удзелу яшчэ ў 2021 годзе. Тады БТ спрабавала даслаць на конкурс гурт «Галасы ЗМеста», але арганізатары выявілі ў песні палітычны падтэкст і гурт дыскваліфікавалі. У выніку «Белтэлерадыёкампанію» выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу.

Наўзамен Беларусь плануе браць удзел у «Интервидении» — конкурсе, аднаўленне якога ініцыявала Расія. Ён быў створаны ў 1960-ыя і спыніў існаванне разам з распадам СССР. Яго рэінкарнацыю цяпер прасоўваюць як мясцовую альтэрнатыву «Еўрабачанню», толькі браць удзел у ім плануюць у асноўным краіны BRICS і іх партнёры. «Интервидение» мусіць прайсці ў верасні ў Маскве. «Белтэлерадыякампанія» зарганізавала нацыянальны адбор і 31 сакавіка ўжо мусіла завяршыць прыём заявак, але інфармацыі, як будуць абіраць прадстаўніка Беларусі, дасюль няма.

Даўно і стабільна прасочваецца памкненне дзяржавы вяртацца назад. Рэтра-дыскатэкі і вечары рамансаў, «маршы перамогі» мінулае вайны падчас вайны цяперашняй і святкаванне Дня кастрычніцкае рэвалюцыі. Выглядае лагічна, што лукашэнкаўская дзяржава ў сучасным выглядзе — гэта тое, што мусіць застацца ў мінулым.

Дзяржаўная афіша vs андэграўнд

Сітуацыя з музычнай сцэнай у Беларусі цалкам ідэнтычныя папярэднім аглядам. Бальшыню афішы займаюць расійскія артысты: выступы Стаса Міхайлава (два запар) перамяжоўваюцца з гуртом «Руки Вверх!». Зліццё з расійскім кантэкстам часта прасочваецца і ў яшчэ больш характэрных імпрэзах. Да прыкладу, Міністэрства культуры паведаміла, што «святочны канцэрт, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшоў у Маскве». Да таго ж хутка пройдзе «Песня году Беларусі» — імпрэза, якую дзяржаўныя медыі называюць «галоўнаю музычнаю падзеяй году». На «Марафоне адзінства» музыка была афармленнем перадвыбарчых дзён. Тут усё было расквечанае выступамі калектываў самадзейнасці, а пікам стаўся новы «Марш галоўнакамандуючага» ад гурта Aura.

Паралельна і насуперак гэтаму адбываецца шмат андэграўнд-канцэртаў на некалькі дзясяткаў ці сотняў чалавек. Гастрольныя пасведчанні на іх выдаюць усё гэтак жа хаатычна і ў апошні момант, але нават у такіх умовах збіраюцца прыстойныя лайн-апы беларускіх артыстаў.

Фестывальны сезон гэтым разам можа стаць цікавейшы. На ліпень анансавалі Stereo weekend — фестываль, які прайшоў у Мінску ўпершыню ў 2018-м, а ў 2020-м быў перанесены праз ковідныя абмежаванні і заціх. Хочацца спадзявацца таксама на аднаўленне «Справы» і на музычны складнік «Вуліцы Ежа». З астатнім пакуль прадказальна: Viva Braslav, belbet fest, Festiwow, пружанскае «Солнцестояние» пакрысе абвяшчаюць свой традыцыйны расійскі лайн-ап.

За мяжою таксама анансавалі шэраг беларускіх фестываляў. Падляскі фэст «Тутака» і нідэрландскае «Купалле на Паўночным моры» адбудуцца 5-ы раз, а кракаўскі «Летуцень» — 6-ты. Канцэрты беларускіх музыкаў таксама не заціхаюць, хоць усё яшчэ адбываюцца пераважна ў Польшчы. Асабліва вылучыліся ў гэтым квартале вечарыны BOSS, зарганізаваныя суполкаю Belarus Outside Sound System. Канцэрты прайшлі адначасова ў чатырох гарадах — у Варшаве, Познані, Кракаве, Гданьску, і сумарна сабралі каля 3 тысячаў чалавек.

