У сераду, 13 траўня, у выставачнай зале «Мастацкай галерэі БЕЛАРТ» адкрываецца выстава жывапісу Алеся Фалея «Паміж небам і зямлёй».
У новай выставе спадар Алесь абраў цэнтральным паняццем хісткае «становішча» паміж небам і зямлёй. Праслойка «паміж» фарміруецца пад уплывам сфер неба (пачуцці, ідэі) і зямлі (рэальны свет матэрыяльных рэчаў і падзей).
Жывапісны медыум Алеся Фалея з яго цякучай і бескантрольнай стыхійнасцю крышталізуе персанальную энергетыку мастака ў сістэмы з плям і ліній.
Экспазіцыя «Паміж небам і зямлёй» скіравана хутчэй не на інтэлектуальнае спасціжэнне, а на эмацыянальную рэакцыю гледачоў, якія, трапіўшы ў прастору свабоднай экспрэсіі, вымушаны знаходзіць месца вытанчаным і брутальным карцінам у сваім жыццёвым досведзе.
Выстава ўключае 12 жывапісных палоцен (палатно, акрыл), створаных у апошнія тры гады.
Выстава працуе па 6 чэрвеня.
Уваход вольны.