Выстава "Вяртанне ў Заслэў" у Заслаўі

22.01.2026 - 08.02.2026 10:00 - 18:00 Музейна-выставачны комплекс (вул. Рынкавая, д. 4) 5 рублёў



У музейным комплексе "Заслаўе" пачала працу выстава "Вяртанне ў Заслэў. Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых", прымеркаваная да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. 





Заслаўе - старадаўняе беларускае мястэчка. Але ж мястэчка тое не толькі беларускае. Спрадвеку тут жылі і габрэі - поруч з беларусамі яны былі паўнапраўнымі заслаўцамі. Жылі яны тут з мілатой да места, што раскінулася на беразе Свіслачы бы ў выраі. І звалі яны той свой вырай на Свіслачы זאַסלעב שטעטל - мястэчка Заслэў. 

Выстава мае на мэце нагадаць пра колішнюю гісторыю Заслаўя - яго габрэйскія старонкі, якіх у кнізе жыцця мястэчка было дужа багата. Тут прыгадаюць пра габрэйскіх паэтаў з усёй Беларусі. Паэтаў, якіх калісьці чыталі ў Заслаўі–Заслэве. 

Праект складаецца з дзвюх частак. Першая - плён работы музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Ён уяўляе выставу "Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых...". 

Гэты раздзел прысвечаны габрэйскім пісьменнікам 1920–1930-х, якія пісалі на ідышы. Цэлая плеяда таленавітых паэтаў, пісьменнікаў, літаратурных крытыкаў нібы знікла са старонак нашай гісторыі ў выніку асіміляцыі, падчас рэпрэсій канца 1930-х і Халакосту. У сувязі з гэтым ацаніць усё багацце габрэйскай літаратуры і паэзіі, якое Беларусь страціла, зараз вельмі цяжка. 

"Літаратурны" раздзел выставы грунтуецца на архіўных фатаграфіях габрэйскіх пісьменнікаў, а таксама кнізе аднаго з прадстаўнікоў літаратурнага свету таго часу Гірша Рэлеса "Яўрэйскія савецкія пісьменнікі Беларусі". У ёй ён прадставіў кароткія, але неверагодна маляўнічыя біяграфіі сваіх калег, забяспечыўшы іх сваімі жывымі каментарамі і нататкамі/

Другая частка выставы "Вяртанне ў Заслэў" уяўляе інсталяцыю - артпрамову, раней створаную мастакамі і рэстаўратарамі Алегам Хадыкам, Ігарам Кнышам, Фёдарам Сарокам, Іванам Медзвядзёвым, Ігарам Лявонцевым, Міколам Залатухам і іншымі мастакамі, аб’яднанымі ў творчую рэстаўрацыйную майстэрню “Басталія”. 

Не адно дзесяцігоддзе купка беларускіх рэстаўратараў - вучняў Алега Хадыкі, аб’яднаных апантанай любоўю да спадчыны беларускіх літвакоў, - даследавалі і адраджалі парэшткі слядоў іх прысутнасці тут.


 Выстава працуе да 8 лютага. 



Вам можа быць цікава

Канцэрт-спектакль "Марк Шагал. Сусвет кахання" ў Мінску

11.03.2026 (19:00 - 20:00) арт-прастора "Рэха" (пр-т Незалежнасці, 95 к. 5)

Анлайн-сустрэча “Што такое EcoVillage?”

14.03.2026 (20:00 - 21:30) анлайн (анлайн)

Імпрэза і майстар-клас па ліхтарыках "Старая Беларусь" у Мінску

15.03.2026 (16:30 - 17:30) музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а)

Вясновы канцэрт ансамбля "Класік-Авангард" у Мінску

29.03.2026 (12:00 - 14:00) палац культуры ветэранаў (вул. Янкі Купалы, 21)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