У сераду, 24 красавіка а 18-й, у арт-прасторы «Талстога,7» адкрываецца выстава «Пагоркi i грудкi».
Дата і час: 24 красавіка ў 18.00
Месца: арт-прастора «Талстога, 7», вул. Талстога, 7, Віцебск
Пагоркі часта займаюць асабліва святое месца ў розных культурах і служаць крыніцай узнікнення міфу.
Невысокія і бяспечныя вяршыні, позірк з якіх працягваецца перспектывай бясконцых плаўных адлюстраванняў, не аднойчы станавіліся полем дзеяння таго ці іншага эпасу ці героя.
Так Джон Толкін селіць свой маленькі народ, які выратаваў свет ад катастрофы, сярод зялёных грудкоў Шыру. А «Бітлы» накіроўваюць на вяршыню пагорка аднаго з самых светлых герояў сваіх песень.
Серыя фотаздымкаў «Пагоркі і грудкі» — гэта падарожжа па хвалістай паверхні часу і прасторы непадалёк ад старажытнага Лоска, на летнім фатаграфічным пленэры на арт-хутары «Васіліна».
Некалькі аўтараў сустрэліся ў гэтым пейзажы і пражылі творчы час з летняй навальніцай, шпацырамі па ваколіцах, купаннямі ў бліскучай рэчцы, доўгімі размовамі, фатаграфічнымі эксперыментамі і народжанай ідэяй сумеснай працы, якая расцягнулася на некалькі месяцаў і пераўтварылася ў калектыўны праект-развагу над вечнымі філасофскімі пытаннямі.
Пейзаж вакол вёсак, які змясціў у сабе калейдаскоп дзесяцігоддзяў жыцця на ўзгорках, — галоўны герой серыі. Усе фотаздымкі надрукаваныя ў тэхніцы цыянатыпіі літаральна на летнім сонцы ўдзельнікамі праекту.
Крыніцай вобразаў для серыі паслужылі архіўныя фатаграфіі, аўтарскія здымкі і час, які пачаў змываць эмульсію і твары ў старых рамах, тым самым малюючы галоўную візуальную метафару фатаграфічнай працы — крохкасць і разам з тым пастаяннае абнаўленне жыцця сярод маляўнічага прыроднага ландшафту.
На пагорках сустрэліся і працягваюць працаваць:
Эмілія Кярвяк, Гродна
Вікторыя Якімчык, Мінск
Яўгенія Барысевіч, Мінск
Паліна Іванова, Бахчысарай — Магілёў
Антон Талашка, Маларыта
Лена Ле,
Мінск Верасень і Аўгіня, арт-хутар «Васіліна»
Працуе выстава да 23 чэрвеня.