Валянціна Лемцюгова — даследчыца і абаронца беларускае мовы. Яна шмат займалася айканіміяй — даследавала ўласныя назвы паселішчаў, і анамастыкай — вывучала ўласныя імёны. Спадарыня Валянціна шчыра хвалявалася за лёс беларускай мовы і прыкладала ўсе намаганні, каб даследаваць і папулярызаваць роднае слова. Яна вучыла любіць мову не з падручніка — а з мапы, з казкі, з роднай гаворкі. Яна адзначала: «Дзяржаўных моваў можа быць некалькі, але нацыянальная мова ў нас адна».
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай «Будзьма» распавядае пра гэтых жанчын.
Валянціна Лемцюгова. Крыніца фота: «Вікіпедыя»
Валянціна нарадзілася 19 снежня 1935 года ў сям’і выхадцаў з Магілёўшчыны, але не ў Беларусі, а ў Ленінградскай вобласці побач з фінскай мяжой. Яе сям’я вярнулася ў Беларусь пасля вайны, і дзяўчына закончыла Чавускую сярэднюю школу. Валянціна паступіла на філфак БДУ і пасля яго заканчэння некалькі гадоў працавала выкладчыцай беларускай, расейскай і нямецкай моў у школах Валожыншчыны. Кажуць, яна была паспяховай выкладчыцай, аднак хацела рэалізаваць свой даследчыцкі талент.
Амбіцыі даследчыцы перамаглі, і 25-гадовая Валянціна апынулася ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. Спачатку была малодшай навуковай супрацоўніцай, потым стала доктаркай філалагічных навук і прафесаркай, а неўзабаве і загадвала аддзелам лексікалогіі і лексікаграфіі. Апроч таго, Валянціна Пятроўна ўзначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію. Яна клапацілася пра тое, каб розныя назвы паселішчаў не забывалі і выкарыстоўвалі слушна. Вучоная дапамагала рыхтаваць розныя геаграфічныя выданні, мапы і атласы.
Спадарыня Валянціна займалася буйнымі даследаваннямі, але таксама хацела, каб веды пра яе любімую тапаніміку былі дасяжныя ўсім. На старонках дзяржаўнай газеты яна вяла рубрыку, у якой тлумачыла паходжанне беларускіх прозвішчаў: чытачы звярталіся да яе праз рэдакцыю з просьбамі «расшыфраваць» свае прозвішчы, з чым Валянціна Пятроўна дапамагала з вялікай ахвотай. Пасля яе адказы сталі матэрыялам для кнігі «Карані нашых прозвішчаў».
Каб пашырыць тэму, спадарыня Валянціна таксама выпусціла кніжку «Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды», у якой утрымліваецца каля трох тысяч эцюдаў пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў. Валянціна Пятроўна аналізавала назвы рэк, азёр, балот, палёў, уласныя імёны і прозвішчы. Для аповедаў пра гэта яна выкарыстоўвала не толькі геаграфічныя ці гістарычныя звесткі, але і народныя легенды і паданні.
Вокладка кнігі «Тапонімы распавядаюць». Крыніца фота: knihi.by
Вось урывак з кнігі пра паходжанне назвы Валожын:
«У аснове назвы Валожын старажытнае славянскае імя мянушкавага паходжання Валога, ад якога пайшло і беларускае прозвішча Валога. Валога — беларуская традыцыйная страва; малочная поліўка. У паўночна-заходніх беларускіх гаворках слова «валога» азначае растоплены тлушч, а дзеяслоў «валожыць» — мачаць у тлушч, заліваць тлушчам. Мясцовыя жыхары сведчаць: «Валогу дзелалі з масла — распусцім і валожым бліны. Кагда распусціш сала — тожа валога». Валогай называюць таксама малако з канаплянага семя; дзягно; рэдкую пахлёбку з малака і канаплянага семя. Зусім лагічна, што аматар такой стравы мог называцца Валога (як Крупеня, Верашчака, Боршч і інш.). Адантрапонімнае паходжанне назвы Валожын пацвярджаецца наянасцю пасэсіўных назваў з гэтай асновай. Параўнайце: Валогіна, Валожына. Утварэнне тапонімаў Валожын, Валожына суправаджалася чаргаваннем зычных [г]—[ж]. Суфікс -ын абазначае індывідуальную прыналежнасць».
Паспрабаваць знайсці гісторыю цікавага вам месца можна ў слоўніку спадарыні Лемцюговай.
