У дворыку Музея Вольнай Беларусі 7 верасня адбыўся фестываль з нагоды першага дня нараджэння ініцыятывы MALDZIS.
Кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч так акрэсліў вынікі працы мінулага года:
Прамаўляе Павел Мацукевіч
«Я думаю, што нам удалося значна больш, чым мы чакалі, у справе вяртання спадчыны. Доказ гэтаму — сённяшняя выстава. Мы прадставілі пяць артэфактаў, пяць сведчанняў таго, што Беларусь мае выдатную гісторыю. Вынік нашай працы — і гэты фестываль, які адначасова з’яўляецца фіналам летняй школы, падчас якой маладыя ўдзельнікі і ўдзельніцы працавалі над праектамі, што паказваюць іх разуменне беларускай ідэнтычнасці».
На сцэне Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Павал Данэйка, Сяргей Будкін, Наста Роўда
На працягу ўсяго фестывалю ў адной з заляў Музея Вольнай Беларусі можна было паглядзець гістарычныя артэфакты, якія ініцыятыва здабыла дзякуючы беларускім мецэнатам: Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ВКЛ і Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага, «Жазло кіравання» Сімяона Полацкага і франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча. Больш падрабязна азнаёміцца з артэфактамі можна на сайце maldzis.world.
У межах фестывалю адбылася дыскусія «Каму цікава і нецікава беларускасць сёння?» з удзелам Рыгора Астапені, Паўла Данэйкі, Насты Роўды і Сяргея Будкіна. Таксама на сцэне адбыліся выступы Святланы Курс, Цімоха Акудовіча і Аляксандра Чарнухі. Выпускнікі летняй школы MALDZIS зладзілі інтэрактыўную прэзентацыю сваіх праектаў. А напрыканцы вечара на сцэне фестывалю выступіў гурт NOCHY.
Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы і адзін з арганізатараў, адзначыў:
«Праграма фестывалю выглядае менавіта так, як мы хацелі: паказаць разнастайнасць беларускай культуры. Зразумела, у нас ёсць гістарычна-культурны накірунак, але ў той жа час вечарам адбываецца выступ сучаснага гурта. Мы хацелі зрабіць фестываль пляцоўкай для людзей з рознымі перакананнямі. Дыскусія з запрошанымі гасцямі пабудавана так, каб пачуць розныя галасы і стварыць дыялог адносна беларускай ідэнтычнасці».

Выпускнікі летняй школы MALDZIS спецыяльна да свята падрыхтавалі прэзентацыю сваіх культурных праектаў. Падчас навучання ўдзельнікі разважалі пра беларускую ідэнтычнасць і ў выніку падрыхтавалі працы, якія ўразілі гасцей фестывалю крэатыўнасцю, нечаканасцю і арыгінальным бачаннем беларускай культуры.

Відэамейкер, блогер, мастак Антон Сівых прадставіў гасцям праект Вершаформы — кожны жадаючы мог паспрабаваць намаляваць верш у тэхніцы вершаформаў, а таксама пабачыць як гэта робіць Антось, які выдаў адзін з вершаў Францішка Багушэвіча ў гэтай незвычайнай тэхніцы.
Вельмі асаблівым і нечаканым праектам аказаўся “Красны Кут” актывісткі Вікторыі, якая стварыла незвычвйную інсталяцыю:
“Святыні ў кожнага розныя, яны былі рознымі і ў розныя часы гісторыі Беларусі. Звычайна ў красным куце можна знайсці абраз, часам некалькі. Былі моманты ў некаторых хатах, калі там нават быў царскі партрэт. Бальшавікі таксама эксплуатавалі яго для сваіх мэтаў. Да краснага кута беларусы звяртаюцца, калі ім трэба падтрымка і замацаванне сувязі з тым, у што вераць.
Левы кут музея вольнай Беларусі мы адвялі для асаблівай святыні, якая жыве ў кожнай беларускай душы.” — дзеліцца аўтарка праекта.
Асаблівым і чулым аказаўся праект “Хто ты гэткая?”, прысвечаны беларускім жанчынам. Маладыя актывісткі Дар’я і Альця правялі кароткую лекцыю пра малавядомых беларускіх жанчын, а пасля інтэрактыўную гульню на замацаванне атрыманых ведаў.
Дзякуючы інтэрактыўнаму праекту “Ссабойка” ўдзельнікі фестывалю змаглі выказацца пра беларускую ідэнтычнасць, напіўсаўшы і павесіўшы на шнуркі паштоўкі са сваімі меркаваннямі.
Блогер Усяслаў Пашкевіч з камандай падрыхтавалі праект “Нябачная Беларусь”. Падчас фестывалю ў межах гэтага праекта можна было прайсці квэст, паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне і даведацца шмат цікавостак пра невядомыя мясціны нашага краю.
Блогер Усяслаў Пашкевіч
«У нас была камандная праца, і гэта было класна. Працу ў камандзе я лічу вельмі карыснай: вучышся арганізацыі, самаарганізацыі, уменню правільна ставіць задачы, камунікаваць з людзьмі. Наш праект называецца «Нябачная Беларусь». Яго галоўная мэта — паказаць гасцям фестывалю, наколькі Беларусь багатая на аб’екты, якія схаваныя ад нашых вачэй: палацы, сядзібы, касцёлы, цэрквы, пра якія мала хто ведае. Мы хочам падзяліцца гісторыямі гэтых аб’ектаў і зацікавіць імі людзей», — рапавёў Усяслаў Пашкевіч.

Ініцыятыва MALDZIS была створана год таму. Яе мэта — аб’яднаць беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваць вобраз Беларусі як еўрапейскай краіны. Назва выбраная ў гонар беларускага навукоўца, гісторыка і літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса, які ўсё жыццё прысвяціў пошуку і вяртанню страчаных каштоўнасцяў і імёнаў Беларусі.
Наста Пабягунская, Budzma.org