Беларусь як поле экспэрымэнтаў для Расеі

У рубрыцы «Мама, не журыся» на Budzma.org Лявон Вольскі разважае пра тое, як і чаму ўзнікаюць кансьпіралягічныя тэорыі і наколькі блізкая да праўды тэорыя пра тое, што «Расея спачатку экспэрымэнтуе на беларускай тэрыторыі — правярае, ці пойдзе, а потым укараняе ў сябе».

Lavon VolskiЛявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Як зьяўляюцца кансьпіралягічныя тэорыі

Я, па шчырасьці, ня надта веру ў кансьпіралягічныя тэорыі. Мне здаецца, што за імі хаваецца адвечная народная цямрэча. Маўляў, мы — людзі простыя, нам усё адно нічога не распавядуць, і ад нас нічога не залежыць. А ўжо гэтую народную цямрэчу выкарыстоўваюць розныя палітычныя маніпулятары — і таленавітыя (пратаколы сыёнскіх мудрацоў, таемны жыдамасонскі ўрад, што кіруе сьветам, агульнае чыпаваньне праз прышчэпкі ад COVID), і няздарныя (фраў А, джыпы з кулямётамі, што прарываюцца празь мяжу, атручваньне вады дохлымі пацукамі, украінскі фашызм, сакрэтныя біялябараторыі па вытворчасьці баявых камароў). Цікава, што знаходзіцца публіка, якая верыць у кансьпіралягічныя тэорыі, якія вымысьлілі й няздарныя маніпулятары. І яе досыць шмат.

«Адгадкі» ды «раскрыцьці» 

Наагул, народу трэба ў нешта верыць. Вось і зьяўляюцца розныя «адгадкі» ды «раскрыцьці» там, дзе адгадваць ды раскрываць не было чаго.

Хтосьці абавязкова вымавіць: «Дураць нашага брата!» ці то «Усяе праўды мы ніколі не даведаемся», і пачынаюцца расповеды пра забойства Машэрава, якога ненавідзеў Брэжнеў, пра тое, што амэрыканцы насамрэч ніколі не былі на Месяцы, а ўсё, што мы бачылі — гэта пастановачныя кадры, зьнятыя ў галівудзкім павільёне, пра тое, што Гарбачоў разваліў Саюз (насамрэч «гарбачоўскія рэформы» даўно ўжо былі заплянаваныя, толькі Андропаў і Чарненка не пасьпелі іх запусьціць з вядомых усім прычынаў).

Даходзіць нават да таго, што зямля ў сапраўднасьці — пляскатая (не разумею, чаму адкінулі тэорыю пра кітоў і чарапахаў?), а нас усё жыцьцё дураць, што яна круглая.

Расея спачатку экспэрымэнтуе на беларускай тэрыторыі?

Malunak Lavona VolskahaМалюнак Лявона Вольскага


Адна з кансьпіралягічных тэорыяў — пра тое, што Расея спачатку экспэрымэнтуе на беларускай тэрыторыі — правярае, ці пойдзе, а потым укараняе ў сябе. І, шчыра кажучы, гэта выглядае настолькі блізкім да праўды, што нават я часьцяком пачынаю сумнявацца.

Вось, здавалася б, дэмакратычна абраны прэзыдэнт гаворыць, маўляў, «я сваю кадэнцыю адпрацую, а потым сыду, я не зьбіраюся быць вечным прэзыдэнтам, як у нашых суседзяў». Журналісты сьмяюцца, яны ацанілі жарт пра суседзяў. І вось праходзіць дваццаць ці болей гадоў, і ў прэзыдэнцкім фатэлі мы бачым таго самага, толькі ўжо зусім не дэмакратычна абранага, безумоўна, вельмі пастарэлага пэрсанажа, рыторыка якога кардынальна зьмянілася. Замест адухоўленых сьпічаў пра перавагі дэмакратыі і прагрэсу мы чуем пагрозы ядравай зброяй і сэнтэнцыі пра веліч расейскага народу.

І яшчэ гадоў зь дзесяць таму ў Маскве праходзілі грандыёзныя мітынгі з канцэртамі ў цэнтры гораду. Там паміж песьнямі выступалі лідэры апазыцыі, людзі сустракалі іх авацыямі — і песьні, і лідэраў. І дзе яны цяпер, гэтыя лідэры? Як у нас — каго забілі, а хто пасьпеў уцячы за мяжу. 

Ведаеце, калі ў Беларусі быў апошні афіцыйна дазволены канцэрт-мітынг? У 2004-м. Дваццаць два гады таму.

І тады ж, акурат пасьля таго канцэрту, на наступны дзень улада ўвяла чорныя сьпісы. Расейцы яшчэ зьдзіўляліся: як гэта — чорныя сьпісы? І што, зусім нідзе нельга граць?
І вось мы бачым на ўласныя вочы, як расейскія артысты, каб захаваць магчымасьць выступаў, едуць сьпяваць перад «нашымі хлопчыкамі-жаўнерыкамі» ці то перад міфічнымі «дзецьмі Данбасу», бо, калі гэтыя артысты будуць проста маўчаць і не выказвацца, іх залічаць у «здраднікаў», запішуць у чорны сьпіс, і тады — разьвітвайся з канцэртовай дзейнасьцю на радзіме. А далёка ня кожны здольны зь ёй разьвітацца — усё добра накатанае, сыстэма працуе, пляцоўкі вядомыя, мэнэджэры адпрацоўваюць па стандартных схемах... Страшна мяняць усё гэта на невядомы, злавесны, замежны заходні рынак.

Прыхільнік кансьпіралёгіі адразу ўбачыць тут таямнічую схему: спачатку ў нас узьніклі чорныя сьпісы, потым і ў іх! Спачатку ў нас міліцыя дубасіла дубцамі народ, а ў Расеі ж такога не было. А цяпер і там тое самае! Спачатку ў нас пачалі даваць гіганцкія тэрміны за тое, што думаеш іначай, цяпер і ў іх даюць! Гэта яны ў нас адпрацоўваюць розныя непапулярныя захады, потым глядзяць, што народ трывае, тады й ў сябе ўкараняюць падобнае!

На мой погляд, ніякае таямнічае схемы тут няма. Проста Рбшны лідэр даў настолькі высокі ўзровень крэатыўнага кіраўніцтва, што грэх было не пераняць у яго розныя мэтады і падыходы! Вось суседзі і пераймаюць. Нават далей пайшлі — разьвязалі сапраўдную вайну!

Ну, у добрага настаўніка і вучні добрыя.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org