Закрыцці vs адкрыцці 

У Варшаве закрыўся беларускі музычны клуб Scena Chmielna. Ён праіснаваў 1,5 году. У пачатку шмат беларускіх канцэртаў адбывалася там. Але з цягам часу арганізатары знайшлі шэраг польскіх клубаў з лепшымі ўмовамі, і канцэртаў на пляцоўцы паменела. Не даўшы рады са зборам сродкаў (меркавалі сабраць данатамі 80 тысячаў злотых), клуб абвясціў пра закрыццё праз пазыкі ў арэндзе.

У той жа час шэраг беларускіх музыкаў прыцягвае да сябе новы беластоцкі клуб Białystok Music Club. Але падобна, што варшаўская гісторыя можа паўтарыцца. Пляцоўка ладзіць выключна беларускія імпрэзы і збірае на іх пару дзясяткаў чалавек. Ужо цяпер у асобных выпадках беларускія музыкі, прыязджаючы ў Беласток, абіраюць граць у суседнім польскім байк-пабе, бо тыя маюць уласную аўдыторыю і могуць гарантаваць прысутнасць вонкавага слухача. У 2025-м мы зноў маем спробу пабудаваць клуб «Графіці», але час рэдагуе сябе сам.

Новае з’явілася цяпер у медыяполі. Канал «Клік» запусціў сайт з навінкамі беларускае музыкі. Платформа аўтаматызаваная і абнаўляецца ў парадку з’яўлення новых рэлізаў. Таксама там можна пабачыць актуальную статыстыку наконт праслухоўвання беларускіх артыстаў на стрымінгах. Пакуль гэта тэставая версія, але ўжо цяпер функцыйная.

Магчымасці для беларусаў vs магчымасці для ўсіх

Чарговы квартал, калі спецыяльных магчымасцяў менавіта для беларускіх музыкаў не з’яўлялася. Свет прапаноўвае магчымасці ўсіі, і некаторым беларусам удаецца імі скарыстацца. «Молчат дома» зноў збіраюць поўныя залы ў амерыканскім туры. Гурт Rap&Vogue сёлета выступіў на Eurosonic — галоўным шоўкейс-фестывалі Еўропы. А вось на Tallinn Music Week, які некалькі гадоў прымаў беларускую дэлегацыю, ізноў не было ніводнага нашага артыста. Увесну музыкаў заклікалі падавацца на новы шоўкейс Music Week Poland, і праз некалькі тыдняў будзе вядома, ці акажацца ў лайн-апе хтосьці з беларусаў. Спробы змагацца за бачнасць на агульным сусветным полі пакуль не вельмі часта даюць плён. Рэальнасць прымушае да росту, якога не хочацца, і мы змушаныя пачынаць забег не са старту, а з мінусавае пазіцыі.

Hurt Rap&Vogue
Гурт Rap&Vogue. Крыніца: https://www.instagram.com/rapandvogue/

Самы прыемны вынік пачатку году — удалыя выпадкі супрацы беларусаў з замежнымі артыстамі. Спробы здабыць увагу мясцовай аўдыторыі часам прыводзяць да страты беларускай ідэнтычнасці. Афіцыйная Беларусь ізноў не трапіла на «Еўрабачанне», але плануе трапіць на «Интервидение». У краіне даюць рады адбыцца альтэрнатыўныя канцэрты, але пераважае прэс расійшчыны і дзяржаўнай эстрады. У замежжы анансуюцца летнія фестывалі, а на месцы адных закрытых клубаў аказваюцца іншыя такія ж. Беларускія артысты змушаныя гуляць паводле агульных з усім светам правілаў. Тут адзінкі маюць поспех, і сотні — аскепкі ўвагі.