У выдавецтве Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Люблін, Польшча) выйшла з друку манаграфія драматурга і літаратуразнаўцы Сяргея Кавалёва «Беларуская літаратура перыяду трансфармацыі. Абрысы замглёнага краявіду», піша bellit.info. Як тлумачыць сам аўтар у сацсетках, гаворка ў працы ідзе пра літаратуру ў перыяд з 1985 па 2020 гады.
У кнізе разглядаюцца асобныя жанры (паэзія, проза, драматургія, эсэістыка і крытыка), творчыя індывідуальнасці (Кастусь Тарасаў, Алег Бембель (Зьніч), Сяргей Дубавец, Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Вялянцін Акудовіч, Макс Шчур, Альгерд Бахарэвіч і інш.), выкарыстоўваюцца розныя літаратуразнаўчыя метадалогіі (даследаванне аўтарскіх стратэгій і траекторый, геапаэтыка, кампаратывістыка і інш.).
Кніга неўзабаве мае з’явіцца ў продажы на сайце выдавецтва Wydawnictwo.umcs.eu.
Змест кнігі:
Уводзіны
І. Маніфесты, праграмы, дэкларацыі
- Маніхвэст Тутэйшых і адлюстраванне ідэйна-эстэтычнай праграмы «Тутэйшых» у афіцыйным друку
-
Новая культурная сітуацыя: ідэйна-эстэтычныя праграма адроджанай «Нашай Нівы»
ІІ. Паэзія, проза, драматургія
- Апостал нонканфармізму: ранні перыяд творчасці Зьніча (Алега Бембеля)
-
Карабель у бурлівым моры часу: раман Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд»
-
Прарок — блазен — легенда: аўтарская траекторыя Анатоля Сыса
-
Полацк — Вільня — Масква... Паэтычныя і біяграфічныя вандроўкі Алега Мінкіна
-
Канцэпт свабоды ў сучаснай беларускай паэзіі (на матэрыяле праекту «Радыё Свабоды» Верш на свабоду)
-
Беларускі патрыятызм рускамоўнай прозы: раман-фэнтэзі Нікі Ракіцінай «Гонитва»
-
Таямніца Імаверскай Кнігі: раман Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
-
Вобраз краіны і грамадства ў люстэрку сучаснай драматургіі (на прыкладзе п’ес «Экспонаты» Вячаслава Дурнянкова, «Слава Героям» Паўла Ар’е, «Опиум» Віталія Каралёва)
ІІІ. Эсэістыка, крытыка, літаратуразнаўства
- Беларусы ў Парыжы: версія Альгерда Бахарэвіча
-
Беларускі Сізіф у люстэрку часу: хронікі Валянціна Акудовіча
-
На памежжы крытыкі і літаратуразнаўства: культурны градыент Ганны Кісліцынай
-
Адкрывальнік новых імёнаў: рунь Арнольда Макміліна
-
Біяграфічны нарыс з элементамі літаратуразнаўства: Андрэй Мельнікаў пра Анатоля Сыса
Заключэнне