Топ-5 беларускіх кніг для падлеткаў

Перайсці на беларускую мову задача не з лёгкіх — цяпер у школе яе вывучаюць, лічы, як замежную. У штодзённым побыце яна амаль не сустракаецца ў жывым выглядзе, але хутчэй у сімвалічным. Тое самае і з літаратурай — яшчэ са школы нам прапануюць не асабліва цікавыя творы, якія хутчэй адбіваюць ахвоту да чытання, чым яго стымулююць.

У пачатку навучальнага года склалі для вас топ-5 твораў на беларускай мове, якія дазволяць падлетку з карысцю правесці час. Не толькі заахвоцяць да чытання на роднай мове, але таксама павялічаць слоўнікавы запас і агульныя веды па гісторыі і культуры Беларусі.

«Дванаццаць подзвігаў Геракла» Пятра Васючэнкі

«Dvanaccać podzvihaŭ Hierakla»

У даўнейшыя часы старажытнагрэцкую мову вывучалі разам з лацінай у якасці асобных прадметаў у гімназіях, і гэта не выклікала здзіўлення. Бо без базавых ведаў па Антычнасці немагчыма зразумець усё, што адбывалася ў пазнейшыя часы. 

Да ўсяго акурат старажытныя грэкі стварылі ўсю тую сімволіку і сюжэты, якімі мы карыстаемся і цяпер. Там і тут сустракаем назвы, сітуацыі, з’явы, якім ужо далі калісьці трактоўку людзі, што жылі блізу Алімпу. Каб троху наблізіцца да іх, трэба ўзяць у рукі кнігі, якія дазваляюць лепей зразумець тую зніклую цывілізацыю, якая і зараз працягвае аказваць уплыў на нас сённяшніх. 

Найлепшым чынам на беларускай мове гэта можна зрабіць праз кнігу «Дванаццаць подзвігаў Геракла» Пятра Васючэнкі, якая распавядае пра ўсім вядомага старажытнагрэцкага героя з мясцовым каларытам. У выніку атрымаўся даволі самастойны твор, дзе аўтар расставіў уласныя акцэнты, не надта адыходзячы ад магістральнай лініі аповеду. 

Сам Пятро Васючэнка з’яўляецца дастаткова цікавым беларускім аўтарам, які сцвердзіўся ў беларускім кантэксце не толькі ў якасці пільнага крытыка, але таксама ўважлівага выкладчыка, добрага мысляра і цудоўнага казачніка. Раім да прачытання і іншыя ягоныя кнігі: «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі», «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага і Заблоцкага», «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» і «Жаласлівая каралеўна».

«Шляхціц Завальня» Баршчэўскага

«Šliachcic Zavaĺnia»

Выдатны помнік эпохі Рамантызму на нашых землях, які нічым не саступае еўрапейскім аналагам. Містыка, хорар, саспенс, готыка густа завязаныя на тутэйшым матэрыяле, які выразна падкрэслівае нашыя самабытнасць і самастойнасць. 

Ян Баршчэўскі пісаў па-польску, але выключна на беларускія тэмы. Таму і самы вядомы ягоны твор называецца «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», і ў гэтым няма ніякай блытаніны. Бо ў ХІХ стагоддзі акурат польскамоўная «крэсовая» шляхта, пераважна каталіцкага веравызнання, была рухавіком ідэяў самастойнасці і незалежнасці. 

Галоўны герой твора — самотны шляхціц Завальня, які жыве наводшыбе і з радасцю прымае стомленых падарожных. Наўзамен даху над галавой і добрай вячэры ён просіць аказаць яму вельмі простую паслугу — расказаць цікавую гісторыю. Тыя з радасцю згаджаюцца і распавядаюць цікаўнаму гаспадару розныя байкі. 

Адметна, што ў творы сустракаюцца персанажы, характэрныя для нашае міфалогіі. Згадайма хаця б аповед пра вужынага караля. Гэта падкрэслівае тое, што Ян Баршчэўскі, калі пісаў свой твор, абапіраўся на моцны грунт — народныя казкі і паданні, а не проста выдумляў нешта з галавы.

Беларускія народныя казкі

Bielaruskija narodnyja kazki

Часы, калі ў беларускай вёсцы жылі сапраўдныя носьбіты беларускай ідэнтычнасці, на вялікі жаль, мінаюць. Цяпер усё радзей можна сустрэць у сельскай мясцовасці бабулек, якія раскажуць вам казкі або паданні на беларускай мове і пра беларускую рэчаіснасць. Таму варта звярнуць сваю ўвагу на запісаны і апублікаваны фальклорны матэрыял. 

