Зрабілі для вас агляд самых цікавых (па нашай версіі, вядома) кніг, якія былі выдадзены ў 2023 годзе, і безумоўна, вартыя таго, каб быць прачытанымі. Тут знойдзеце не толькі навінкі ад беларускіх выдавецтваў, але таксама і неўміручую класіку!
Сучасная проза:
Валянцін Акудовіч. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»
Ці не самы чаканы «баявік» у прамінулым годзе – твор, які раней друкаваўся фрагментамі ў часопісе «Дзеяслоў» цяпер дасяжны пад адной вокладкай. Валянцін Васільевіч назваў свае ўспаміны пра пераломны час, калі бурылася савецкая імперыя і нараджалася незалежная Беларусь, «хронікамі беларускага інтэлектуала». І гэта цалкам адпавядае зместу.
Бо на чатырох сотнях старонак даволі падрабязна распісана, як беларускія творцы фактычна з нуля стваралі актуальную беларускую культуру. Найперш, вядома, літаратуру – бо з яе і паўстае любая нацыя. Аўтар быў добра знаёмы ці не з усімі культуртрэгерамі таго часу, таму яму ёсць аб чым расказаць. Бо, як піша сам жа Акудовіч, «спачатку пісьменнік цікавы тым, што ён сам піша, а пазней тым, што пра яго пішуць іншыя».
Летась таксама была перавыдадзеная дэбютная кніга Валянціна Акудовіча «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», якая пабачыла свет чверць стагоддзя таму і спарадзіла цэлую плеяду мемаў пра ейнага аўтара.
Выдавецтва «Логвінаў»
Альгерд Бахарэвіч. «Хлопчык і сьнег»
Ці не самы лепшы стыліст у беларускай літаратуры наш,ага часу летась парадаваў сваіх чытачоў цэлымі трыма новымі кнігамі. Сярод іх наш, так бы мовіць магчымы адказ папулярнаму расейскаму серыялу «Слова пацана».
«Хлопчык і сьнег» – вельмі хораша напісаная кніга пра дзяцінства і юнацтва аўтара, якое прыпала на часы застою. Даволі цікавае чытво найперш для тых, хто ні ў якім выглядзе не заспеў той пары праз узрост.
Тыя ж, хто рос хаця б недзе побач – не без лёгкай настальгіі прыгадаюць часы, калі дзеці гулялі ў вайнушку ды распавядалі адно аднаму страшылкі.
Выдавецтва «Янушкевіч»
Уладзімер Арлоў. «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча»
Сёлета класік гістарычнай літаратуры парадаваў чытачоў выхадам працягу папулярнай кнігі «Айчына», якая пабачыла свет дзякуючы беластоцкаму фонду «Камунікат», дзе апошнім часам у пісьменніка ўжо выйшла некалькі кніг.
У даволі лаканічнай форме, а таксама простай мовай, Уладзімер Арлоў распавядае аб асноўных, можна смела казаць лёсавызначальных момантах нашай гісторыі ў 19 стагоддзі, калі ўласна і фармавалася мадэрная беларуская нацыя. Будзе карысна тым, хто з нейкіх прычынаў або прапусціў гэта ўсё, або наогул раней ніяк не цікавіўся.
Адметна, што ў канцы кожнага раздзелу ёсць пытанні, якія апамагаюць засвоіць матэрыял.
Выдавецтва: Фонд «Камунікат»
Чытайце падрабязней:
Алесь Аркуш. «Тэстамент Рагвалода»
Гэтым разам пад адной вокладкай пабачылі свет адразу тры творы пладавітага пісьменніка – міні-раманы «Захоп Беларусі марсіянамі» і «Сядзіба», а таксама апавяданне, якое ўласна і дало назву гэтай кніжцы прозы.
Раманы ўжо выходзілі раней асобнымі кнігамі. У першым падзеі адбываюцца ў двух часавых вымярэннях – вірлівых 20-х гадах, а таксама ў наш час. Там, дзе пра мінулае, ідзецца аб тым, як Алесь Дудар спрабаваў стварыць у Полацку мясцовую філію «Маладняка» І гэта вельмі важна, бо летась гэтай легендарнай арганізацыі споўнілася 100 гадоў ад моманту заснавання.
У нашым часе паказваецца будзённае жыццё правінцыйнага журналіста, які неабыякавы да метафізікі. Нейкім містычным чынам той наладжвае сувязь з Вацлавам Ластоўскім, аўтарам знакамітай гатычнай аповесці «Лабірынты», якая была напісана і апублікавага таксама сто гадоў таму.
Магістральная тэма ўсіх трох твораў – старажытны Полацк і яго пакручастая гісторыя. Добры прыклад рэгіянальнай літаратуры, якая факусуецца найперш на сваім матэрыяле, не забываючыся прыгэтым і на нацыянальны маштаб.
Выдавецтва «Скарынічы»
Валер Гапееў. «Вольнеры. Прадвесце»
Яшчэ адзін твор ад пісьменніка, які ў апошнія гады надае асаблівую ўвагу беларускай міфалогіі. Звычайныя беларускія школьнікі, спрабуючы развязаць уласныя праблемы, бяруцца за вырашэнне глабальных пытанняў. Будзе цікава тым, хто любіць фэнтэзі з нацыянальным каларытам, то бок не проста выдуманае з галавы, а створанае на падставе нашай даўняй і глыбокай культуры.
