Распавядаем пра найбольш цікавыя культавыя архітэктупныя аб’екты Браслаўшчыны. Тут знаходзяцца другі па вышыні касцёл у Беларусі, каталіцкі і стараверскі храмы ў стылі мадэрн, узведзеныя паводле праектаў шукальніка «беларускага стылю» ў архітэктуры Лявона Вітан-Дубейкоўскага, касцёлы якія ўратаваў ад савецкай улады прывід мясцовага пробашча і шмат іншых цікавых будынкаў.
1 Фота: planetabelarus.by
1. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах
Сапраўднай візітоўкай Відзаў сёння з’яўляецца касцёл, які быў закладзены па праекце архітэктара Вацлава Міхневіча ў 1909 годзе, у самым папулярным на той час на нашай тэрыторыі стылі неаготыка. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які мае гістарычную назву Троіцкі, у Відзах — адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі, вышыня ягоная складае пяцьдзясят дзевяць метраў, ён саступае касцёлу ў Гервятах усяго на два метры. Храм быў дабудаваны ў 1914 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Неўзабаве пасля таго, як будаўніцтва касцёла было завершана, пачалася Першая сусветная вайна. Увосень 1915 да Відзаў наблізілася лінія фронту, якая заставалася тут ажно да 1918 года. Будынак храма моцна пацярпеў ад прыцэльнага вагню расійскай артылерыі. Вежы храма выкарыстоўваліся ў якасці назіральнага пункту, для ўстаноўкі кулямётаў, размяшчэння снайпераў. Пасля вайны касцёл быў адрамантаваны, і ў памяць аб падзеях у сцены касцёла былі ўмураваныя снарадныя галоўкі. Што тычыцца ўнутранага аздаблення храма, то яго захаваць не атрымалася, як і арган. Побач з касцёлам захавалася плябанія пачатку ХХ ст., дзе сёння месціцца лякарня.
Фота: strada.by
2. Свята-Успенская царква ў Відзах
Яшчэ адной славутасцю Відзаў з’яўляецца Свята-Успенская стараабрадніцкая царква 1907 года пабудовы. Першыя згадкі пра старавераў у Відзах датуюцца XVIII стагоддзем, але тагачасныя бажніцы былі драўлянымі, таму да нашых дзён не захаваліся. Сучасны храм быў пабудаваны з чырвонай цэглы паводле праекта выбітнага беларускага нацыянальнага дзеяча, архітэктара, які ствараў «беларускі стыль» у архітэктурных формах сваіх праектаў, Лявона Вітан-Дубейкоўскага. Сёння царква ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: strada.by
3. Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Дрысвятах
Самы вядомы з архітэктурных помнікаў у Дрысвятах — Петрапаўлаўскі касцёл, таксама як і стараверскі храм у Відзах, узведзены паводле праекта вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, архітэктара, Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Касцёл быў збудаваны ў 1929 годзе з дрэва, мае рысы стылю мадэрн, але адмыслоўцы сцвярджаюць, што гэты касцёл — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў таго «беларускага нацыянальнага стылю» ў архітэктуры, які і ствараў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Петрапаўлаўскі касцёл у Дрысвятах занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
4. Касцёл Святога Апостала Якуба ў Мілюнцах (Пеліканах)
Асноўнай славутасцю вёскі Мілюнцы з’яўляецца касцёл Св. Апостала Якуба. Гэты храм быў узведзены ў 1907 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны за саветамі храм быў зачынены, у ім было зроблена зернясховішча, пасля тут захоўваліся штучныя ўгнаенні, размешчаны свінарнік. Аднаўленне касцёла пачалося ў 1990 годзе, калі храм быў вернуты вернікам, рэстаўрацыя была завершана ў 1994 годзе. Сёння касцёл можна пабачыць у дастаткова добрым стане, паўнавартасна адноўлены як знешні выгляд, так і інтэр’еры храма.