Каб дакрануцца да жывой народнай мінуўшчыны, дастаткова завітаць у любую бібліятэку або кнігарню і прыдбаць там любы зборнік з беларускімі народнымі казкамі. Можна ў апрацоўцы пісьменнікаў, якія гэтым займаюцца прафесійна, а можна проста ў запісаным выглядзе. Галоўнае, каб там было пазначана, што гэта не прыдуманыя рэчы. 

Чым карысна? 

Вы зразумееце, як жылі нашыя продкі 100 або болей гадоў таму. Чым кіраваліся ў тых ці іншых сітуацыях, якім чынам вырашалі складаныя пытанні, якім чынам быў спарадкаваны іх беларускі космас. Часцяком акурат у такіх казках можна разгледзець душу народа, яго матывацыю, спадзевы і жаданні.

«Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі

«Ščarbaty talier»

Аўтар змрочнай і глыбока разважлівай прозы для дарослых часам можа ў якасці эксперыменту напісаць нешта і для падлеткаў. І гэты твор акажацца настолькі ўдалы, што яго не толькі перакладуць на іншыя мовы, але нават здымуць тэлесерыял! Згадзіцеся, даволі рэдкі выпадак для беларускай літаратуры. 

Андрэй Федарэнка прыйшоў у літаратуру ў сярэдзіне 80-х гадоў і належыць да пакалення «Тутэйшых». Яго першая кніга называлася «Гісторыя хваробы», і ўжо ў адной назве добра расчытваецца сэнс напісанага. Аўтар такіх твораў, як «Мяжа», «Вёска», «Нічые» паказвае нам герояў, якія перапоўненыя ўласнымі праблемамі і шукаюць свайго месца ў гэтым свеце. 

На фоне гэтых твораў «Шчарбаты талер», які быў напісаны ў самым канцы 90-х гадоў, стаіць як бы асобна. Гэта захапляльная гісторыя пра групу падлеткаў, якія, маючы талер і старасвецкую мапу, спрабуюць адшукаць скарб. Меркавана, яго пакінулі французы ў часе адступлення пасля няўдалай вайсковай кампаніі 1812 года. 

Кніга будзе цікавая і дарослым, якія ў часе чытання могуць прыгадаць, як самі бавілі час на вакацыях у бабулі ці дзядулі на вёсцы. Цяпер гэта, на жаль, з’ява ўжо даволі рэдкая...

«Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай

«Avantury Pranciša Vyrviča»

Калі вы думаеце, што мы не маем сваёй Джоан Роўлінг, то крэпка памыляецеся. Яшчэ як маем! І зваць яе Людміла Рублеўская — пісьменніца і паэтка, якая належыць да аднаго літаратурнага пакалення з Андрэем Федарэнкам. 

Але ў адрозненне ад іншых «тутэйшаўцаў», яна ці не ад пачатку сваёй творчасці зрабіла акцэнт на рамантыцы — рыцары, шляхецкія вольнасці, бясконцыя прыгоды, прыгожыя дамы і ўсё ў такім духу. Атрымлівалася няблага, бо нават малады панк-гурт žygimont VAZA у пачатку 90-х гадоў запісваў драйвовыя песні на яе вершы: 

Галоўны герой «авантураў» — Пранціш Вырвіч, жыхар Менска і грамадзянін позняй Рэчы Паспалітай, які не па сваёй волі робіцца сведкам ейнага заняпаду. Уласна вакол ягонага жыцця і выбудаваны сюжэт гэтай шматтомнай гісторыі. 

Пакуль Рэч Паспалітая разбураецца пад ціскам унутраных і знешніх ворагаў, галоўны герой расце, атрымлівае адукацыю і ўвязваецца ў самыя розныя авантуры. І тут вам і містыка, і дэтэктыў, і палітыка, і ўсё, што хочаце. Беручыся пісаць гэтае сямікніжжа, аўтарка яўна хацела паказаць сваю абазнанасць у гісторыі Беларусі. 

Гэты твор, дарэчы, як і аповесць Андрэя Федарэнкі, быў экранізаваны. Але пасля падзеяў жніўня 2020 года так і не выйшаў у пракат. 

Карысна будзе прачытаць не толькі падлеткам, але і дарослым, якія з нейкіх прычын прапусцілі ў школе заняткі па гісторыі і мала што ведаюць пра эпоху апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 

Budzma.org