Да 105-годдзя Купалаўскага тэатра адкрылася ўнікальная дакументальная выстава

Сумесная выстаўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага архіва Беларусі адкрылася 8 верасня ў сценах тэатра з нагоды яго 105-годдзя і старту новага тэатральнага сезона, піша «Звязда».

Vystava ŭ Kupalaŭskim

На працягу цэлага месяца тэатр адкрые музей, галоўнымі экспанатамі якога стануць найцікавейшыя дакументы, звязаныя з гісторыяй развіцця Купалаўскага тэатра і яго станаўленнем як першай сцэны краіны.

Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандра Шастакова, гэта ўнікальная экспазіцыя, якая прадстаўляецца шырокай публіцы ўпершыню.

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк падкрэсліў, што на выставе прадстаўлена крыху больш за 30 дакументаў.

Vystava ŭ Kupalaŭskim

— У нас захоўваюцца дакументы аб развіцці Купалаўскага тэатра, пачынаючы з 1926 года. Гэта дакументы аб узнагароджанні артыстаў тэатра высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР, асабістыя лісты па ўліку кадраў і гэтак далей. Ёсць вельмі ўнікальныя матэрыялы аб рабоце тэатра ў перыяд эвакуацыі, справаздачы ваенных палітработнікаў аб спектаклях і канцэртах, якія давалі артысты тэатра. Мы бачым, што ў складзе агітбрыгад артысты выступалі перад байцамі, камандзірамі Чырвонай Арміі, паднімалі іх маральны дух. Таксама мы бачым па некаторых справаздачах, што за паўгоддзе давалася больш за 60 спектакляў, гэта значыць артысты працавалі, давалі па 2-3 спектаклі ў дзень, — дадаў ён.

Vystava ŭ Kupalaŭskim

Таксама, акрамя дакументаў, на выставе ёсць візуальны складнік з эскізамі касцюмаў, самімі касцюмамі, макетамі дэкарацый і асабістымі рэчамі. Гэты выдатны дадатак да дакументальнай часткі быў створаны дзякуючы самому тэатру і Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.