Выдавецтва «Янушкевіч»
Класіка:
Якуб Колас. «На ростанях»
Выдавецтва «Папуры» летась парадавала чытача выхадам шэрагу класічных твораў, сярод якіх «нятленка» нашага песняра аб пакручастай жыццёвай долі вясковага настаўніка. Здавалася б, твор са школьнай праграмы наўрадці можа нечым здзівіць, але гэта не зусім так.
Каб лепей разумець час і месца, дзе мы знаходзімся, а таксама народ, да якога належым, трэба чытаць класіку. Да ўсяго, гэта не проста самы аб’ёмны празаічны твор у Коласавай бібліяграфіі, але і найбольш працяглы па часе стварэння. Бо першыя главы пісьменнік пачаў пісаць на пачатку 20-х гадоў, а скончыў незадоўга да сваёй смерці.
Па самім тэксце, дарэчы, можна заўважыць, як змяняліся савецкія наратывы – калі на пачатку твор мае выразныя рысы «вольнадумства», то пад канец бачым ужо схематызм ды клішэ.
Выдавецтва «Папуры»
Кузьма Чорны. «Збор твораў у 12 тамах. Том 1»
Летась мы мелі яшчэ адну значную дату – сто гадоў таму дэбютаваў у друку са сваім першым апавяданнем Мікалай Раманоўскі, які вядомы кожнаму школьніку па псеўданіме Кузьма Чорны.
Дастаткова ўзяць у рукі гэты том, каб пераканацца – ужо ад пачатку было ясна, што пісьменнік стане класікам. Бо літаральна з першых апавяданняў бачная ягоная цікавасць да чалавечай псіхалогіі і матывацыі ўчынкаў, а таксама жаданне ўнікаць схематызму.
На пяці сотнях старонак апублікаваныя творы, што былі напісаны ў першай палове 20-х гадоў, калі творцы пачуваліся адносна вольна і маглі шмат чаго сабе дазволіць.
Выдавецтва «Беларуская навука»
Яўгенія Пфляўмбаўм. «Сонца»
«Сонца» Яўгеніі Пфляўмбаўм. Крыніца – інстаграм-старонка выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».
Летась адбылося таксама вяртанне ў сучаснасць яшчэ адной падзабытай літаратурнай зоркі з вірлівых 20-х. Яўгенія Пфляўмбаўм разам з Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай складалі касцяк жаночай секцыі памянёнага «Маладняка». Імі захапляліся і натхняліся.
Нашая гераіня стала жонкай Максіма Лужаніна – таксама «маладнякоўца» і вядомага беларускага пісьменніка, які паспеў нават пабыць у ролі сакратара Якуба Коласа. Больш за паўстагоддзя Яўгенія Пфляўмбаўм не друкавалася, але старанна пісала «у стол», давяраючы паперы ўсё самае патаемнае. І спаліла б свае вершы, каб не перашкодзіў шчаслівы выпадак. У зборніку «Сонца» ўпершыню паяднана ўсё лепшае, што стварыла паэтка.
Выдавецтва «Пфляўмбаўм»
Вацлаў Ластоўскі. «Мовазнаўчыя працы»
Беларускі пісьменнік ды перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі сабраў і уклаў пад адной вокладкай навуковыя працы Вацлава Ластоўскага.
Як вядома, Власт вельмі актыўна цікавіўся не толькі гісторыяй, але і мовазнаўствам. Цягам 15 гадоў, з 1912 па 1927 ён напісаў больш за сем дзясяткаў артыкулаў і нататак рознага аб’ёму і значэння, якія былі хаатычна раскіданыя па розных выданнях тых часоў. І калі неабыякаваму да мінуўшчыны чалавеку не складае асаблівай цяжкасці перачытаць выдываны ім у Коўне часопіс «Крывіч», якога выйшла ўсяго 12 нумароў, то адшукаць нешта ў «Нашай Ніве» выглядае праблематычна.
Цяпер, дзякуючы лонданскаму выдавецтву Skaryna Press, цікаўным да развіцця беларускай мовы дастаткова ўсяго толькі набыць кнігу, якая стане прыемным бонусам да знакамітага Властавага слоўніка і дазволіць лепей зразумець ягоную асобу.
Выдавецтве Skaryna Press
Алесь Разанаў. «З маланкаю ў сэрцы»
Кніга твораў аднаго з самых вядомых і ўплывовых паэтаў нашага часу, які пайшоў з жыцця ў 2021 годзе, пабачыла свет летась у выдавецтве «Папуры».
Алесь Разанаў – сапраўдная легенда беларускай паэзіі, пры чым не проста паэт, але разам з тым сапраўды мысляр і візіянер. Ён не толькі складаў вершы, але ствараў у літаратуры новыя жанры і формы. Уласна з імі і можна будзе пазнаёміцца, калі ўзяць у рукі гэты густоўна аформлены томік.
Найперш будзе цікава ўсім, хто ведае, што вершы гэта не толькі пра рыфму, але таксама і пра рытм, ідэю і вобразы…
Выдавецтва «Папуры»
Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Алесь Аркуш: Беларуская літаратура жыве. Часовыя геаграфічныя перамяшчэнні – неістотныя