Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь запрашае на выставу сучасных маляваных дываноў (маляванак) «Зоры — Зараніцы».
Сёння беларускія маляваныя дываны прызнаныя ўнікальным феноменам нацыянальнай культурнай спадчыны. Мастакі на новым узроўні развіваюць традыцыі мастацтва «маляванак». Экспазіцыя выставы ўключае творы майстроў з Мінска і Віцебскай вобласці: Жанны Іллюшкінай, Ірыны Князевай і Ірыны Церашковай.
У экспазіцыі прадстаўлены раслінна-арнаментальныя і сюжэтна-тэматычныя па кампазіцыйна-дэкаратыўнаму рашэнню маляваныя дываны. Раслінна-арнаментальныя матывы адлюстроўваюцца з аблямоўкай і сіметрычна размешчаным у цэнтры букетам — традыцыйным прыёмам стварэння кампазіцыі «маляванкі». Крыніцамі сюжэтаў і вобразаў роспісу мастачак выступілі беларуская міфалогія і легенды роднага краю. Для стварэння малюнкаў выкарыстоўваецца свабодны кісцевы роспіс і трафарэтны спосаб.
Куратар выставы — Алеся Іназемцава.
У ходзе правядзення выставы запланаваныя адкрытыя экскурсіі, а таксама прагляд і абмеркаванне фільма «Маляваны рай» аб Алене Кіш, створаны ў 2010 годзе рэжысёрам Галінай Адамовіч.
Выстава даступная да наведвання да 12-га верасня па адрасе: вул. Някрасава, 3.
План суправаджальных мерапрыемстваў выставы:
26 жніўня, 2 верасня — адкрытая экскурсія па выставе. Час: 18.00 — 19.20. Кошт — па ўваходнаму квітку на выставу.
19 жніўня, 26 жніўня, 2 верасня — творчыя заняткі для дзяцей «Маляванка». Юныя наведвальнікі пазнаёмяцца з міфалогіяй беларускай зямлі, пазнаюць асноўныя прынцыпы стварэння маляваных дываноў і створаць свой уласны сюжэт маляванкі. Час: 14.00 — 15.30. Кошт — 5 р.