«Варта, на ўсялякі выпадак забараніць усю беларускамоўную літаратуру». «Метадычка» па працы з народнымі масамі ад Лявона Вольскага

У адказ на рашэнне ўладаў прызнаць шэраг беларускіх выдаўцоў удзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання Лявон Вольскі склаў іранічна-саркастычную метадычку з рэкамендацыямі па працы з народнымі масамі.

Lavon Volski

Кнігі чытаць не абавязкова

Народу зусім не абавязкова чытаць. Не, ён можа пачытваць абвесткі — дзе, што, па колькі купляюць-прадаюць. Ці то матывацыйныя, павучальныя альбо гумарыстычныя кароткія тэксты ў інтэрнэце, калі ласка! А вось кнігі чытаць не абавязкова. Усё, што народу належыць прачытаць, ён прачытаў у сярэдняй школе. Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага... Прачытаў і нават тое-сёе вывучыў на памяць. І можа цытаваць з нагоды і без, дэманструючы высокі ўзровень інтэлекту і культуры.

Змагацца з небясьпечнымі чытачамі і кнігамі

Але ёсьць пэўная народная праслойка, якія неадольна цягнецца да чытаньня кніг. Вы ня думайце, іх, гэтых «чытачоў» ня надта шмат. Меншасьць. Бо большасьць папросту ня мае часу на гэткія забаўкі — трэба працаваць, утрымліваць сям’ю, купляць прадукты, езьдзіць на лецішча, рамантаваць машыну... Бліжэй да вечара ты ледзьве на нагах трымаесься — якія ўжо тут кнігі?

Ну, а гэтыя «чытачы» — яны, зазвычай, дармаеды. Ці то займаюцца «разумовай працай» — сядзяць у дасьледчых інстытутах за сталамі. Часу шмат, рабіць няма чаго — вось і чытаюць. Усё б нічога, але потым яны гэтым прачытаным дзеляцца зь сябрамі, прыяцелямі, сваякамі — нармальнымі людзьмі, якія з часоў школы нічога не чыталі. І гэтыя думкі, выказаныя аўтарамі ў кнігах, часта шкодныя і небясьпечныя, распаўсюджваюцца па цнатлівых, раней некранутых сумнеўнымі ідэямі, розумах жыхароў РБ.

Раз ёсьць праблема, дзяржава мусіць яе вырашаць. І вось ужо створаны сьпіс забароненае ў РБ літаратуры — кніг, якія табе лепей не чытаць, бо дзяржаве гэта можа вельмі не спадабацца. І гэты сьпіс расьце, як сьнегавая лавіна. Там і міжнародныя бэстсэлеры, і айчынныя творы рознага кшталту — ад гістарычных аглядаў да авантурных раманаў...

Увага на мову

І асаблівую ўвагу тут трэба зьвярнуць на мову. 

Калі кніга напісаная па-беларуску — гэта ўжо нагода для забароны. Ну, ясна, за выключэньнем літаратуры савецкага пэрыяду — там усё выверана, узважана, адцэнзуравана (лічаныя адзінкі, якія прарваліся праз цэнзурную мясарэзку, ужо выяўленыя і нэйтралізаваныя).

Што магло прымусіць сучаснага аўтара пісаць па-беларуску? Мова — непапулярная, амаль ніхто на ёй не гаворыць, таму спадзявацца на мільённыя наклады не выпадае. На ганарары — таксама. Таму тут праглядаецца нейкая таемная задума, калі не сказаць, змова — пішуць на беларускай мове, каб усё глыбей укараняць яе ў нашае стабільнае збалянсаванае грамадзтва. І праз гэтую мову падкідаць чарговыя апазыцыйныя ідэйкі.

Разабраліся. Замкнулі, пасадзілі

Вось, напрыклад, выдавецтвы гэтыя. Адкуль яны раптам зьявіліся ў такой колькасьці? 

Чаму яны выпускалі кнігі толькі па-беларуску? Маглі б і на дзьвюх дзяржаўных мовах — дык не! Толькі на мове меншасьці. Падазрона гэта ўсё. Падазрона і патыхае замежнымі грантамі. Разабраліся. Замкнулі, пасадзілі. Бо гэта была пагроза нацыянальнай бясьпецы. Скажу болей: сама мова — гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы!

Не, калі проста шыльды ў горадзе: «Бульбяная», «Кавярня», «Кастрычнік» — гэта яшчэ нічога — тыпу, нацыянальны калярыт. А ўжо калі пачынаюць купляць кнігі па-беларуску, чытаць іх і спрабаваць на гэтай мове размаўляць у «звычайным жыцьці» — гэта ўжо пагроза. Бо мова фармуе сьвядомасьць. У гэтым выпадку апазыцыйную.

Рэкамэндацыі па працы з народнымі масамі

Malunak Lavona Volskaha
Малюнак Лявона Вольскага

Таму варта, на ўсялякі выпадак, забараніць усю беларускамоўную літаратуру, створаную за апошнія пяцьдзесят гадоў. Народ да забаронаў прызвычаіўся, таму мусіць успрыняць нармальна. Мову забараніць не выпадае — пачнуць скавытаць «У Беларусі забараняюць беларускую мову!», але варта тлумачыць грамадзянам пра перавагу «вялікай і магутнай» расейскае, пра тое, што яна багацейшая, больш разьвітая і жывая. І кар’еру на ёй можна стварыць. На беларускай жа ж ня створыш.

А наагул трэба імкнуцца да таго, каб народ усё меней чытаў. І ў ідэале — каб перастаў чытаць зусім. Засвоіў неабходныя веды ў сярэдняй школе — «Вып’ем з гора, гдзе жэ кружка?» (Гэту цытату, дарэчы, можна ўжываць у любой жыцьцёвай сытуацыі), — і хопіць. 

Пасьля школы трэба працаваць так, каб на ўсякае непатрэбнае чытаньне не было часу.

Спадзяюся, вы ўлічыце гэтыя рэкамэндацыі падчас работы з народнымі масамі.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org