Што рабіць на беларускай ніве, каб нашыя намаганні не сышлі ў пясок. Адказвае гісторык Аляксандр Пашкевіч

Чаму зараз не ў нашых сілах наблізіць ні агульную перамогу, ні хоць бы ўвогуле якія перамены ў Беларусі, чаму намаганні тых, хто хоча канцэнтравацца менавіта на дзеяннях, скіраваных на паскарэнне працэсаў, асуджаныя на паразу і дыскрэдытацыю? Пра гэта разважае на сваёй старонцы ў Фэйсбук гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч.

Aliaksandr PaškievičАляксандр Пашкевіч

«Па матывах апошніх закалотаў у нашых шэрагах скажу коратка. 

Цяперашняя агульная кан’юнктура такая, што чым бы мы цяпер ні займаліся, што ўнутры краіны, што за яе межамі — не ў нашых сілах наблізіць ні агульную перамогу, ні хоць бы ўвогуле якія перамены. 

Таму намаганні тых, хто хоча канцэнтравацца менавіта на дзеяннях, скіраваных на паскарэнне працэсаў, асуджаныя на паразу і дыскрэдытацыю. 

Перамены адбудуцца тады, калі для гэтага складзецца спрыяльная сітуацыя — а на гэта паўплываць мы ніяк не можам. І пакуль, на жаль, нішто не сведчыць пра тое, што зоркі могуць пазітыўна сысціся найбліжэйшым часам, — піша Аляксандр Пашкевіч.

Але калі тая сітуацыя некалі складзецца — то тут ужо ад нас шмат будзе залежаць, каб ёй адпаведна скарыстацца. Ну, і якасць зменаў ад нас залежыць таксама. Адпаведна і цяперашнія намаганні, каб яны не ішлі ў пясок, павінны быць накіраваныя на сістэмную інстытуцыйную працу, на якаснае кшталтаванне супольнасці з перспектывай на не толькі зусім аглядную будучыню. Адпаведна з гэтым трэба абіраць і характар уласнай працы на беларускай ніве, і проста заангажаванасць у яе».

Меркаванне аўтараў рубрыкі "Калумністыка" могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.