“Не ў аднэй толькі нашай душы зерне ёсць хараства”

21.12.2016 16:00 - 17:00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5) Уваход вольны

Урачыстае адкрыццё выстаўкі мастацкіх работ Людмілы Пятруль да 90-годдзя зборніка алегарычных апавяданняў “Казкі жыцця”.

21 снежня 2016 года а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі члена Беларускага саюза мастакоў Людмілы Пятруль, прымеркаванай да 90-годдзя зборніка алегарычных апавяданняў “Казкі жыцця” Якуба Коласа.

Значнае месца ў творчасці Якуба Коласа займаюць алегарычныя апавяданні “Казкі жыцця”. Яны пашырылі ідэйна-тэматычныя і жанравыя межы беларускай прозы, бо скандэнсавалі ў сабе алегарычнасць і філасофскую мудрасць прытчаў, павучальнасць баек, фантастычнасць казак, вобразнасць фальклорных твораў. Сам Якуб Колас сцвярджаў: “… я ні за кім услед не хадзіў і не іду, а сам як думаў – так і пісаў. І мае казкі зусім не падобныя да казак Шчадрына або Горкага. А калі шукаць узоры, то шукайце іх хутчэй у беларускай народнай творчасці. У народа я вучыўся выказваць свае думкі”.

Працаваў над гэтымі апавяданнямі пісьменнік практычна ўсё жыццё. Першае апавяданне “Дудар” выйшла ў 1906 годзе, апошняе — “Страказа” — у 1956 годзе. Усіх апавяданняў 32, але сам паэт называе іх адзіным творам. Напрыканцы жыцця Якуб Колас рыхтаваў “Казкі жыцця” да перавыдання, але выйшаў твор з праўкамі паэта толькі пасля смерці класіка ў 1956 годзе.

Якуб Колас пісаў свае апавяданні не толькі дзеля забавы-чытання, а з выяўным разлікам на чытача ўдумлівага і разумнага, дасціпнага і ўважлівага. У пранізаных народнай мудрасцю радках “Казак жыцця” сцвярджаюцца агульнавядомыя і вечныя ісціны, якія ўспрымаюцца як коласаўскія афарызмы: “Лепш быць няшчасным, але відушчым, чымся шчаслівым, ды сляпым”; “Не воля аднаго, а воля ўсіх толькі і можа мець сілу і права”; “Гэты сум, гэтая туга — адвечныя спадарожнікі тых, хто многа разважае, хто жыве адзін з сабой, а можа і праўда — такое ўжо жыццё, што не дае задавальнення”; “I хто ведае: можа, чым часцей наведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты”.

Да 90-годдзя зборніка апавяданняў “Казкі жыцця” Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падрыхтаваў выстаўку ілюстрацый Людмілы Пятруль да знакамітага твора.

Людміла Іванаўна Пятруль нарадзілася 19 верасня 1947 года ў в. Мацвееўка Гродзенскай вобласці. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, з 1977 года актыўна прымае ўдзел у мастацкіх выстаўках. Усе працы Людмілы Пятруль, а мастачка працуе і ў дэкаратыўным ткацтве, і ў жывапісе, і ў графіцы, прасякнуты лірычным настроем і замілаваннем родным краем.

На выстаўцы акрамя ілюстрацый да некаторых апавяданняў будуць прадстаўлены рукапісы “казак”, над якімі Якуб Колас працаваў у апошнія гады жыцця, рэцэнзія Кандрата Крапівы на зборнік “Казкі жыцця” 1960 года, а таксама выданні розных гадоў і пераклады на мовы свету.

Сардэчна запрашаем!


Вам можа быць цікава

Выстава «Радуніца» ў Беластоку

26.04.2025 16:00 - 18.05.2025 19:00 Chill Time Club (Святога Роха 5/32)

Аляксандр Памідораў у Торуні

10.05.2025 (19:00 - 21:00) паб «Hipisówka» (Mikołaja Kopernika, 20)

Стэндап Ідрака Мірзалізадэ «Час белых дзяцей» у Варшаве

16.05.2025 (19:00 - 21:00) беларускі клуб Stand Up Lokal (Noakowskiego 16)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