Валянціна Пятроўна — аўтарка больш за 200 навуковых прац па айканіміцы. Аднак таксама яшчэ адной важнай справай у яе жыцці былі слоўнікі. Напрыклад, яна рэдагавала і была суаўтаркай тапанімічнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у шасці кнігах. Гэта магутная праца, сапраўдная знаходка для тых, хто не хоча памыляцца ў напісанні назваў тапонімаў. Кожнай вобласці прысвечаная асобная кніга, якая па раёнах, вёсках і сельсаветах распісвае назвы з правільным напісаннем, націскам і афіцыйнай транслітарацыяй лацінкі.
Валянціна Лемцюгова. Крыніца фота: сайт esu.com.ua
Яе высока ацанілі замежныя калегі — напрыклад, адзначалі ў ААН. А яе «Украінска-беларускі слоўнік» адзначаны як падзея ў культурным і навуковым жыцці не толькі Беларусі і Украіны, але і ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Румыніі, Канадзе.
Таксама пад яе кіраўніцтвам выйшаў «Слоўнік мовы «Нашай нівы»» ў пяці тамах. Гэта праца, якая даследуе мову перыядычнага выдання беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя. Адстойваючы яго, Валянціна не баялася публічна бараніць працу.
«За 50 гадоў працы над рознымі тыпамі слоўнікаў я на ўласным вопыце спаўна адчула ўпарты нораў лексікаграфічнай навукі. Працэс стварэння слоўніка надзвычай працяглы і складаны. Яго аўтарам даводзіцца вырашаць не адну якую-небудзь праблему, а цэлы вузел праблем: лексікаграфічных, лексікалагічных, граматычных, этымалагічных, семантычных, сінтаксічных, правапісных, стылістычных. А гэта няпроста...
Нам, беларусам, варта ўсур’ёз задумацца, чаму мы ў адрозненне ад іншых славянскіх народаў так лёгка абясцэньваем свае найважнейшыя нацыянальныя каштоўнасці і тым самым саміх сябе. Кожны дасканала выкананы шматтомны слоўнік — гэта не толькі скарбніца моватворчасці народа, яго нацыянальнай культуры, але і духоўны арыенцір, гонар, годнасць, інтэлектуальны капітал нацыі».
Публічнасць — інструмент, да якога Валянціна Пятроўна пры патрэбе звярталася. Сярод іншага, яна адстойвала Закон аб геаграфічных назвах, паводле якога назва мусіць спачатку давацца на беларускай мове. А яшчэ ў 90-я — была ў складзе камісіі, якая прызнала мэтазгодным адрадзіць гістарычныя назвы вуліц і плошчаў Менска.
Таксама яна абараняла беларускую лацінку, зазначаючы, што гэта — важны духоўны фрагмент і прадмет гонару нацыі. У 2013 годзе яна напісала адкрыты ліст Ігару Карпенку, які тады быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама.
Сярод іншага, яна казала:
«Чыноўніку не падабаецца загалоўная роля беларускай арыгінальнай формы тапонімаў, і яму не церпіцца замяніць яе на рускамоўную, а значыць арыгінал на копію.
У сувязі з гэтым варта нагадаць, што тапанімія — гэта калектыўны твор карэннага этнасу краіны. Разам з помнікамі старадаўняга дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы ўспадкавалі ад мінулых пакаленняў і ўласныя геаграфічныя назвы — своеасаблівы летапіс нашай зямлі.
У цывілізаваных краінах нацыянальнай тапаніміі ўжо даўно прысвоены статус гістарычна-культурных помнікаў. Пара было б ужо і нам пераняць гэты каштоўны вопыт і надаць нашай тапаніміі аналагічны статус. Дык ці наступіць калі-небудзь такі час, калі кожны дзяржаўны чыноўнік будзе паважаць духоўную спадчыну сваіх продкаў, абараняць і цаніць нацыянальныя каштоўнасці, а не ўпадабняцца той хатняй птушцы, што грабе ад сябе?»
Спадарыня Валянціна добра валодала словам! Калі ёй споўнілася 80 гадоў, яе калегі адзначалі:
«Яна належыць да той кагорты людзей, чыё жыццё — яскравы прыклад працалюбства, прынцыповасці і адданасці айчыннай мовазнаўчай навуцы і любімай справе, звязанай з даследаваннем і папулярызацыяй роднага слова. Душэўная заклапочанасць і шчырае хваляванне за лёс беларускай мовы, роднай краіны заўсёды вызначаюць гэтага нераўнадушнага, вернага свайму прафесійнаму абавязку чалавека. Яна аўтарытэтны вучоны і глыбокі даследчык, у якога ёсць чаму павучыцца».
Паслухайце, што пра спадарыню Валянціну сказала доктар філалагічных навук Лілея Плыгаўка.
Гісторыю Валянціны Лемцюговай ды іншых выбітных беларусак можна слухаць таксама на Spotify.