Колькі старонкі ні перагортвай, хоць усю кнігу перагартай, там і тут, як кроплі крыві, на аркушах будуць выступаць імёны тых, хто загінуў — там. За свабоду. За сваё. За нас. Чарговае імя — Андрэй Паднябенны.
Андрэй Паднябенны
Напрыканцы артыкула НН пра гібель Андрэя прапісаны спіс тых, хто раней загінуў за кратамі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер. Разам з Андрэем Паднябенным — дзевяць імёнаў.
Да свайго сораму хачу сказаць, што ведаю бадай што чатыры прозвішчы з гэтага спісу. Візуальна магу ўявіць — дваіх. Асабіста ведаў — аднаго. Усё рэшта, як ні дзіка гучыць, гэта статыстыка. Бо там, дзе болей за 2-3-5 асобаў — пачынаецца статыстыка. Будзённасць.
Добра памятаю, калі ў 2011-м на Валадарку яшчэ прыходзілі незалежныя газеты, можна было падлічыць усіх палітвязняў. Я іх усіх ведаў. Візуальна і па прозвішчах. Яны, магчыма, ведалі мяне. Там было каля 30 чалавек, уключна з кандыдатамі ў прэзідэнты. У наступныя гады палітвязняў стала значна менш. Я, ужо з волі, мог напісаць — кожнаму ці амаль кожнаму. І атрымаць адказы.
Колькі палітвязняў зараз — не ведае ніхто. Нават «Вясна», кіраўніцтва якой — таксама палітвязні. Нават Трамп. Лукашэнка, думаю, таксама не ведае. 1300? 1400?.. А колькі людзей не трапіла хоць у якія спісы, бо родныя вырашылі не агучваць інфармацыю (бо так параіў следчы або — чалавечая асцярожнасць)?
Заўважце, навіны пра новых палітвязняў не здзіўляюць. Пра гібель — не шакуюць. Мы прачынаемся з забыцця роўна на адно імгненне, каб перавярнуцца на іншы бок. А лента навінаў збудаваная так, што вельмі хутка чорна-белае фота зменіцца на каляровыя здымкі канцэртаў, курортаў і СПА-комплексаў. Чорна-белыя сны — на каляровыя.
Навіны пра візы і чэргі на мяжы — больш адгукаюцца. Бо гэта пра жыццё. А там — пра смерць. Наша псіхіка, а за ёй і лічбавыя алгарытмы, выціскаюць змрочнае, пакідаючы — патрэбнае і жыццёвае. Тое, на чым мы засяроджваем увагу — лішнія некалькі секунд часу.
Смерць? Гартаем далей. Чым хутчэй — тым лепш. Бо... а што я магу зрабіць? Здаецца, мы ўжо перагарнулі гэтую старонку. І тыя, хто з’ехаў, і тыя, хто застаўся. Не Лукашэнка, не Трамп, не Офіс, не Еўракамісія... А мы — самі. Каб яно не муляла і не перашкаджала жыць. Бо жыццё — вось яно, тут, побач. А не там, у смярдзючых шэрых камерах.
«Што я магу зрабіць?» — на гэтае пытанне кожны адказвае самастойна. Алгарытмаў дастаткова, няма сэнсу іх тут зараз — у 2025 годзе — пералічваць: за пяць гадоў можна было сарыентавацца.
Таму, пытанне гучыць не ў фармаце «што?», а — «навошта?». Кожнае імя забітага (так, менавіта забітага, а не памерлага) за кратамі ў Беларусі — гэта адказ на пытанне «навошта?». Бо:
Вітольд Ашурак
Мікалай Клімовіч
Алесь Пушкін
Вадзім Храсько
Аляксандр Кулініч
Ігар Леднік
Дзмітрый Шлетгаўэр
Валянцін Штэрмер
Андрэй Паднябенны
Дзевяць імёнаў — дзевяць бліскавіцаў на чорным небе, бачных цягам аднаго імгнення.
Трэба больш ці — хопіць?..
Алесь Кіркевіч, Budzma.org