Фота: planetabelarus.by
5. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля у Опсе
Першы драўляны касцёл у Опсе быў пабудаваны, паводле розных звестак, у XVI–XVII стагоддзі. Наступны быў узведзены ў 1768 годзе, але таксама пацярпеў ад пажару і быў цалкам знішчаны ў 1886 годзе. Праз год з чырвонай цэглы па фундацыі Ядвігі Цеханоўскай быў збудаваны новы касцёл у неагатычным стылі, які захаваўся да нашых дзён. У 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі храм і перарабілі яго пад сховішча. У 1990 годзе касцёл быў вернуты вернікам і дзейнічае па сённяшні дзень. Варта звярнуць увагу на агароджу вакол касцёла, складзеную з цэглы і бутавага каменю, і на плябанію, узведзеныя адначасова з храмам.
Фота: planetabelarus.by
6. Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Далёкія
Упершыню ў пісьмовых крыніцах вёска ўзгадваецца ў 1582 годзе. Месцічы кажуць, што назва вёскі паходзіць ад першых жыхароў паселішча, якія, відаць, пераехалі сюды з далёкіх краёў. Іх пачалі клікаць далячанамі, а вёску Далёкія. Ёсць версіі пра гаспадара мясцовых земляў Далецкага, пра тое, што паселішча першапачаткова размяшчалася ў аддаленасці ад іншых. Так яно ці інакш, відаць, ніколі не даведаемся. Але ўпэўнена можна сцвярджаць, што ў вёсцы Далёкія на маляўнічым узвышшы, парослым соснамі, варта звярнуць увагу на мясцовы касцёл Святога Станіслава — прыклад драўлянага дойлідства, узведзены ў 1930-я гады мінулага стагоддзя ў стылі мадэрн. Касцёл быў асвечаны 1 чэрвеня 1939 года віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Адметна, што касцёл не зачыняўся і падчас Другой сусветнай вайны, і за савецкай уладай.
Фота: planetabelarus.by
7. Касцёл Святой Тройцы ў Плюсах
Напрыканцы XVIII стагоддзя гаспадары маёнтка Плюсы фундавалі будаўніцтва тут першага драўлянага касцёла Святой Тройцы. Тагачасны касцёл неаднаразова цярпеў ад пажараў і да нашых дзён не захаваўся. Сёння ў Плюсах мы можам пабачыць велічны мураваны храм, пабудаванны напачатку ХХ стагоддзя ў неараманскім стылі, што з’яўляецца не зусім тыповым для таго перыяду, бо большасць храмаў на той час на тэрыторыі Беларусі ўзводзілася ў неагатычным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі касцёл, будынак якога перарабілі спачатку пад школу, пасля пад краму. У 1989 годзе храм быў вернуты вернікам, якія яго аднавілі. Касцёл дзейнічае па сёння і з’яўляецца архітэктурным помнікам, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: glubinka.by
8. Касцёл Божага Провіду ў Слабодцы
Храм у Слабодцы часта называюць яшчэ касцёлам Сэрца Езуса. Ён узведзены на высокім узгорку і бачны з розных куточкаў Браслаўшчыны. Гісторыя яго пачалася ў 1800 годзе, калі тагачасны гаспадар Слабодкі Станіслаў Мірскі фундаваў тут пабудову мураванага касцёла. Храм прастаяў каля ста гадоў, але парафія пашыралася і той касцёл ужо не змяшчаў такую вялікую колькасць вернікаў. Таму ў 1901 годзе па ініцыятыве ксяндза Юзафа Шымовіча распачалося ўзвядзенне новага касцёла, які ў 1903 годзе быў асвечаны ў гонар Божага Провіду. Гэты касцёл з’яўляецца асноўнай архітэктурнай перлінай Слабодкі і сёння. Са старога касцёла ў новы былі перанесеныя дзве памятныя шыльды ў гонар фундатараў першага касцёла — Станіслава Мірскага і ягонай жонкі Станіславы.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Божага провіду — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Храм пабудаваны ў неараманскім стылі з элементамі готыкі. Аўтэнтычная аздоба інтэр’еру касцёла не захавалася, ён распісаны ў другой палове ХХ стагоддзя віцебскімі майстрамі раслінным арнаментам і біблейскімі сюжэтамі.
