У склад журы фотаконкурсу ўвайшлі Міхал Анемпадыстаў, Анатоль Кляшчук, Андрэй Лянкевіч.
Сябры журы ў намінацыі “Людзі Беларусі” найбольш адзначылі маладыя абліччы. Андрэй Лянкевіч досыць строгі:
— Збольшага працы, дасланыя на конкурс, утрымліваюць традыцыйны погляд на Беларусь: старыя людзі, цэрквы, заходы-ўсходы… Пяцьдзесят гадоў адных і тых жа фота. І такіх даслана большасць.
Міхал Анемпадыстаў
Ацэнка ішла не толькі паводле кампазіцыйных якасцяў здымкаў, але паводле адпаведнасці назве намінацыі. Міхал Анемпадыстаў:
— Вельмі шмат было даслана фотаздымкаў, дзе людзі паказвалі Беларусь не тым, чым яна ёсць насамрэч: нехарактэрныя рэчы, якія людзі абсалютна шчыра ўспрымаюць як яе вобраз. Напрыклад, шмат праваслаўных храмаў. Тэма “Будзьма еўрапейцамі” – яна абстрактная, і нават не ўсе пераможцы этапаў цалкам яе раскрылі, бо гэта складана. Проста краявід не мае ніякіх прыкметаў еўрапейскай Беларусі. Еўрапейскасць – гэта ў першую чаргу знаходжанне ў еўрапейскай культурнай прасторы, тое, што захавалася ў нас з еўрапейскай традыцыі і рух да яе сёння.
Андрэй Лянкевіч
Для Андрэя Лянкевіча тэхнічны аспект фотаздымка не галоўны:
— Чым знята – ролі не грае: варта забыцца пра культ апаратуры. Калі вы маеце што расказаць, то можна здымаць нават тэлефонам. Галоўнае – ідэя.
Міхал Анемпадыстаў пра адбор працаў:
— Я праглядаю ўсе здымкі, тыя, што спадабаліся, перазахоўваю, яшчэ раз пераглядаю. Метадам адбору пакідаю два-тры. І сярод іх ужо цяжка бывае абраць найлепшы. Падабаецца здымак ці не, вызначаецца па прафесійных крытэрах. Банальны сюжэт, які да гэтага шмат скарыстоўвалі, – нецікава; здараецца, фатограф мог сфатаграфаваць у лепшым ракурсе, але паленаваўся адысці ўбок. Бываюць тэхнічныя хібы: праз неахайнасць фатографа лішняя дэталь трапляе ў кадр.
Ад рэдакцыі. Мы плануем працягваць тэматычныя фотаконкурсы, запрашаць у журы розных фатографаў, ладзіць галасаванні на прыз глядацкіх сімпатыяў, павялічваць колькасць магчымых пераможцаў. Дзякуй усім за ўвагу і ўдзел! Сачыце за анонсамі, прыходзьце на ўрачыстасць 27 траўня ў кінатэатры “Цэнтральны” (Мінск, пр-т Незалежнасці, 13) у 13.00!