Вельмі адметны роспіс, які варта пабачыць, бо, пэўна, у Беларусі ён такі адзіны. Мастацкую каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі ўсіх вонкавых дзвярэй касцёла, выкананыя мясцовым кавалём, іх асаблівасць у тым, што ніводная з аздобаў не паўтараецца.
Фота: planetabelarus.by
З 1903 года касцёл дзейнічаў увесь час, нават за савецкай уладай. У лістападзе 1949 года савецкая ўлада зрабіла там зернясховішча, але неўзабаве касцёл зноў пачаў дзейнічаць. Месцічы кажуць, што не без умяшальніцтва мясцовай здані колішніга пробашча Мечыслава Акрэйца, забітага ў 1942 годзе за тое, што хаваў мясцовых яўрэяў ад нацыстаў у суседнім браслаўскім храме. Паводле мясцовай легенды, прывіда ксяндза і спужаўся міліцыянт, які прыйшоў на дапамогу вартаўнікам зерня. Пра здарэнне было дакладзена вышэй, і касцёл у 1953 годзе зноў вярнуўся да вернікаў.
Фота: planetabelarus.by
9. Касцёл Божага Цела ў Іказні
На месцы ранейшага драўлянага касцёла ў Іказні, дзе хрысцілі вядомага скульптара Генрыха Дмахоўскага, у 1905–1912 гг. быў узведзены новы мураваны велічны будынак, які мы можам пабачыць у вёсцы сёння. Храм Божага цела ў Іказні — адна з нешматлікіх беларускіх бажніцаў, дзе найбольш паслядоўна вытрыманы неараманскі архітэктурны стыль.
Візуальна храм цікавы тым, што дзеля ягонага ўзвядзення выкарыстоўваўся натуральны камень, які візуальна дадае будынку манументальнасці, магутнасці.
Сёння касцёл Божага цела ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Ля касцёла ў Іказні можна пабачыць магілу ксяндза Міхала Буклярэвіча, які быў ініцыятарам узвядзення мураванага касцёла. Ён чытаў казані па-беларуску і ўсяляк падтрымліваў беларускую культуру. У 1919 г. ён стаў адным з арганізатараў сялянскага паўстання супраць бальшавіцкай улады. Пасля паразы так званага «зялёнага паўстання» святара і ягоную сястру расстралялі.
Каталіцкі храм у Іказні за савецкім часам быў зачынены і ператвораны ў зернясховішча. Толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам ды адноўлены. Разам з храмам аднавілі і надмагілле ксяндза Буклярэвіча і ягонай сястры.
Фота: bytravelling.by
10. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе
Першыя звесткі пра каталіцкі храм у Браславе датуюцца ХV стагоддзем, калі на Замкавай гары ваявода віленскі і стараста браслаўскі Войцех Манівід фундаваў узвядзенне першага драўлянага касцёла Маці Божай. Касцёл не аднойчы цярпеў ад пажараў, апошні раз падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай касцёл працягваў дзейнічаць, але ўжо не змяшчаў усіх вернікаў, таму ў 1824 годзе ля Замкавай гары быў узведзены новы мураваны храм. Пасля пажару ў 1832 годзе, які знішчыў базылянскі кляштар на выспе возера Неспіш, што за 3 км ад Браслава, у касцёл быў перанесены абраз Маці Божай Браслаўскай, «Валадаркі азёраў», які захоўваецца і сёння ва ўжо перабудаваным у 1897 годзе ў неараманскім стылі будынку. У знешнім аздабленні касцёла варта звярнуць увагу на захаваную ад папярэдняга храма «разынкавую муроўку» з больш буйных камянёў, праслоеных дробнымі каменьчыкамі, якія сапраўды нагадваюць разынкі.
Ля касцёла можна пабачыць магілу пробашча Мечыслава Акрэйца, расстралянага нацыстамі ў 1942 годзе за тое, што хаваў яўрэяў у будынку касцёла. За савецкай уладай, у 1950 годзе касцёл ператварылі у сховішча збожжа, ён быў вернуты парафіянам праз два гады, але пераслед вернікаў працягваўся да 1990-х. Сёння касцёл адрэстаўраваны і дзейнічае, у алтары і зараз захоўваецца асноўная рэліквія — цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org